95-гадовы юбілей адсвяткаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кіраўчанін Васіль Буслаў

95-гадовы юбілей адсвяткаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кіраўчанін Васіль Буслаў

Буселау

Буселау-2

З віншаваннямі і падарункамі з нагоды 95-гадовага юбілею ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Антонавіча Буслава завіталі старшыня райсавета дэпутатаў Галіна Слабоднікава і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская.

Учора адсвяткаваў свой 95-гадовы юбілей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Антонавіч Буслаў. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, Васіль Антонавіч заўсёды ў курсе па­дзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, вобласці, раёне. Ветэран заўсёды прымае запрашэнне на праводзімыя ў раёне значныя мерапрыемствы, і, да слова, рады, калі сустракаецца з моладдзю, бо свой пасляваенны працоўны шлях ён прысвяціў менавіта выхаванню юнакоў і дзяўчат, выкладаў у школе. 

Родам Васіль Антонавіч Буслаў з в.Сычкава Бабруйскага раё­на. Яго бацькі былі простымі працавітымі сялянамі, якія ў любові і клопаце выхоўвалі шасцёра сваіх дзяцей. Калі старэйшы брат пайшоў вучыцца ў Тамбоўскае ваеннае вучылішча, Васіль вельмі яму зайздросціў і сам марыў пасля заканчэння школы стаць ваенным. Магчыма б, так і было, але пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая загубіла надзеі мільёнаў савецкіх юнакоў і дзяўчат…
Як успамінае Васіль Антонавіч, па ўзросту ён з сябрамі яшчэ не падыходзіў да прызыву ў рады Чырвонай Арміі, таму давялося застацца на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Яго разам з аднавяскоўцамі немцы ганялі на прымусовыя работы: займаліся нарыхтоўкай дроў, на чыгуначнай станцыі наразалі шпалы і грузілі іх у вагоны.
Думка аб тым, што ненавісны вораг гаспадарыць на іх роднай зямлі, не давала Васілю і яго сябрам спакою. Аднойчы юнак даведаўся, што ў клічаўскіх лясах дзейнічае партызанскі атрад, ён цвёрда вырашыў папоўніць рады барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Калі ўдалося звязацца з партызанамі, хлопцы пачалі перадаваць у атрад розныя дадзеныя аб немцах.
— У 1942 годзе гітлераўцы вельмі лютавалі, — успамінае Васіль Антонавіч, — сталі вывозіць моладзь на прымусовыя работы ў Германію. Мы з сёстрамі вырашылі пайсці ў партызанскі атрад, але, на жаль, адну з сясцёр схапілі і вывезлі на Нямеччыну. З другой сястрой мы апынуліся ў партызанскім атрадзе №277, якім камандаваў Ігнат Ізох. Жылі ў зямлянках, у кожнай па некалькі дзясяткаў чалавек.
Васіля Буслава ў партызанскім атрадзе накіравалі ў групу падрыўнікоў. Ветэран і сёння да дробязей памятае баявыя вылазкі, калі разам з таварышамі знішчалі цягнікі з варожай тэхнікай і салдатамі. Свае аперацыі падрыўнікі праводзілі на чыгунцы Бабруйск—Асіповічы.
Пазней Васіля Антонавіча прызначылі камандзірам мінамётнага аддзялення. Разам з саслужыўцамі ён часта рабіў засады, і пасля такіх аперацый запас зброі вызваліцеляў папаўняўся новымі трафеямі…
— Аднойчы, — расказвае далей Васіль Антонавіч, — давялося нам выйсці на баявое заданне на чыгунку, разам з намі ўдзел у ім прымала і група кіраўскіх хлопцаў. І вось, калі мы ўжо амаль дайшлі да Асіповіч, з’явіліся фашысты, завязаўся бой. Ворагі паспрабавалі ўзяць нас у кальцо, але мы змаглі выйсці з акружэння і пераправіцца цераз Беразіну; на жаль, кіраўскую групу ўзялі ў палон і потым усіх расстралялі…
28 чэрвеня 1944 года партызанскі атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі 323-й Бранскай стралковай дывізіі, разам вызвалялі Мінск, Гродна, іншыя населеныя пункты. У баях за вызваленне Польшчы Васіль Антонавіч быў паранены і трапіў у шпіталь.
Пасля выпіскі Васіля Буслава накіравалі ў 418-ы полк сувязі, затым — у 109-ы асобны Ваўкавыскі Чырвонасцяжны ордэна Аляксандра Неўскага полк сувязі. На вызваленай ад фашыстаў зямлі байцы гэтага палка займаліся рамонтам і ўстаноўкай мастоў, кабельных ліній. Памятае Васіль Антонавіч, як аднойчы давялося ехаць на цягніку амаль два тыдні, каб адрамантаваць мост у Днепрапятроўску.
Доўгачаканую Перамогу В.А.Буслаў сустрэў у Мінску, з гэтай нагоды ён атрымаў 9-дзённы водпуск, падчас якога змог паехаць дадому, каб сустрэцца са сваімі бацькамі, братам і сёстрамі.
Дэмабілізаваўся Васіль Буслаў 28 лютага 1947 года. Яго баявы шлях адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені, медалём “За адвагу”.
Вярнуўшыся дадому, Васіль Антонавіч пайшоў працаваць начальнікам піянерскага лагера, які размяшчаўся ў Бабруйскім раёне. Затым была вучоба на курсах рэвізораў у Мінску, потым — у Маскоўскім інстытуце гандлю імя Пляханава, дзе скончыў два курсы. У 1948 годзе яго накіравалі працаваць у Кіраўск. Сюды ён прыехаў разам з жонкай, Валянцінай Іванаўнай, якую запрасілі на работу ў СШ №1 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. З гэтага моманту жыццё Буславых цесна звязана з Кіраўшчынай.
Сваё сапраўднае прызванне Васіль Антонавіч знайшоў у выкладчыцкай рабоце: працаваў настаўнікам у Міхалёўскай школе Бабруйскага раёна, калі перавёўся ў наш раён, выкладаў у Капусцінскай школе, а затым — у СШ №1.
У 1952 годзе ён паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педінстытута імя Чкалава на гістарычны факультэт. У 1960 годзе В.А.Буслаў становіцца дырэктарам Кіраўскай вячэрняй школы рабочай мола­дзі. Гэтай рабоце прысвяціў 25 год свайго жыцця. Дарэчы, ён і зараз памятае прозвішчы многіх сваіх вучняў, асабліва тых, хто скончыў вячэрнюю школу з адзнакай.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак В.А.Буслаў амаль 9 год узначальваў раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў. Працоўны шлях Васіля Антонавіча адзначаны медалём “За доблесную працу”, шматлікімі граматамі і дыпломамі.
Васіль Антонавіч і зараз застаецца чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі, абавязкова ў якасці выбаршчыка прымае ўдзел ў выбарах. Вось і сёлета, як адзначыў ветэран, 18 лютага, у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў
28 склікання, абавязкова пойдзе на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за дастойнага кандыдата. Васіль Антонавіч лічыць, што жыць у краіне і не прымаць удзел у палітычным жыцці, калі маеш такое права — няправільна.
Варта адзначыць, што педагагічная сям’я Буславых не толькі дала пуцёўку ў дарослае жыццё тысячам кіраўскіх юнакоў і дзяўчат, навучыла іх любіць родную мову, Радзіму, свой край, гэтаму яны навучылі і сваіх дзяцей, унукаў. Дачка Вера пайшла па слядах сваіх бацькоў: выкладае замежную мову, сын стаў высокакваліфікаваным інжынерам. Адзінае, што крыху засмучае бацькоў — жывуць іх дзеці далёка ад роднага дома: Уладзімір — у Севастопалі, а Вера — у падмаскоўным Троіцкім. Але штодня яны тэлефануюць маці і бацьку, цікавяцца іх здароўем, і пры першай магчымасці спяшаюцца ў Беларусь.
2 лютага, калі Валянціна Іванаўна святкавала свой дзень нараджэння, у іх доме не змаўкаў тэлефон: дзеці, ўнукі, праўнукі спяшаліся павіншаваць дарагога і любімага чалавека.
Варта адзначыць, што сёлетні год для сям’і Буславых — асаблівы: акрамя 95 гадовага юбілею гаспадара дома, 9 мая, у Дзень святкавання Вялікай Перамогі, гэтыя цудоўныя лю­дзі адзначаць Раскошнае вяселле — 70 год сумеснага жыцця. Згодна трактоўцы, такі шлюб — пасланне нябёсаў.
Зычым Васілю Антонавічу і Валянціне Іванаўне здароўя, доўгіх гадоў жыцця і сямейнай пяшчоты!
Людміла СЯМЁНАВА.

Последние новости

Кировск — здоровый город

Прививка поможет защититься

19 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Огонь повредил дом

19 апреля 2024
В Комитете госконтроля

Рассмотрели вопросы жизнедеятельности населения

19 апреля 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

19 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Акцыя «Разам з мастацтвам» на Кіраўшчыне

19 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан были решены

18 апреля 2024
Кировск — здоровый город

Школа – территория здоровья

18 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Замени старую электропроводку

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Дом – не зона конфликта

18 апреля 2024

Рекомендуем

В стране и мире

Лукашенко: миролюбивая Беларусь нужна и России, и Украине, но “Зеленский начинает нас цеплять”

8 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Безопасность движения

15 апреля 2024
Общество

Житель агрогородка Барсуки Кировского района осужден по части 2 статьи 205 Уголовного Кодекса Республики Беларусь

13 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

12 апреля 2024
Общество

На заседании cовета Кировского районного объединения профсоюзов был рассмотрен ряд вопросов, касающихся деятельности организации

9 апреля 2024
За здоровый образ жизни

Пьедесталы штурмуют тяжелоатлеты

7 апреля 2024