Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Уладзімір Гацко сустрэўся з кіраўчанамі
Сёння дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Уладзімір Гацко на базе Цэнтра вольнага часу правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ідэалагічнага актыву раёна, работнікамі сеткі бібліятэк, цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Яшчэ адна сустрэча прайшла ў адміністрацыйным будынку райспажыўтаварыства з яго прадстаўнікамі.
Звяртаючыся да прысутных, Уладзімір Гацко адзначыў, што падобныя сустрэчы – гэта магчымасць абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, праблем, выпрацаваць агульныя падыходы да іх вырашэння.
Уладзімір Уладзіміравіч спыніўся на грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, пытаннях сацыяльнай абароны грамадзян. Ён адзначыў, што беларусы, асабліва ў перыяд няпростай эканамічнай сітуацыі, у тым ліку з-за распаўсюджвання ва ўсім свеце каранавіруснай інфекцыі, павінны аб’яднаць свае намаганні ў агульным жаданні палепшыць дабрабыт і жыццё краіны ў цэлым. Толькі так можна пераадолець цяжкасці і пасадзейнічаць далейшаму развіццю Беларусі.
Падчас сустрэчы жадаючыя задалі дэпутату хвалюючыя іх пытанні. Большасць зваротаў тычылася медыцынскай тэмы, а, дакладней, прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, бо Уладзімір Гацко па прафесіі медык і прысвяціў рабоце ў гэтай сферы шмат год. Было закранута пытанне пенсіённага забеспячэння, павышэння выплат пенсіянерам, пенсіённага страхавання. Дэпутат даў дакладныя і разгорнутыя адказы. Некалькі чалавек скарысталіся магчымасцю задаць свае пытанні “адзін на адзін”.