У мінулую пятніцу жыхары в.Гарадзец, Стража, якія маюць статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, устаноўленыя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пасведчанні да іх, а таксама прыгожыя трохкутныя канверты-віншаванні са штампам “палявая пошта”.
Сяльчане былі запрошаны ў Гарадзецкі сельскі клуб-бібліятэку. Былі ў зале і прадстаўнікі пасляваеннага пакалення, школьнікі.
Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася старшыня Баравіцкага сельскага Савета дэпутатаў Алена Пашкевіч. Яна адзначыла, што ў нашай краіне людзі, якія на франтах і ў тыле набліжалі дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мужна вызвалялі зямлю ад ненавіснага ворага, марылі аб Перамозе акружаны ўвагай і клопатам дзяржавы, а беларускі народ свята шануе памяць аб падзеях вайны, аддаючы даніну павагі мужнасці і гераізму абаронцаў Айчыны.
Са сцэны прагучалі архіўныя звесткі аб створаных фашыстамі канцлагерах і колькасці загінуўшых у іх савецкіх грамадзян. Гэтая інфармацыя выклікала слёзы ў прысутных у зале былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Для многіх з іх час, праведзены ў нямецкіх засценках, і дагэтуль застаецца незагойнай ранай на сэрцы, іх памяць не адпускае жудасныя сцэны здзекаў фашыстаў над людзьмі, голад, смерць блізкіх…
Алена Пашкевіч уручыла юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” Я.І.Загорскай, Л.В.Капытовай, М.К.Каружэль, В.С.Лабковіч, Н.С.Міхалап, Е.П.Міхалап, Н.А.Міхалап, З.Р.Русецкай і Т.П.Русецкай, В.М.Міхалап, М.М.Слабоднікавай, В.Т.Жудро, У.Л.Русецкаму.
Для сяльчан работнікі раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, а таксама Баравіцкага СДК арганізавалі канцэртную праграму. Прыемна было назіраць, які жывы водгук выклікалі ў былых вязняў гучаўшыя са сцэны песні ваенных гадоў, некаторыя падпявалі самадзейным артыстам і дзякавалі ім шчырымі апладысментамі.
Для тых жа, хто па стане здароўя не змог прыняць удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, уручэнне юбілейных медалёў і музычныя віншаванні былі арганізаваны па месцы жыхарства.
________________
Сваімі ўражаннямі падзялілася былы вязень Вольга Сяргееўна Лабковіч:
— Асабіста для мяне мерапрыемства было адначасова і сумным, і радасным. У памяці зноў узніклі старонкі з дзяцінства, калі разам з іншымі аднавяскоўцамі трапіла ў канцлагер. Складана ўявіць, колькі гора і пакут давялося перажыць нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Але мы выстаялі, перамаглі!
За 75 мірных гадоў вырасла некалькі пакаленняў беларусаў, якія, на шчасце, ведаюць пра вайну толькі па расказах яе сведкаў, з кніг.
Я па-добраму зайздрошчу сучаснай моладзі, у іх ёсць усё, аб чым мы ў свой час толькі марылі: мірнае неба над галавой, магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у незалежнай і прыгожай краіне. І гэта трэба берагчы!
Людміла СЯМЁНАВА. Фота Максіма МІКЕШЫНА.