У школу за ведамі!
Юная кіраўчанка Кіра Сомікава разам са старэйшым брацікам шасцікласнікам Глебам і мамай Марынай у чарговы раз з хваляваннем перабірае прыгатаваныя для школы рэчы: гэта ж вам не жарты — першы раз у першы клас!
Зусім хутка — літаральна праз два дні — у школах краіны прагучыць першы званок новага навучальнага года. Дзень ведаў — уверцюра да ўсяго навучальнага года. А для тых, хто ідзе ўпершыню ў школу, гэты дзень асаблівы — гэта свята Першага званка. Для іх ўсё першае. Першы партфель і першы падручнік, першы букет першай настаўніцы…Дзень ведаў — свята для тых, хто зробіць чарговы крок па доўгай, але такой цікавай, поўнай адкрыццяў дарозе ведаў!
У гэты дзень усе шляхі вядуць да школы. Прыбраныя вучні, усхваляваныя бацькі і настаўнікі… Для кагосьці гэты дзень — вяртанне памяці ў мінулае, а для кагосьці — крок у будучае! І няхай ён будзе шчаслівым і ўдачлівым. У добры шлях!