Жыццё — у працы і клопатах пра дзяцей…

Жыццё — у працы  і клопатах пра дзяцей…

Услед за Днём маці, які ў Беларусі святкуецца на Пакроў Прасвятой Багародзіцы, 15 лістапада ў календары адзначана як Сусветны дзень сельскіх жанчын. Асаблівая і заслужаная ўвага ім — руплівым, працавітым, дастойным павагі і шанавання.
У ліку такіх жанчын — ветэран працы, былая жывёлавод калгаса імя Дзяржынскага (зараз КСУП “Жылічы”) Фядора Максімаўна Міхнёва з Лёўкавіч, за важкі ўклад у дасягненні раёна ўдастоеная ў свой час ордэна “Знак Пашаны”. Нядаўна яна адзначыла 90-гадовы юбілей. Шчыра віншавалі жанчыну члены яе вялікай сям’і, прыехаўшыя з розных куткоў: яна — маці шасцёра дзяцей, бабуля 14 унукаў і прабабуля 20 праўнукаў!

Завіталі да Фядоры Максімаўны з віншаваннямі, цёплымі пажаданнямі, кветкамі і падарункамі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, дырэктар КСУП “Жылічы” Юрый Маскалёў, старшыня прафкама гаспадаркі Зінаіда Кісялёва.
І, як бывае падчас такіх сустрэч, завязалася размова пра жыццё-быццё віноўніцы ўрачыстасці, прайшоўшыя гады, з якіх гаспадыня памятае ўсё да дробязей. І аказалася яна вельмі цікавай субяседніцай: практычна поўнасцю на беларускай мове, з ужываннем мясцовых дыялектаў расказвала, здавалася б, пра простыя рэчы і падзеі, але праз гэты аповед адлюстроўваліся лёс дзяцей вайны, цяжкіх гадоў пасля таго ліхалецця…
Тут, у Лёўкавічах, яна нара­дзілася, вучылася ў мясцовай школе. У 1941 годзе закончыла чатыры класы. Разам з аднакласнікамі сабраліся, каб занатаваць гэты момант агульным фатаграфаваннем каля роднай школы. Раптам пад’ехаў нейкі хлопец і паведаміў: пачалася вайна! Тэлефон тады быў толькі ў сельсавеце ў Добасне, вось гэтага падлетка і накіравалі абвясціць насельніцтва.
Бацька Фядоры быў на зборах у Бабруйскім раёне, у Цялушы. Да адпраўкі на фронт паспеў яшчэ дамоў трапіць. І рушыў даганяць сваю часць у Рагачоў. З вайны ён не вярнуўся…
Нялёгкім было ваеннае дзяцінства Фядоры і жыццё сям’і ў акупацыі.
А ў 1944 годзе дзяўчынку разам з іншымі яе равеснікамі фашысты ўгналі ў Германію. “Здарылася гэта дзесьці ў маі, — успамінае жанчына. — Дакладна не магу сказаць, калі. Тады ж у вясковых хатах не было ні календароў, ні радыё. А толькі помню — бэз цвіў. Нас, падлеткаў, у дзве машыны загрузілі і прывезлі ў вёску Дварэц Рагачоўскага раёна. Там усіх запісалі, адсартавалі па групах згодна ўзросту. Пазней на чыгунцы загрузілі ў таварняк, толькі салому ўкінулі, і вагоны замкнулі. У іх чалавек па 60 было. І павезлі на Нямеччыну”.
Малалетнія вязні жылі ў лагеры, працавалі на заводзе. “Аэрадром непадалёк ад лагера быў, во як соткі ў мяне ад дома, — працягвала Фядора Максімаўна. — Эльба цякла, у той бок і на работу хадзілі. А ў чым мы хадзілі? Палатняны андарак ды рыззе тое, што з дома апранулі. А на ногі шлёпанцы на калодачках далі. Зімой мы калодкі дзермацінам абцягнулі — ні шкарпэтак, ні чулок. Шлёп, шлёп на тых калодках… Вельмі мерзлі: баракі халодныя, матрасы стружкамі напіханыя, коўдра байкавая”.
Вызвалілі вязняў амерыканскія войскі, згодна дакументаў, 16 красавіка 1945 года. Але вельмі доўгім быў шлях Фядоры і яшчэ двух яе аднавяскоўцаў-падлеткаў да роднага дома. Нацярпеліся страху, голаду…
Калі іх вызвалілі, яны падбеглі да Эльбы, там баржы стаялі, дарослыя перапраўляліся. А ім, па словах Фядоры Максімаўны, было вельмі страшна — рака шырокая, стаялі і плакалі. Потым прыехалі два салдаты і сказалі: “Не плачце, дзеці, мы вас перавязем”. Перавезлі іх праз Эльбу, потым у розных збудаваннях начавалі, не было вагонаў далей ехаць. “Аднойчы раніцай прачнуліся — усё вакол грыміць, думалі, немцы страляюць, — адзначыла юбілярша. — А аказалася, што гэта салют, — вайна скончылася!”.
Не так хутка з’явілася магчымасць адправіць былых вязняў у бок родных мясцін. “Пакуль дамоў трапіла, ужо маліна спелая была…” — працягвала расказ Фядора Максімаўна.
Размеркавалі іх у вагоны па абласцях. Па меры руху вагоны адчаплялі. Рабяты з Лёўкавіч чамусьці апынуліся ў Гомелі. Не ведалі дзеці, што далей рабіць, куды накіроўвацца, каб дадому трапіць. Пайшлі да начальніка станцыі, папрасілі дапамагчы. Пасадзілі іх на рабочы поезд, які ехаў на Мінск. А ведала тады Фядора толькі назву станцыі “Бярэзіна”, там і папрасіла высадзіць іх.
“Ужо вечар быў. Пабеглі на Цітаўку. Просімся ў бабкі пераначаваць. А яна: дзетачкі, у мяне хатка малая. У іншую хату, праўда, пусцілі. Добрая гаспадыня аказалася, дала нам павячэраць — цыбулі са смятанай ды бульбы, паклала спаць. Але які там сон, дамоў хутчэй хацелася дайсці. Жанчына зранку толькі ўстала карову даіць, крыху нечым шкрабанула, мы ўжо на ногі — і ў дарогу”, — гаворыць Фядора Максімаўна.
Ішлі пешшу, босыя. Камні гарачыя, гравій упіваўся ў ступні. Думалі, да Бортнікаў ужо не дойдуць. “Селі на муражку. А есці так хочацца! Людзі падышлі. Даведаліся, што з Нямеччыны вяртаемся. Накармілі, з сабой далі ежы”.
Нарэшце, дабраліся дадому. Фядора ў калгас на працу пайшла. Адна карова была тады ў гаспадарцы і дзве кабылы. Усё рабілі ўручную, нават поле пад ячмень капалі рыдлёўкамі.
“У вайну людзі сады свае зразалі, палілі печы, — гаворыць гаспадыня. — Засталіся пні, мы іх выкарчоўвалі, але не кідалі тыя карчы, секлі на дровы, трэба ж было есці нава­рыць. Хоць шчавель пус­ты. Тады ўсе яшчэ галадалі. Бульбачку збіралі гнілую, але палупім яе, пасушым патаўчом і бліны пеклі. Чорныя, але такія смачныя па тых часінах”.
З 1953 года стала Фядора на ферме працаваць. Па 12 кароў уручную даілі. Паілак не было, з рук паілі. На рэчку ганялі. У галалёд насілі ваду. Калодзежаў — толькі два на ўсю вёску. Каровак тых напаіць не было чым. Жывёліны галадалі, елі нават салому з капцоў. Пазней па 20 галоў было ў групе, і зноў уручную даілі. Потым апараты з’явіліся…”.
“Мы з Сашай сярод усіх першыя былі заўжды,” — усміхаецца Фядора Максімаўна. Саша — Аляксандра Іларыёнаўна Ануфрыенка, таксама з Лёўкавіч, даяркай працавала. Цялят жанчыны ўсіх да аднаго з групы выгадоўвалі. “За гэта мне і ордэн далі ў 1971 годзе — за маіх цялятак, — дзеліцца жанчына. — Запытваліся спецыялісты: як у цябе жывыя яны ўсе? Цярпенне, гавару, трэба мець, дабрыню, любіць жывёлу, гэта ж дзіця тое самае”.
А дома — свае дзеткі малыя. Ясляў-садкоў не было. Як дадаў да матчыных успамінаў, зайшоўшы ў хату, сын Мікалай, “на ферме мы і выраслі”. А яшчэ дома, як водзіцца на вёсцы, — карова, хатняя гаспадарка. Муж Фядоры Максімаўны быў інвалідам ІІІ групы, працаваў на розных пасадах.
Вось так і праляцела жыццё. Больш трыццаці год адпрацавала жанчына ў жывёлагадоўлі. Выраслі дзеці, маюць свае сем’і, маці, бабулю, прабабулю не забываюць.
Здароўе ў яе ўжо слабае, ногі хворыя, рухацца па хаце дапамагае табурэт. Даглядаюць і дапамагаюць ва ўсім яе родныя людзі, якія жывуць тут жа, у роднай вёсцы. Сын Мікалай Міхнёў працуе аператарам на МТК “Лёўкавічы” КСУП “Жылічы”. Яго сын і ўнук Фядоры Максімаўны Сяргей — механізатар. Нявестка Святлана працуе ў бухгалтэрыі гаспадаркі. А дачка Валянціна Дзянішчыц — у мясцовым дзіцячым садку. У асноўным яна дапамагае па дому, мые бялізну, адзенне. Астатнія дзеці, унукі, праўнукі — у Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Мінску, Санкт-Пецярбургу…
Дом ужо састарэў. З гонарам расказала гаспадыня, што ў ім кацёл газавы памяняла, канапу новую набыла, старую выкінула. Сабрала “капейкі”, каб вокны ПВХ паставіць. Тыя маркі, што атрымлівала раней як былы вязень фашысцкай няволі, раздала дзецям, унукам, толькі халадзільнік сабе купіла. Плот праўнукі, якім ужо па 17 год, усталявалі новы, пастараліся…
“Тэлевізара нагляджуся, як, бывае, з’язджаюць людзі, кідаюць свае хаты, а потым не патрэбныя нікому. Мяне б усе забралі да сябе. Але тут, у сваёй хаце, спакайней і больш звыкла. Сама пенсіяй распараджаюся — каму ў чым паспрыяць”.
Дарэчы, телевізар Фядора Максімаўна глядзіць нярэдка і з задавальненнем: там паказваюць яе ўнучку, вядомую беларускую спартсменку-бягунню Кацярыну Шабан.
Вось такі жыццёвы шлях на працягу дзевяці дзесяцігоддзяў у простай сялянскай жанчыны Фядоры Максімаўны Міхнёвай. Нямала на сяле такіх добрасумленных працаўніц, добрых клапатлівых матуль, якія ўсе нягоды вытрымаюць дзеля сваіх дзетак, добразычлівых суседак. На іх і трымаецца зямля наша…
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара.

Последние новости

В Комитете госконтроля

Проверили торговлю

27 марта 2024
Образование

Белая ладья

27 марта 2024
В стране и мире

Василевская на МКС приступила к выполнению исследовательской части полета

26 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко о возможных провокациях: нарушили госграницу – к уничтожению

26 марта 2024
Общество

Профсоюзы: защищая и помогая

26 марта 2024
Общество

Порядок завершения осенне-зимнего периода

26 марта 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

26 марта 2024
Общество

Заседание комиссии

26 марта 2024
Профилактика и безопасность

Движение по правилам – основа безопасности!

26 марта 2024
Прием граждан

Приём граждан

26 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

В Кировске состоялось торжественное вручение паспортов

15 марта 2024
Общество

Быть гражданином Республики Беларусь – это большое счастье, высокая честь

15 марта 2024
Актуально

Сегодня состоялось совместное заседание президиума Кировского районного Совета депутатов и Кировского районного исполнительного комитета

19 марта 2024
Актуально

Кировск встречает весну

16 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В День памяти жертв Хатынской трагедии в Кировском районе состоялся автопробег

22 марта 2024
Актуально

В Кировске состоялось чествование победителей областного смотра-конкурса первичных организаций ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск

22 марта 2024
В стране и мире

Состоялся телефонный разговор Лукашенко с гендиректором “Роскосмоса”

22 марта 2024
Общество

В ЦДОДиМ состоялся конкурс «Мисс детский сад-2024»

19 марта 2024