Наўрад ці існуе больш прыемны пах, чым пах свежавыпечанага, з тонкай залацістай скрыначкай бохана. Менавіта такі духмяны водар можна часта адчуць у паветры, калі праходзіш па вуліцы Пушкінскай міма вытворчага аддзела райспажыўтаварыства. Адсюль развозяць па гандлёвых аб’ектах нашага і прылягаючых раёнаў пышную здобу, салодкую выпечку і, канешне ж, смачны фармовы хлеб “Азёрны”, які даўно стаў класікай, праверанай часам, і які кіраўчане ласкава называюць “кирпичиком”.
Сваё высокае майстэрства, прафесіяналізм і высокую якасць выпускаемай прадукцыі мясцовыя хлебапёкі штогод пацвярджаюць на конкурсах самых розных узроўняў і майстар-класах, вяртаючыся адтуль з медалямі і дыпломамі.
Як адзначыла начальнік вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Святлана Васільева, выпечка хлебабулачных вырабаў вядзецца кругласутачна, без выхадных і святаў: цеставоды і пекары працуюць пазменна, каб штодня забяспечваць пакупнікоў свежай прадукцыяй.
Акрамя традыцыйных і звыклых для спажыўцоў вырабаў у вытворчым аддзеле пастаянна абнаўляюць асартыментны пералік. Так, сёлета сярод навінак у продаж паступілі хлеб пшанічны “Тоставы”, хлеб цёмны “Баварскі”, які вырабляецца па рэцэптах нямецкіх пекараў, тоставы “Гурман”, былі распрацаваны новыя віды сухароў “Весялушкі” з разынкамі і ваніллю.
Маштабы вытворчасці ў аддзела даволі важкія: за суткі ў сярэднім выпякаюць больш за 4,5 т хлебабулачных вырабаў (больш за 20 найменняў), каля паловы з іх – белабулачныя. Для аматараў салодкасцяў мучных з карыцай і макам штомесячна выпускаюць іх больш за 5 т.
Райспажыўтаварыства рэалізуе прадукцыю вытворчага аддзела як на тэрыторыі нашага раёна, так і суседніх: Рагачоўскага і Бабруйскага, а таксама ў Бабруйску і Светлагорску. Дарэчы, у суседзяў наша хлебабулачная прадукцыя карыстаецца павышаным попытам: заказваюць яе для рэалізацыі і магазіны, і індывідуальныя прадпрымальнікі. У агульнай колькасці каля 30% кіраўскай выпечкі “вывозіцца” за межы раёна.
(Больш падрабязна – у №45 раённай газеты “Кіравец”).
На здымках: цеставод Галіна Здункевіч; кантралёр гатовай прадукцыі і сыравіны Алена Каранкевіч.