Удзельнікі УК “Аўтаклуб” Кіраўскага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу выступілі з канцэртамі ў сельскіх населеных пунктах раёна
У адзін з апошніх жнівеньскіх дзён жыхароў вёскі Шалаёўка і пасёлка Скачок чакалі прыемныя сюрпрызы: да іх у госці завіталі ўдзельнікі УК “Аўтаклуб” раённага Цэнтра культуры і вольнага часу. Аб гэтым расказаў яго загадчык Ігар Рудзько.
На адкрытай пляцоўцы Шалаёўскай сельскай бібліятэкі-клуба для сабраўшыхся была наладжана забаўляльная праграма “Да пабачэння, лета!”. Нікога не пакінулі раўнадушнымі гульні, конкурсы, загадкі, музычныя нумары, сустрэча з малпай Чытай і пчолкай Майяй. Жыхары вёскі прынялі ўдзел у танцавальнай праграме і атрымалі масу станоўчых эмоцый.
Весела было і на адкрытай пляцоўцы Скачкоўскай сельскай бібліятэкі-клуба. Тут мясцовым жыхарам была прадстаўлена канцэртная праграма “Ад шчырага сэрца”. Добры настрой прысутным стваралі ўдзельнікі агітбрыгады “Аўтаклуба” і раённага Цэнтра культуры і вольнага часу Наталля Ачыновіч, Паліна Іваніцкая, Ала Волкава, Уладзіслава Барысёнак, Таццяна Кашко. Агучванне канцэрта забяспечыў гукарэжысёр Канстанцін Каранкевіч.