“Мы станавіліся ў горы дужэйшымі…”

 “Мы станавіліся ў горы дужэйшымі…”

Русецкий-2

 

90-гадовы Уладзімір Русецкі з Кіраўшчыны: вязень, якому пашчасціла выжыць, земляроб, які стаў “фізікам”, тэхнік-механік, які ў душы — лірык.

 У гэтыя апошнія чэрвеньскія дні рыхтуецца сустрэць сваё 90-годдзе Уладзімір Фёдаравіч Русецкі.  Ураджэнец вёскі Гарадзец, што на Кіраўшчыне, які аказаўся вельмі цікавым субяседнікам, прайшоў вялікі жыццёвы шлях, на якім было шмат чаго: рана застаўся без бацькі, падлеткам перажыў жахі вайны, быў вязнем фашысцкага засценку, потым прайшоў доўгую і слаўную працоўную дарогу, якая доўжылася паўстагоддзя. Яго гаспадарлівасці і акуратнасці, памяці і разважлівасці ў такім паважаным узросце маглі б па-добраму пазайздросціць многія з прадстаўнікоў сённяшняга маладога пакалення. Добразычлівы і адкрыты, са збялелай ад часу галавой, нябёсна-блакітымі вачыма і шчырай усмешкай, за размовай ён паспеў шмат чаго расказаць, але адчувалася, што мог гаварыць пра сваё жыццё яшчэ і яшчэ. І часам, слухаючы яго, лавіў сябе на думцы і шкадаваў, што газетны фармат, на жаль, не можа ўмясціць нават частку гэтых цікавых успамінаў. Пра басаногае дзяцінства, шчырую любоў да роднага краю, прыроду, пра перажытыя ў зусім юным узросце страшныя гады вайны і фашысцкі засценак, пра пасляваенныя беднасць і галечу і адначасова радасныя і шчаслівыя мірныя дні, пра аднаўленне разбуранай гаспадаркі, пра ўзаемныя павагу людзей адзін да аднаго і асабістае каханне, пра шчырую працу тых, хто працаваў побач…

“Застаешся ў свае 9 год за гаспадара!..”

Пра дзяцінства Уладзімір Фёдаравіч ўспамінае дваяка: і з цеплынёй, і адначасова з жалем. У вялікай і дружнай сям’і Русецкіх дзяцей было шасцёра. Валодзя — адзіны хлопчык і амаль самы малодшы. Гарадзецкія мясціны, тыя непаўторыя лясныя краявіды — векавыя дубы, грыбныя палянкі, палявыя сцяжынкі, рэчка Сушка, дзе так любіў вудзіць рыбу, — і сёння ўспамінаюцца з асаблівымі радасцю і замілаваннем. Маці Марыя Іванаўна даглядала дзяцей, вяла гаспадарку. Усю сям’ю забяспечваў яе галава Фёдар Арцёмавіч, які працаваў начальнікам на лесасплаве.

Русецкий-3

1937 год, на фота — яшчэ ўся сям’я разам. Каля бацькі — Уладзімір Русецкі.

Першая трагедыя ў сям’ю Русецкіх прыйшла ў 1935-м. На той момант яны жылі ў суседніх з Гарадцом Каршуках, дзе бацька “паставіў” новую хату. Як кажуць, са свайго мазаля займелі гаспадарку, якая дапамагала пракарміцца. Мелі каня, дзвюх кароў, касілку, конную жатку, вясковы інвентар, невялікі надзел зямлі. Арганізацыя калгасаў у 30-х гадах мінулага стагоддзя катком прайшлася па такіх гаспадарах — усе трапілі пад гэтак званае “раскулачванне”. Аднойчы прадстаўнікі ўлады прыйшлі і да Русецкіх… Толькі гаспадаркай канфіскацыя не абышлася: хату забралі пад калгасную бухгалтэрыю, стопку — пад склад. А сям’я з 8-мі чалавек аказалася на вуліцы без анічога…

Давялося перабрацца зноў у Гарадзец у старую хатку, якую будаваў яшчэ прадзед Валодзі і дзе саграваліся з дапамогай глінянай печы. Фёдар Арцёмавіч яшчэ 2 гады шчыраваў на лесасплаве, пакуль не прыйшла новая бяда. Хваля сумна вядомых масавых арыштаў у канцы 30-х (як мы ведаем з гісторыі, у пераважнай большасці ні ў чым не павінных людзей) дакацілася і да Гарадца. Пад кола рэпрэсій трапіў і старэйшы Русецкі.

— Толькі за адзін той раз, — успамінае Уладзімір Фёдаравіч, — у Гарадцы арыштавалі 9 чалавек, у тым ліку бацькавых братоў. А наогул былі яшчэ рэпрэсіраваны родзічы і па мацярынскай лініі. Мне, 9-гадоваму хлапчуку, на ўсё жыццё запомніўся эпізод, калі забіралі бацьку. Я тады прыбег радасны з рыбалкі, бо пашчысціла злавіць даволі вялікую рыбіну. А дома — і бацька з маці, і старэйшыя сёстры засмучоныя, а трое нейкіх чужых людзей ў ваеннай форме і ў штанах з лапмасамі (так званая “тройка” НКУС) праводзяць вобыск. Што шукалі — невядома, толькі нічога не знайшлі. Я кажу: “Тата, глядзі, якую я рыбіну злавіў!”. А ён, неяк сумна ўсміхнуўшыся, пацалаваў мяне са словамі: “Цяпер ты, Валодзька, не толькі рыбак. Ты застаешся за гаспадара…”. Потым абняў і пацалаваў маці і сясцёр, і больш мы яго не ўбачылі. Бацьку далі 8 гадоў, аб’явіўшы “ворагам народа”, і адправілі ў Сібір, пад Кемерава. Толькі адно пісьмо і паспеў прыслаць потым. Да свайго вызвалення так і не дажыў — памёр праз 6 гадоў. Усяго 40 год яму было. Потым, як і многія іншыя, быў рэабілітаваны, але што з таго: маці засталася адна з шасцярмі дзецьмі…

“Вайна стаіць і сёння ў вачах…”.

А наперадзе чакалі яшчэ больш страшныя і доўгія выпрабаванні. Дзень 22 чэрвеня 1941 года ва Уладзіміра Русецкага стаіць перад вачыма і сёння. І зноў гаворыць герой гэтых радкоў:

— То была нядзеля. Я толькі-толькі скончыў 6 класаў, пачаліся канікулы. Праз 6 дзён мне павінна споўніцца 13 год. З цудоўным настроем разам з сябрамі-хлапчукамі адправіліся на рыбалку. І зноў, як і ў той сумны дзень, калі забіралі бацьку, мне шанцавала. З добрым уловам, радасныя мы вярнуліся дадому. А дома ўсе плачуць… Вайна! З сябрам Сцёпікам пабеглі да сельсавета. А тут шмат народу, і ўсе скіравалі ўвагу на рэпрадуктар, які вісеў на ліпе. Мужчыны з торбачкамі, плач жанчын… Пешай калонай мужчын потым накіравалі на Магілёў для мабілізацыі ў рады Чырвонай Арміі. Большасць з іх не вярнулася…

Першыя дні вайны, са слоў Уладзіміра Фёдаравіча, запомніліся кружачымі над вёскай нямецкімі самалётамі, якія не толькі разведвалі становішча на тэрыторыі, але і “палявалі” за нашымі. На вачах падлетка было некалькі такіх палаючых савецкіх авіямашын, збітых варожымі знішчальнікамі. Ужо праз дзень пасля пачатку вайны ў Гарадцы з’явілася шмат чырвонаармейцаў, якія вымушаны былі адступаць пад націскам ворага. Галодныя, знясіленыя, прасілі хлеба і махоркі… А праз два тыдні вёску акупіравалі немцы і паліцаі. У школе быў размешчаны паліцэйскі гарнізон. Карнікі, сабраўшы жыхароў, абвясцілі аб новым парадку. Потым пачалі адбор камуністаў, камсамольцаў, настаўнікаў — для расстрэлу і адначасова, каб навесці жах на астатніх. Тыя, каго фашысты выявілі, самі потым капалі сабе магілы…

— Немагчыма без болю і слёз успамінаць тыя дні і ночы, — кажа Уладзімір Русецкі. — Вёскі з жыхарамі, як такой, ужо не было — людзі хаваліся ў лесе. Жылі ў куранях, хаваліся ў акопах. З ежы — лебяда, крапіва, заячая капуста. Сярод людзей панавалі малярыя, сухоты, дызентырыя… Пастаянная трывога і боязь, што зловяць немцы. І тыя час ад часу лавілі. Адзін з самых страшных момантаў акупацыі — калі ўся наша сям’я трапіла за калючы дрот: у Бабруйскай турме нам давялося прабыць у нечалавечых умовах каля месяца. Моладзь тут рыхтавалі для адпраўкі ў Германію. Сотні і тысячы смерцяў — ад голаду, хваробаў, катаванняў. Я і дагэтуль здзіўляюся, як усім нам удалося там выжыць і застацца жывымі…

 У 1944-м набліжаўся час вызвалення. Азвярэлыя фашысты, адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі, палілі вёскі разам з жыхарамі, расстрэльвалі людзей. З болем назіраў юнак разам з іншымі, як клубіўся дым над Зеляніцай, Каршукамі, Стражай, Гарадцом. Непадалёк адбылася самая, бадай, жудасная трагедыя ў вёсцы Боркі, якую спалілі акупанты і знічшылі 1800 чалавек. Немцы, баючыся замініраваных партызанамі шляхоў да адступлення, запрагалі мірных людзей у бароны і пускалі іх перад сабой…

Але доўгачаканае вызваленне прыйшло.

— Не стрымаць было радасці, — успамінаеУладзімір Русецкі, — калі ўбачылі савецкія танкі і салдат. Адразу ж з хлопцамі першымі пабеглі да іх. Цалавалі, абдымалі, плакалі… Танкісты пасадзілі нас на адну з бронемашын, далі хлеба. Упершыню за тры гады я ўбачыў сапраўдны хлеб! Трохі пакаштаваўшы, кавалак паклаў за пазуху кашулі, каб занесці сваім…

“У беднасці, затое ў радасці…”

Адразу ж пасля вызвалення вяскоўцы ўзяліся за аднаўленне разбураных вайной гаспадарак, будаўніцтвам зруйнаваных фашыстамі вёсак. Актыўна ўключыўся ў гэты працэс і 16-гадовы Уладзімір. У калгасе “Чырвоны Гарадзец” зямля была настолькі заросшай, што на палях, дзе раней каласілася жыта, параслі нават дрэўцы. Валодзю і тром яго сябрам даручылі коней. Панаходзілі плугі, па чарзе аралі, уздымалі “цаліну”. З астатніх работнікаў — жанчыны, параненыя ды камісаваныя былыя байцы, падлеткі, старыя. Працавалі ўсе, хто мог. Адзін аднаму — талакой — дапамагалі адбудоўвацца. Цяжка, у беднасці, але ў радасці, што на сваёй зямлі і пад мірным небам.

У 1949-м Уладзіміра прызываюць на службу ў армію. Трапіў служыць у Баку, на Каспій, у войскі супрацьпаветранай абароны. Пасада па штатным раскладзе — вельмі  адказная, якая патрабуе спецыяльных ведаў і падрыхтоўкі: аператар радыёлакацыйных сістэм. “Трэба было ведаць закон Ома, а я ведаў толькі закон плуга…”, — усміхаецца Уладзімір Фёдаравіч. Але прыродная  схільнасць да дакладных, тэхнічных навук, працавітасць дапамаглі салдату хутка асвоіць складаную тэхніку. За выдатную службу, выкананне пастаўленых задач ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ. А служба расцягнулася на доўгія 3 з паловай года. Але аб ёй у Русецкага — самыя цёплыя (ва ўсіх сэнсах) ўспаміны: вайна, гора аб’ядналі людзей, і прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей служылі і жылі адной вялікай дружнай сям’ёй, а сам Уладзімір пад паўднёвым сонцам істотна паправіў здароўе, якое пахіснулася за гады нямецкай акупацыі.

Русецкий-1

Паўстагоддзя — у працы

Радасным было вяртанне салдата на радзіму. Хацелася працаваць, маладая энергія біла крыніцай. Перспектыўнага хлопца неўзабаве рэкамендуюць ад райкама партыі на вучобу старшынь гаспадарак. Але Уладімір цвёрда рашыў: не яго гэта — кіраваць іншымі. Вабіла зямля, якой ён быў верны. Хацелася самому працаваць на ёй. Да таго ж, вельмі цягнула да сябе тэхніка. Тым больш, што яна паступова ўдасканальвалася і праца на ёй патрабавала ведаў. У ліку выпускнікоў першага выпуску Бабруйскай школы механізатараў Уладзімір Русецкі атрымаў спецыяльнасць трактарыста-дызеліста, скончыўшы ўстанову на “выдатна”. Вярнуўся ў Баравіцкую МТС, дзе на той час базіравалася тэхніка з розных гаспадарак. Шчыраваў у родным Гарадцы. Штодзень садзіўся за штурвал старэнькага карбюратарнага ДТ-54, апрацоўваў зямлю. Крыху пазней стаў кіраваць трактарнай брыгадай у гарадзецкім калгасе імя Чапаева, дзе на той час мелася 4 трактары. Гул рухавіка Уладзімір палюбіў назаўсёды…

З 1960 года пачынаецца “кіраўская” працоўная біяграфія Уладзіміра Русецкага, якая прадоўжыцца да выхаду на заслужаны адпачынак. Толькі варта заўважыць, што папярднічала гэтаму важная ў жыцці маладога чалавека падзея. Сустрэў аднойчы ён сваё каханне. Прыгажуня-кіраўчанка Раіса гасцявала ў Гарадцы ў свайго дзядзькі, які настаўнічаў у мясцовай школе. А Уладзімір на той час вучыўся ў Бабруйску. Відаць, так было наканавана лёсам, каб маладым трэба было сустрэцца. А праз 2 гады і распісаліся. Крыху пазней жыць вырашылі ў райцэнтры, куды потым Уладзімір перавёз з Гарадца дом. А для самога і месца работы выдатнае знайшлося — па яго стыхіі механіка: у тагачаснай “Райсельгастэхніцы”. Да гэтай арганізацыі, да дружнага яе калектыву, як выявілася потым, “прыкіпеў” Русецкі больш, чым на чвэрць стагоддзя!..

 

На новым месцы Уладзімір пачаў працоўны шлях у якасці слесара маторнага цэху. Давялося асвойваць новыя рухавікі Т-16. Кіраўніцтва хутка заўважыла талковага тэхніка. Вырашылі стварыць брыгаду па рамонце трактароў. Прычым не толькі самой арганізацыі, але і з іншых гаспадарак. З напарнікамі Міхаілам Храмовічам і Міхаілам Лазаковічам даводзілі да ладу па 2-3 трактары ў дзень. Затым быў цэх рэстаўрацыі — свайго роду міні-завод, дзе на балансе было 6 такарных станкоў. Здольны, цікаўны да ўсяго новага, Уладзімір хутка асвоіў і такарную справу, некалькі гадоў працаваў інжынерам-тэхнолагам.

Вянцом дзейнасці, дзе раскрыліся здольнасці Русецкага, у тым ліку і арганізатарскія, стала пасада начальніка абменнага пункта. Немагчыма падлічыць, колькі за доўгія гады работы праз яго ўмелыя рукі прайшло каробак перадач, мастоў, рухавікоў і іншых дэталяў, вузлоў і агрэгатаў — каля 200 найменняў тэхнікі. У Кіраўскую “Райсельгастэхніку” пастаўляліся яны не толькі з Беларусі, а і з іншых савецкіх рспублік. А сама арганізацыя ў гэтыя гады набыла славу на ўвесь былы СССР. Як доказ — 2-е месца ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.

Пасля доўгіх гадоў работы Уладзімір Русецкі не адразу пайшоў на заслужаны адпачынак. Яго ўменні, навыкі, жыццёвы і працоўны вопыт былі вельмі патрэбныя больш маладым калегам — некалькі пакаленняў матарыстаў, токараў, слесараў прадпрыемства лічаць яго сваім настаўнікам. І нездарма ў колах сённяшніх работнікаў, ветэранаў арганізацыі Уладзімір Русецкі лічыцца сапраўднай гісторыяй і гордасцю “Райсельгастэхнікі”.

За доўгі працоўны шлях, які склаў ажно 50 гадоў, герой гэтых радкоў заслужыў вялікую павагу, атрымаў шмат падзяк і добрых слоў. У дамашнім архіве Уладзіміра Русецкага, як сведкі выдатнай працы — шматлікія ўзнагароды. У іх ліку — медалі “Ветран працы”, “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дна нараджэння У.І.Леніна”, знак “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі БССР”, Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР”, безліч іншых Ганаровых грамат і дыпломаў. А сам Уладзімір Фёдаравіч сціпла адзначае, што не дабіўся б поспехаў, калі б не было побач сяброў-калег. З цеплынёй успамінае ветран працы сваіх паплечнікаў: вадзіцеляў Івана Шчэрбіча, Уладзіміра Муху, Канстанціна Пархамовіча, інжынера-прыёмшчыка Уладзімра Шчэрбіча і многіх-многіх іншых, з кім пашчасціла працаваць разам.

І на на рабоце, і дома побач была любая жонка. Раіса Усцінаўна таксама працавала ў “Райсельгастэхніцы” — бухгалтарам. У каханні і згодзе муж і жонка Русецкія прайшлі поруч па жыцці 56 гадоў! Выхавалі дачку і сына, далі дастойную адукацыю. Святлана са сваёй сям’ёй зараз жыве ў Мінску, сям’я сына, таксама Уладзіміра, — у Светлагорску.

Сёння Уладзімір Русецкі жыве ў сваім доме адзін, свята захоўваючы памяць аб жонцы, якая цяпер пазірае на мужа толькі з партрэта — на жаль, не стала яе некалькі год таму. Але адзінокім сябе гэты паважаны пенсіянер ні ў якім разе не лічыць. Дзеці часта прыязджаюць да бацькі, каб дапамагчы, пабыць з ім. Уладзімір Фёдаравіч імкнецца рухацца, не сядзець на месцы. І гэта адразу адчуваецца, як заходзіш у яго дыхтоўны дом, дзе паўсюль відаць умелую руку гаспадара. Праўда, гады, безумоўна, бяруць сваё, і рухацца становіцца ўсё цяжэй. Асабліва трывожаць ногі — верагодны адбітак тых юнацкіх ваенных гадоў, калі ў голадзе і холадзе даводзілася жыць у лясах…

Але нават і тыя лясы, і ўсю тую родную гарадзецкую прыроду, мілыя сэрцу  краявіды і юнацкія гады часта ўспамінае Уладзімір Фёдарваіч. І не проста ўспамінае, а ўвасабляе свае ўспаміны… у вершах. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Адкуль узяўся гэты дар, дзядуля і сам не ведае, толькі ўсміхаецца. “Як пайшоў на пенсію, — кажа, — так і стаў калі-нікалі рыфмаваць тое што памятаю, аб чым успамінаю, а дагэтуль не было калі — працаваць трэба было…”. І, нібыта гледзячы ўдалеч, пачынае чытаць вершаваныя радкі, у якіх цесна перапляліся і шум хваёвага гаю, і пах свежых суніц, і рачныя затокі, і радасны час дзяцінства, і страшныя дні ў палоне… Магчыма, для кагосьці гэтыя вершы і здадуцца недасканалымі з боку літаратурных падыходаў і нормаў, але яны ідуць, льюцца ад душы, з глыбіні, ад сэрца.

Вось такі ён, земляроб, які стаў у свой час “фізікам”, тэхнік, які ў душы вялікі лірык. І няхай з вышыні сумленна пражытых гадоў яго не пакідае здароўе яшчэ доўгі час, а вочы свецяцца радасцю і спакоем…

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара і з сямейнага архіву У.Ф.Русецкага.

 

Роднае

Я ўсё помню свой сад, і дубы векавыя,

Тое свята Каляд, і мясціны грыбныя,

Пад акном ту бярозку, і сцяжынку у полі —

Нам дзяцінства той час не забыцца ніколі.

 

Як каталісь з гары, тыя санкі-крынджолы,

І той шум дзетвары, што імчала са школы,

Тых вясёлых мінут сэрцу радасны час,

І той родны свой кут, і той першы наш клас…

 

Той вясенні разліў, і пах свежай сірэні,

І хлапцоў, разам з кім працавалі на сене,

Тых сасновых бароў, песні ранняй зязюлі,

І ласкавых тых слоў нашай мілай матулі.

 

…Вось няма ўжо вашчыла, і вада ўжо упала.

Бяжыць рэчка санліва, няма шумнага сплава.

Зараслі берагі трасніком ды лазою.

Быццам толькі учора тут гулялі з табою.

 

Ды надзелі масты юных год пераправы.

Там, дзе былі кусты, — зашумелі дубравы.

Дзе цяклі ручайкі, стаяў лес кучаравы,

Той прыродзе назло пракапалі канавы.

 

І балотую воду ўсю сагналі у трубы.

Няма Йванава броду, перасохлі іструбы.

Як раней — тут вясной жураўлі прыляталі —

Для іх лес стаў чужы, і паляны, і далі.

 

Яны доўга кружаць і жалобна варкуюць,

Быццам кажучы нам, што людзям не даруюць…

Нашы людзі, як птушкі, пакідаюць края.

Сніцца ноччу ім Сушка, іх радная зямля.

 

Чутны клёкат буслоў, песні чуюцца ў полі,

І той родны куток не забыць нам ніколі.

Той пары залатой к тым шчаслівым гадам,

Быццам штосьці з табой мы пакінулі там…

 

У тым родным кутку пела песні матуля,

Ў гарусовым платку сустракала з бабуляй.

Праважалі закаты і світанкі ўстрачалі,

Там, ў дзяцінстве з табой мы у праткі гулялі…

 

Зарастае сцяжынка, што так сэрцу мілАя,

Толькі ж тая хацінка і дагэтуль гукае.

То пакліча у госці к дарагому парогу —

На вяселле кагосьці ці ў апошню дарогу…

 

Пастарэла, радная, затуманілась сонца.

Ўсё сумуе, чакае, глядзіць у ваконца.

Вецер хмарку прагоніць, што з далёкага края.

Можа, нехта пазвоніць, скажа: “Здраствуй, радная!..”.

 

Верабейка паскача, прачырыкае штосьці

І, як быццам, падкажа: “Нехта едзе у госці!..”

Засумуе бярозка, сваё голле схіляе,

Ўсё глядзіць на дарожку, ўсё кагосьці гукае.

 

Зноў вясной прыляціць бусел ў родны мясціны,

Толькі недзе тут жыць — домік знеслі бусліны…

І “разбеглась” сяло — куды вокам ні кінь,

Двароў з сотню было, а застаўся адзін…

 

І цвіце ля вакна ружа — белым-бяла,

Ды наўрад ці каму ўжо патрэбна яна.

Вось і кветкі завялі, вецер голле хістае,

Ападаюць лісткі — яна ўсё ўспамінае

 

Тыя гульні, і песні, што ў дзяцінстве спявалі,

І гумно, і зярод, што над рэчкай стаялі.

Як вясеннім дажджом пад страхою хавалісь,

Разам з мілай ўдваіх той вясной любавалісь,

 

Як па небе плылі хмаркі ўздоўж кучавыя,

І прыгожа цвілі кветкі там лугавыя.

Сонца выйдзе з-за хмаркі і сагрэе зямлю —

Значыць, дзень будзе жаркі і спяваць салаўю.

 

Пелі песні дразды, па галінках скакалі,

Без турбот, без клапот — ўсюды песні спявалі.

І не зналі аб тым, што ідзе к нам бяда,

Гране страшны той гром, і пачнецца вайна!..

 

Уладзімір РУСЕЦКІ, Кіраўск-Гарадзец.

Последние новости

В стране и мире

Александр Лукашенко об итогах заседания VII ВНС: в летопись государственного строительства вписана новая страница

25 апреля 2024
Актуально

“Без лишней лирики и эмоций – факты на стол”. Александр Лукашенко ответил на все вопросы о происходящем вокруг Беларуси

25 апреля 2024
В стране и мире

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
В стране и мире

ВНС 25 апреля продолжает работу. В повестке дня – утверждение Концепции нацбезопасности и Военной доктрины

25 апреля 2024
Актуально

Выступление Президента Беларуси на заседании седьмого Всебелорусского народного собрания

25 апреля 2024
Акция!

Кировск присоединился к межведомственному профилактическому проекту

24 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанки поделили «золото» и «серебро» пополам

24 апреля 2024
Физкультура и спорт

Кировские пляжные футболисты приняли участие в турнире в городе над Невой

24 апреля 2024
Общество

Приём граждан в Добосненском сельисполкоме пройдёт 25 апреля

24 апреля 2024
Общество

Делегация Кировского района отправилась на Всебелорусское народное собрание

24 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024
2024 - Год качества

С 29 марта по 22 апреля на выставке достижений народного хозяйства в Москве проходит выставка, посвящённая Дням Могилёвской области

17 апреля 2024
В районе

Віншуем з прыбаўленнем!

23 апреля 2024
Актуально

“Весенний бал” принял молодых специалистов Могилёвщины в Жиличах

19 апреля 2024