Дарагое сэрцу свята
Усё далей і далей у гісторыю адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны: некалькі гадоў цярпела беларуская зямля пакуты і жахі, смерць ад рук нямецка-фашысцскіх захопнікаў. Ворагі забівалі, катавалі насельніцтва, палілі вёскі… Многім прыйшлося ахвяраваць нашым землякам, каб перамагчы фашыстаў, адстаяць сваю Радзіму для мірнай будучыні наступных пакаленняў.
Марыі Іванаўне Гарохавай у пачатку вайны было ўсяго 18 гадоў, але, нягледзячы на юны ўзрост, дзяўчына была смелай і мужнай. Разам з сябрамі-аднавяскоўцамі прымала ўздел у дзейнасці заснаванай імі камсамольскай ячэйкі. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі на сувязь з патрызанамі, рызыкуючы жыццём, перадавалі каштоўную інфармацыю пра колькасць гітлераўцаў, наяўнасць зброі. Па просьбе кіраўніцтва партызанскага атрада маладыя людзі раздавалі лістоўкі па навакольных вёсках, агітавалі насельніцтва ўступіць ў атрад. Як успамінае жанчына, моладзь была вельмі дружная, а агульная бяда аб’яднала іх яшчэ больш.
У вёсцы былі немцы, дзейнічаць прыходзілася асцярожна і рознымі спосабамі. Шасцярых аднавяскоўцаў, якія ў перыяд акупацыі служылі ў паліцыі, Марыя пераканала перайсці на бок партызан.
У адзін з чэрвеньскіх дзён 1942 года фашысты спалілі родную вёску Колбава: усе 140 дамоў з надворнымі пабудовамі, за некалькі кіламетраў было відаць яркае полымя, якое ахапіла населены пункт. 56 вяскоўцаў не змаглі выратавацца з агню. Астатнім жыхарам нічога не засталося, як схавацца ў лесе, дзе яны потым пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх па некалькі сем’яў. Час быў складаны — ніхто не ведаў, колькі ім засталося пражыць.
У тыя дні Марыя далучылася да партызанскага атрада, у саставе якога быў і яе будучы муж. З Мікалаем Гарохавым дзяўчына пазнаёмілася яшчэ да вайны — на танцах у Чыгірынцы, куды ў выхадныя збіралася моладзь з навакольных вёсак. Мікалаю вельмі спадабалася Марыя. Але ў хуткім часе хлопца забралі ў армію.
Ён служыў пагранічнікам у Брэсце, дзе і заспела яго вайна. У адным з баёў з ворагам Мікалай Гарохаў атрымаў цяжкае раненне. Пасля лячэння ў шпіталі ён быў дэмабілізаваны. Калі хлопец вярнуўся дадому, адразу ж пайшоў у партызаны.
Марыя заўсёды была побач з Мікалаем: разам з іншымі байцамі яны змагаліся з фашыстамі, удзельнічалі ў разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, выратаванні мірнага насельніцтва ад угону ў канцлагеры.
Пасля таго, як раён вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Мікалай Гарохаў быў накіраваны на службу ў раённы аддзел міліцыі. Гэтай рабоце мужчына прысвяціў больш за 30 год.
Восенню 1944 года Марыя перабралася ў Кіраўск, дзе маладыя згулялі вяселле. Гэты, як і іншыя шчаслівыя моманты, жанчына пранесла ў памяці праз усё жыццё. У жніўні ёй споўніцца 96 гадоў. За такі доўгі час на долю Маріі Іванаўны выпала шмат выпрабаванняў, і самым жахлівым з іх была вайна. Таму галоўным пажаданнем жанчыны-ветэрана для моладзі застаеца захаванне міру, стабільнасці, упэўненасці ў будучыні. Дзень Незалежнасці — дарагое сэрцу свята. Кожны год жанчына з радасцю сустракае яго, бо ведае цану, якую прыйшлося заплаціць, каб заваяваць незалежнасць.
Нядаўна Марыю Іванаўну наведала старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Эма Карпук і ўручыла жанчыне юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і падарунак, павіншаваўшы з набліжаючымся святам. Эма Міхайлаўна падзякавала ветэрану за патрыятызм, уклад у тое, каб наступныя пакаленні яе землякоў жылі пад мірным небам.
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
На здымку: старшыня раённага савета ветэранаў Эма Карпук уручае юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” М.І.Гарохавай.