Цікавая і карысная сустрэча юных кіраўчан з прадстаўніком РАНС
У зале Цэнтра вольнага часу адбылася сустрэча маленькіх жыхароў райцэнтра з прадстаўніком РАНС.
Выхаванцы дзіцячых садкоў прыйшлі на гэтае мерапрыемства, каб замацаваць свае веды правілаў бяспекі жыццядзейнасці. Рабятам былі прапанаваны мультфільмы супрацьпажарнай накіраванасці, а перад гэтым была праведзена “кансультацыя сапраўднага выратавальніка”.
Інспектар ГПіУГ Анастасія Юрчанка ў сваім выступленні нагадала хлопчыкам і дзяўчынкам нумар тэлефона выратавальнай службы, некаторыя з іх паспрабавалі патэлефанаваць і назваць свой дамашні адрас. Прыемна, што амаль кожны з дзетсадаўцаў справіўся з гэтым заданнем, а таксама ўсе адказалі, што пры пажары нельга куды-небудзь хавацца, трэба ўцякаць.
Вельмі спадабаліся дашкалятам загадкі, якія падрыхтавала для іх прадстаўнік РАНС. Усе маленькія ўдзельнікі мерапрыемства запомнілі, што запалкі — не цацкі, таксама нельга гуляць с газавай плітой, тэрмометрам, самастойна браць лекі з аптэчкі.
Напрыканцы сустрэчы Анастасія Юрчанка ўручыла кожнаму маленькаму ўдзельніку каляровыя памяткі, пажадала быць здаровымі і слухацца бацькоў.