“За любімую Беларусь!”
Заключны этап раённай велаакцыі “За любімую Беларусь!” прайшоў у мінулую суботу ў аграгарадку Баравіца. Каля мясцовага сельскага Дома культуры сабраліся жыхары населенага пункта, вучні Баравіцкай СШ. Іх веласіпеды ўпрыгожвалі флажкі, паветраныя шары колераў Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.
Да прысутных звярнулася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Баравіцкай СШ Святлана Скрыпунова, якая адзначыла, што акцыя “За любімую Беларусь!” прысвечана Году малой радзімы, выказала шчырыя словы любові да роднага краю, пажаданне, каб ён жыў у міры і спакоі. Дружнымі апладысментамі ўсе падтрымалі гэтыя словы, і калона, на чале якой лунаў нацыянальны флаг, накіравалася па вуліцы Баравіцы да брацкай магілы загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў і партызан. Да абеліска ў гонар памяці пра тых, хто аддаў свае жыцці дзеля мірнай будучыні, былі ўскладзены кветкі.
Велаакцыя “За любімую Беларусь!” прайшла па ўсіх сельсаветах раёна. Яе ўдзельнікі выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю – за мір, стабільнасць і працвітанне роднай краіны!
Тэкст і фота Наталлі ХАДАКОВАЙ.