Апошні званок празвінеў у СШ №2 імя К.П.Арлоўскага г.Кіраўска
Усмешкі, слёзы, цёплыя словы, шчырыя пажаданні і многае іншае кранула сэрца прысутных на свяце Апошняга званка ў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. У гэты дзень ніхто не хаваў эмоцый, асабліва галоўныя героі свята — выпускнікі, якія развітвалася з роднай школай.
На ўрачыстай лінейцы сабраліся вучні, педагогі, бацькі, госці — начальнік фінансавага аддзела райвыканкама, член раённага выканаўчага камітэта Галіна Шупікава, намеснік дырэктара ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава, дырэктар ЦБП №709 ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Лявіцкая, прадстаўнікі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў.
Галіна Шупікава ў сваёй прамове ўзгадала поспехі школы за мінулы навучальны год — СШ №2 імя К.П.Арлоўскага была прызнана лепшай у раёне сярод устаноў сярэдняй адукацыі па выніках штогадовага спаборніцтва сярод галін народнай гаспадаркі, вучнямі і педагогамі заваяваны шматлікія дыпломы ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах, раённых конкурсах і спаборніцтвах.
Галіна Шупікава пажадала педагогам і вучням з лёгкасцю дасягаць пастаўленых мэт і імкнуцца да новых поспехаў. Мінулы год быў насычаным, асабліва для выпускнікоў, у якіх наперадзе — новы жыццёвы этап. Таму важна, каб кожны выбраў правільную дарогу ў жыцці, знайшоў сябе ў прафесіі і здабыў сваё шчасце. Астатнія рабяты атрымалі пажаданне добра адпачыць падчас канікулаў і наступны навучальны год пачаць з новымі сіламі.
У якасці падарунка ад райвыканкама дырэктару школы Галіне Русецкай быў уручаны сертыфікат на набыццё абсталявання для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Наталля Шапавалава ад імя дырэкцыі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ўручыла грашовыя прэміі актыўным, таленавітым, старанным вучням, якія дастойна праявілі сябе ў мінулым навучальным годзе.
Падзячныя лісты з рук дырэктара ўстановы адукацыі атрымалі бацькі тых выпускнікоў, якія найбольш вызначыліся поспехамі за гады вучобы.
Карысным падарункам для школы сталі 2 тэлевізары, пашпарты ад якіх уручыла кіраўніку школы дырэктар ЦБП №709 ААТ «ААБ Беларусбанк» Алена Лявіцкая ў якасці спонсарскай дапамогі.
Выпускнікоў шчыра павіншавалі першыя настаўніцы. Ад імя выпускнікоў і іх бацькоў педагогам і кіраўніцтву ўстановы адукацыі падзякавала Таццяна Чэкулаева, а таксама перадала для школы падарунак — музычную апаратуру.
Выпускнікі звярнуліся да настаўнікаў, бацькоў, адзначылі іх падтрымку, цярпенне, мудрыя настаўленні, падзякавалі за тое, што заўсёды былі побач і дапамагалі спраўляцца з любымі цяжкасцямі. Асабліва кранальным стаў зварот хлопчыкаў і дзяўчат да класнага кіраўніка Раісы Давыдовіч— слёзы смутку, абдымкі нікога не пакінулі абыякавым. Развітваючыся са школай, рабяты запусцілі ў неба паветраныя шары, якія, нібы галубы, падняліся ў неба, уносячы за сабой дзяцінства выпускнікоў…
Лінейка завяршылася апошнім школьным званком, які далі адзінаццацікласнік Уладзіслаў Чэкулаеў І першакласніца Сафія Даманькова.
У добры шлях, выпускнікі!
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.