Для начальніка аддзела кадраў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Надзеі Яўстратавай работа і жыццё — адно цэлае
Прыходзячы практычна ў любую арганізацыі ці на прадпрыемства па пытанні працаўладкавання, першым, да каго звычайна чалавек звяртаецца з пытаннем аб маючыхся вакансіях, з’яўляецца спецыяліст па кадрах. Гэтыя людзі дасканала ведаюць усё, што тычыцца патрэб арганізацыі ў работніках той ці іншай прафесіі.
Варта адзначыць, што ў любой сферы работа з людзьмі лічыцца справай няпростай, але, калі чалавек, як гаворыцца, знаходзіць сябе ў справе, якой займаецца, ён застаецца ёй верны ўсё працоўнае жыццё. Усе гэтыя словы можна аднесці да начальніка аддзела кадраў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Надзеі Яўстратавай: у жніўні споўнілася 40 год, як жанчына пачала свой працоўны шлях у сельгасарганізацыі.
Пасля заканчэння Мышкавіцкай школы Надзея накіравалася ў Бабруйск спасцігаць тонкасці прафесіі бухгалтара. У 1978 годзе дзяўчына вярнулася на сваю малую радзіму, хаця была магчымасць застацца працаваць у горадзе, аднак яна цвёрда вырашыла — толькі ў “Рассвет”. У гаспадарцы маладога спецыяліста з радасцю прынялі: на той момант пачало працаваць адразу 7 сталовых, і якраз у спецыялісце па ўліку іх фінансавай дзейнасці была патрэба. Надзея хутка ўнікла ў тонкасці справы. Пазней дзяўчына працавала касірам, і тут зарэкамендавала сябе адказным спецыялістам.
Сярод мясцовых юнакоў сустрэла сваё каханне, выйшла замуж. У 1984 годзе ў Надзеі Віктараўны нарадзілася дачка, а потым сын, жанчына зрабіла перапынак ў рабоце і прысвяціла сябе выхаванню дзяцей.
Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску Надзеі Яўстратавай прапанавалі месца інспектара па кадрах. Жанчына і дагэтага часу памятае сваё першае афармленне дакументаў па працаўладкаванні: усё было — і жах, што не справіцца, і слёзы. Гэта зараз яна ўспамінае той выпадак з усмешкай.
З кожны днём, з кожным месяцам прыходзілі веды і навыкі. Вучыцца даводзілася хутка: на той час у “Рассвеце” працавала больш за 2,5 тысячы чалавек. Кожны дзень — прыёмы на работу, звальненні, пераводы на іншае месца, водпускі, афармленне на пенсію і многае іншае. І ў любой справе неабходныя дакладнасць, адказнасць, строгі кантроль, узорная дысцыплінаванасць.
Пачынаючы з 1991 года Н.В.Яўстратава ўзначаліла аддзел кадраў сельгасарганізацыі. Па яе словах, у “Рассвеце” ва ўсе часы кіраўнікі надавалі асаблівую ўвагу забеспячэнню надзейнымі і кваліфікаванымі кадрамі.
Вось і цяпер маладыя спецыялісты агорнуты пастаянным клопатам: па магчымасці, забяспечваюцца жыллём, ім выплачваюцца “пад’ёмныя”, на працягу першых пяці год рабятам да зарплат ідуць дадатковыя грашовыя налічэнні.
Падтрымліваюць працуючую моладзь прафсаюзны камітэт і ідэалагічны аддзел сельгаставарыства, мясцовая пярвічка “БРСМ”. Як вынік, практычна ўсе маладыя спецыялісты пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі застаюцца тут, многія ствараюць сем’і. Шмат мясцовых дзяўчат і юнакоў пасля атрымання спецыяльнасці вяртаюцца на сваю малую радзіму, прыходзяць працаваць у “Рассвет”, таму сярод работнікаў так многа сямейных дынастый.
За гады работы ў аддзеле кадраў Надзея Яўстратава нават і прыкладна не можа прыгадаць, колькі чалавек яна прыняла на работу, колькім аформіла пенсію, працоўны ці дэкрэтны водпуск. Праз яе рукі прайшлі тысячы дакументаў, прычым за кожнай паперай — лёс канкрэтнага чалавека.
Нягледзячы на ўсе складанасці ў рабоце, яна ні на хвіліну не пашкадавала, што вярнулася на сваю малую радзіму, прыйшла працаваць у кадравую службу. Кажуць, калі займаешся любімай справай, час ляціць непрыкметна, вось і Надзея Віктараўна не заўважыла, як прамінула столькі гадоў…
Як вядома, спецыяліст аддзела кадраў павінен быць чалавекам, дасведчаным па многіх пытаннях: дасканала ведаць нарматыўныя прававыя акты, працоўнае заканадаўства, уносімыя ў законы змяненні і дапаўненні, юрыдычныя тонкасці, а іншы раз і проста жыццёвыя сітуацыі людзей.
Дапамагае Н.В.Яўстратавай вырашаць кадравыя пытанні на працягу апошніх 5 гадоў вядучы спецыяліст па кадрах Святлана Акуліч. Надзея Віктараўна вельмі задаволена яе работай: маладая жанчына хутка ўнікла ў кадравыя тонкасці, адказна ставіцца да афармлення дакументаў, даведак. Таму з дакументацыяй заўсёды поўны парадак.
Кожны новы працоўны дзень Надзеі Яўстратавай пачынаецца прыкладна аднолькава: праверка паступіўшай карэспандэнцыі, падрыхтоўка справаздач, прыём грамадзян, але яна не лічыць сваю работу руцінай, таму, што вельмі яе любіць…
Людміла СЯМЁНАВА.