Кіраўчанка Святлана Нявінская аб галоўным прызначэнні жанчыны

Кіраўчанка Святлана Нявінская аб галоўным прызначэнні жанчыны

Шчаслівая матуля. Абаяльная і прыгожая жанчына. Клапатлівая жонка і дачка. Гэтыя словы прыйшлі на думку, калі давялося бліжэй пазнаёміцца з маці трох цудоўных дзяцей — кіраўчанкай Святланай Нявінскай.

Колькі разоў, сустракаючы яе на вуліцах горада, здзіўлялася, калі Святлана, на той час маці дзвюх дзяцей, якая працуе медсястрой у педыятрычным аддзяленні райбальніцы, паспявае з усім спраўляцца і пры гэтым заўсёды так цудоўна выглядаць, а, галоўнае, — быць з добрым настроем і сустракаць знаёмых людзей лёгкай усмешкай на вуснах. Як яна адзначыла, менавіта сям’я і любімая работа — галоўныя складаемыя яе жыцця і шчасця.
Вось і напярэдадні Дня маці, калі адбылася наша сустрэча, Святлана адчыніла дзверы іх кватэры, і я ўбачыла жанчыну, якая проста свяцілася ад шчасця. А падстава таму і сапраўды ёсць: месяц таму ў іх дружнай сям’і адбылася радасная па­дзея — на свет з’явілася трэцяе дзіця — дачушка Эвяліна.

Успаміны дзяцінства

Мама, тата і брат — цудоўнае і бесклапотнае дзяцінства Святланы. Яна з цеплынёй у голасе расказвае пра сваіх бацькоў. Яны гадавалі яе з братам у строгасці, але пастаяннай любові і клопаце, разуменні і павазе, як да самастойнай асобы. Дарэчы, такія ж адносіны жанчына “перанесла” і ў сваю цяперашнюю сям’ю.
Святлана і зараз адчувае пастаянны бацькоўскі клопат, маўляў, без іх дапамогі і падтрымкі было б вельмі складана, асабліва калі нарадзілася трэцяе дзіцяці.
Са сваёй матуляй, лічыць Святлана, у яе ўвогуле свое­асаблівая духоўная сувязь, яны на адлегласці адчуваюць адна адну. У гэтым ёй давялося ўпэўніцца неаднойчы. Менавіта маці навучыла яе любіць жыццё, паважаць людзей, спачуваць і дапамагаць іншым. Мабыць, таму дзяўчына абрала для сябе спецыяльнасць медыцынскай сястры, каб дапамагаць іншым аблегчыць боль, асабліва маленькім пацыентам педыятрычнага аддзялення.
Пасля таго, як выйшла замуж, сапраўднай другой маці для маладой жанчыны стала свякруха, якую, дарэчы, яна і называе мамай. У сваю чаргу, і бацькі мужа ўспрымаюць Святлану як дачку, у любую хвіліну яны спяшаюцца на дапамогу сям’і.

Першае каханне — моцная сям’я

Да замужжа Святлана сустракалася з Вячаславам больш за тры гады. Калі вырашылі ажаніцца, родныя ўспрынялі гэта як заканамернасць, бо прывыклі да таго, што яны заўсёды былі разам. Праз два гады ў маладой сям’і Нявінскіх нарадзілася першае дзіця — сынок Уладзіслаў. Толькі ў гэты момант, па словах Святланы, яна адчула і зразумела, што самае галоўнае прызначэнне жанчыны — мацярынства. Сынок яшчэ больш аб’яднаў іх з мужам, надаў іх адносінам сэнс, а жыццю — адказнасці.
Праз адзінаццаць з паловай гадоў у сям’і з’явілася Віталіна. І зноў, па словах Святланы, у іх з мужам паўтарыліся незабыўныя моманты жыцця: першае слова дачушкі, яе ўсмешка, першыя крокі…
Дзеці — кветкі жыцця

Нявінскія вельмі ганарацца сваімі дзецьмі. Старэйшы Уладзіслаў — выдатнік вучобы, таленавіты музыкант, пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў і святаў. Тата і маці ўжо разлічваюць на яго, як на дарослага. Зараз юнак вучыцца ў 11 класе, наперадзе — выпускныя экзамены, паступленне. Бацькі падтрымліваюць Улада, спадзяюцца, што яго мары ажыццявяцца, яны для гэтага прыкладаюць усе намаганні.
Пасля нараджэння малодшай сястрычкі пяцігадовая Віталінка таксама неяк пасталела, стала для матулі сапраўднай памочніцай: і Эвяліну дапамагае пераапранаць, і парадак у доме навесці, і нават ежу спрабуе гатаваць. Акрамя гэтага, яна — вельмі творчая асоба: любіць спяваць, танцаваць, чытаць вершы, наведвае гурток па інтарэсах “Умелыя ручкі”. Летась Віталіна прыняла ўдзел у раённым конкурсе доследных работ “Чаму Беларусь называюць сінявокай?”, дзе заняла 2-е месца.
У маленькай Эвяліны пакуль усе дасягненні наперадзе, а зараз яна — любіміца ўсёй іх сям’і, бабуль і дзядуляў.
Аб тым, што ў сям’і будзе трое дзяцей, Святлана неяк не думала, аднак, калі даведалася, што зноў стане матуляй, шчыра абрадвалася, палічыла гэта падарункам Божым, як і ўсіх сваіх дзетак. З радасцю прынялі гэтую навіну і ўсе родныя.
У чаканні малыша Святлана зрабіла для сябе адно адкрыццё: цяжарнасць у старэйшым узросце — гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне. Яна нібыта лётала на крылах, была задаволена ўсім: дамачадцамі, бытавымі клопатамі, дажджом і сонцам, нават сваімі круглымі формамі. Любоў і гармонія панавалі ва ўсім…
Прайшоўшы гэты этап жыцця, маладая маці раіць жанчынам не баяцца нараджаць дзяцей, бо няма большага шчасця, чым прыхінуць да сябе малыша, адчуць яго цеплыню і клапатлівыя ручкі, пачуць самыя лепшыя ў свеце словы: “Люблю цябе, мая мамачка!”.
Няма такой навукі, якая раскажа, як правільна быць мамай. Святлана лічыць, што нарадзіць дзіця, выгадаваць яго — толькі палова справы. Вельмі важна яго выхаваць, навучыць быць дастойным чалавекам і грама­дзянінам, з павагай адносіцца да бацькоў, старэйшых людзей.
Дзень маці ў сям’я Нявінскіх адно з самых любімых святаў. З раніцы Святлана прымае віншаванні і падарункі ад мужа і дзяцей, потым абавязкова разам ідуць з сувенірамі да сваіх любімых матуль і бабуль. І гучаць у гэты дзень за святочным сталом усе лепшыя і самыя пяшчотныя словы ў гонар жанчын-маці…
Людміла СЯМЁНАВА. Фота  Максіма МІКЕШЫНА.

Последние новости

Профилактика и безопасность

В Могилевской области отмечается рост подростковой преступности по 222 статье УК Республики Беларусь

28 марта 2024
Общество

Аўтар першага беларускага рамана

28 марта 2024
В Комитете госконтроля

Проверили торговлю

27 марта 2024
Образование

Белая ладья

27 марта 2024
В стране и мире

Василевская на МКС приступила к выполнению исследовательской части полета

26 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко о возможных провокациях: нарушили госграницу – к уничтожению

26 марта 2024
Общество

Профсоюзы: защищая и помогая

26 марта 2024
Общество

Порядок завершения осенне-зимнего периода

26 марта 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

26 марта 2024
Общество

Заседание комиссии

26 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

В Кировске состоялось торжественное вручение паспортов

15 марта 2024
Общество

Быть гражданином Республики Беларусь – это большое счастье, высокая честь

15 марта 2024
Актуально

Сегодня состоялось совместное заседание президиума Кировского районного Совета депутатов и Кировского районного исполнительного комитета

19 марта 2024
Актуально

Кировск встречает весну

16 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В День памяти жертв Хатынской трагедии в Кировском районе состоялся автопробег

22 марта 2024
Актуально

В Кировске состоялось чествование победителей областного смотра-конкурса первичных организаций ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск

22 марта 2024
В стране и мире

Состоялся телефонный разговор Лукашенко с гендиректором “Роскосмоса”

22 марта 2024
Общество

В ЦДОДиМ состоялся конкурс «Мисс детский сад-2024»

19 марта 2024