Чаму я іду на выбары (працягваем бліц-апытанне жыхароў Кіраўшчыны)
Мікалай ЛЯНКЕВІЧ, ветэран працы, былы намеснік старшыні калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, кавалер ордэна Дружбы народаў:
— Колькі сябе памятаю, не прапускаў ніводных выбараў. Гэтыя важныя дзяржаўныя кампаніі цесна звязаны з пачуццём асабістай адказнасці кожнага з нас. Мы выбіраем людзей, якія ў далейшым будуць прадстаўляць волю народа ў парламенце, прымаць законы, па якіх жыць нам, нашым дзецям і ўнукам. А, значыць, гаворка ідзе пра будучае нашай краіны.
Для мяне выбары заўсёды атаясамліваюцца са святам. Прыемна бачыць, як народ з добрым настроем ідзе на ўчасткі для галасавання, дзе, да таго ж, наладжаны канцэртныя праграмы, працуе гандаль. Многія прыходзяць галасаваць сем’ямі, і гэта сімвалічна: той настрой, атмасфера, пачуцці перадаюцца ад бацькоў дзецям.
Лічу, што кожны паважаючы сябе і любячы сваю Айчыну грамадзянін павінен прыняць удзел у выбарчай кампаніі, якая тычыцца далейшага лёсу роднай краіны. Усё пачынаецца з канкрэтнага чалавека, які мае права і абавязаны выканаць свой грамадзянскі абавязак. Нельга быць абыякавым і безадказным. На гэта хацелася б звярнуць увагу асабліва прадстаўнікоў маладога пакалення, якому ў далейшым жыць і працаваць у нашай краіне.