Самыя меткія — рассветаўцы
Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны на базе філіяла “Кіраўскі прафесійны ліцэй” Жыліцкага сельгаскаледжа прайшлі раённыя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі ў залік круглагадовай спартакіяды калектываў фізічнай культуры. А гэтым расказаў старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба раёна Віктар Бялянаў.
Барацьба аказалася ўпартай. У камандным заліку з 10 зборных, якія прынялі ўдзел у спаборніцтвах, найлепшы вынік паказалі стралкі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Другую пазіцыю заваявалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкакма, трэцяе месца падзялілі паміж сабой спартсмены, якія прадстаўлялі фізкультурна-спартыўны клуб раёна і цэнтральную райбальніцу.
У асабістым заліку сярод мужчын два першыя месцы — за рассветаўцамі: больш за ўсіх “выбіў” Алег Шапавалаў, другі вынік паказаў Яўген Пішчалін. Трэцяя пазіцыя ў прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юрыя Сафронава.
Жанчыны-стралкі размеркаваліся згодна ранжыру наступным чынам: Кацярына Смірнова (ААТ “Дабасняенскае”), Наталля Бацян (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама), Жанна Белаглазава (цэнтральная райбальніца).