У многіх сем’ях і сёння захоўваюцца пажоўклыя лісты, выцвілыя фотаздымкі, дасланыя калісьці іх роднымі з фронту. Ёсць такія рэліквіі і ў сям’і Ірыны Галіцкай з аг.Жылічы, якая прынесла ў рэдакцыю пісьмы і малюнкі свайго дзядулі, якія былі зроблены напрыканцы 1944 і пачатку 1945 г.г., і папрасіла на старонках газеты расказаць пра слаўны баявы шлях Аляксея Макаравіча Галіцкага.
Свайго дзядулю Аляксея жанчына бачыла толькі на фотакартках: 30 студзеня 1945 года, не дажыўшы ўсяго 3 месяцы і 9 дзён да Перамогі, ён загінуў у адным з баёў ва Усходняй Прусіі.
Нарадзіўся А.М.Галіцкі 30 сакавіка 1908 года ў в.Харлапавічы, на той час Бабруйскай вобласці. Ён лічыўся ў сваёй і навакольных вёсках лепшым майстрам-кавалём. З раніцы і да змяркання па акрузе чуўся звон удараў па жалезу: з-пад рук Аляксея Макаравіча “выходзілі” зручныя, даўгавечныя і неабходныя ў сельскай справе рэчы. Каваль умеў нібыта “размаўляць” з металам, прымушаючы яго слухацца і скарацца. Дарэчы, яго вырабы, па словах унучкі Ірыны Валянцінаўны, і дагэтуль многія сяльчане выкарыстоўваюць у хатняй гаспадарцы і з удзячнасцю ўспамінаюць Макаравіча, як яго паважліва называлі мясцовыя.
Разам з жонкай Сафіяй Аляксей гадаваў траіх дзетак:
Валянціна, Ганну і Ірыну. Гаспадаром і татай ён быў цудоўным: у сям’і на той момант меўся добры дастатак, дзеці – забяспечаны ўсім неабходным, а самае галоўнае – акружаны бясконцай бацькоўскай любоўю і клопатам. Успаміны аб гэтым малодшыя Галіцкія пранеслі праз усё жыццё.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, і Кіраўшчыну акупіравалі фашысты, у доме Галіцкіх размясціўся нямецкі штаб. Сям’ю выселілі ў хлеў.
Аднойчы Аляксей Галіцкі наткнуўся ў лесе на параненага салдата, якога вырашыў забраць
на лячэнне дамоў. Ён ведаў, што гэта вельмі небяспечна: немцы жылі з імі ў адным двары, і калі б яны знайшлі чырвонаармейца, расстралялі б усю сям’ю. Мужчына разумеў, што рызыкуе, але сумленне не дазваляла яму зрабіць інакш…
У рады вызваленцаў Айчыны А.М.Галіцкі быў залічаны ў пачатку чэрвеня 1944 года. Ён мужна змагаўся з ворагам, гнаў яго са сваёй Радзімы, і далей – па краінах Еўропы. У кастрычніку 1944 года на яго грудзях заззяў медаль “За адвагу”, які наводчык станкавага кулямёта 2-й кулямётнай роты 339 гвардзейскага стралковага Беластоцкага ордэна Аляксандра Неўскага палка атрымаў пры адбіванні контратак праціўніка ў раёне вышыні 153.0. У загадзе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25.10.1944 года №75/н адзначана: “агнём са станкавага кулямёта Аляксей Галіцкі адсякаў контратакуючую пехоту праціўніка ад танкаў. У гэтым баі чырвонаармеец Галіцкі знішчыў да 10 нямецкіх салдат. Атака фашыстаў на дадзеным участку была сарвана”.
З кожным днём усё мацней і мацней быў націск Чырвонай Арміі, адзін за адным вызваляліся ад захопнікаў гарады, вёскі і пасёлкі. Жорсткім быў бой 14 студзеня 1945 года пры прарыве нямецкай абароны. Згодна архіўных звестак, кулямётны разлік Аляксея Галіцкага знаходзіўся ў баявых парадках пехоты. Сваім кулямётам ён падавіў дзве кулямётныя кропкі праціўніка, чым забяспечыў далейшы рух батальёна вызваленцаў. Праз 6 дзён, 20 студзеня, падчас руху батальёна на адкрытай мясцовасці, нечакана яго атакавалі немцы. Разлік Галіцкага, хутка развярнуўшы кулямёт, з упора расстрэльваў салдат праціўніка. Фашысцкая атака была адбіта. На полі бою засталося каля 15 забітых немцаў. У адпаведнасці з загадам 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырвонасцяжнай дывізіі за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі, праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць камандзір кулямётчыкаў А.М.Галіцкі быў удастоены ордэна “Чырвоная Зорка”.
Загінуў слаўны абаронца Айчыны 30 студзеня 1945 года, пахаваны ў Арцельбурскім раёне Аленштайнскай акругі Усходняй Прусіі.
Родным Аляксея Макаравіча засталіся на памяць пісьмы і малюнкі з фронту, якія ён пісаў і маляваў у перапынках паміж баямі і наступленнямі. Аддалі сям’і і яго баявыя ўзнагароды: прывёз іх, прыйшоўшы з фронту, старэйшы брат Пракоп: яны праходзілі службу ў адным палку і абяцалі адзін аднаму, што той, хто з іх застанецца ў жывых, паклапоціцца пра сям’ю загінуўшага. Так сталася, што падтрымка спатрэбілася родным Аляксея…
Сафія Галіцкая замуж больш не выйшла, выхавала трох дзяцей, дала ім адукацыю, радавалася нараджэнню ўнукаў.
Па словах Ірыны Валянцінаўны, у яе сям’і пісьмы і малюнкі дзядулі Аляксея захоўваюцца трапятліва, як самыя дарагія рэчы. У кожным дасланым лісце адчуваецца вострая туга Аляксея Макаравіча па сваіх дзецях і жонцы, па сваяках, любоў да мілых сэрцу мясцін Кіраўшчыны, малой радзімы. У апошнім лісце, які датаваны 28 студзеня 1945 года, салдат звяртаецца да сваёй дачушкі Ірыны, дзякуе ёй за пісьмо і абяцае хутка даслаць пасылку. Праз два дні А.М.Галіцкі загінуў, і ў Харлапавічы прынеслі яшчэ адну пахавальную …
Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб іх нашчадкі маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота з сямейнага архіва Ірыны Галіцкай.