Напярэдадні нашага прыезду ў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” мясцовыя земляробы завяршылі ўборку кукурузы на сілас. Аграном Юрый Смятана расказаў, што сёлета ўдалося нарыхтаваць 20934 т сіласнай масы. Сярэдняя ўраджайнасць склала 374 ц/га – гэта неблагі паказчык.
“Уборку кукурузы на зерне вядзем з 15 кастрычніка, – працягваў Юрый Уладзіміравіч. – З першых участкаў намалочвалі амаль 90 ц на круг, зараз – 80 ц”.
Для “царыцы палёў” на зерне ў сельгасфіліяле было адведзена 185 га, аднак вырашылі абмалаціць 100 га. Вырашчанае на астатніх плошчах убралі на зялёную масу і сілас, каб не страціць карысць і назапасіць больш корму высокай якасці.
Працэс нарыхтоўкі кукурузы на сілас – больш просты і ўніверсальны, аднак уборка на зерне з абмалотам, сушкай, плюшчэннем дазваляе стварыць запас пажыўных і высокаэнергетычных кармоў для рагуль і з гэтым панізіць затраты на набыццё камбікармоў. Частку намалочанага кукурузнага збожжа чыгірынскія аграрыі адпраўляюць на прасушку, астатняе расплюшчваюць.
Асноўныя кукурузныя плошчы, якія засталіся яшчэ не вызваленымі ад вырашчанага ўраджаю, – 61 га – размешчаны ў Борках. Першым чынам земляробы ўбіраюць “царыцу палёў” на блізляжачых палетках. На полі каля Падлужжа шчыраваў Сяргей Брэндзікаў. Кукурузная жатка плаўна ўразалася ў высокі, шчыльны раслінны масіў, напаўняючы бункер айчыннага камбайна КЗС-1218 “Палессе” цвёрдымі і бліскучымі бурштынавымі зярняткамі.
Механізатар шпарка выпрыгнуў з кабіны збожжаўборачнага камбайна. На размову з намі ў яго – некалькі хвілін. З дзяцінства Сяргей Брэндзікаў, ураджэнец мясцовай вёскі Гогаль, знаёмы з працай на зямлі. Азы сельскагаспадарчай прафесіі пачаў спасцігаць яшчэ будучы школьнікам, з абавязкаў памочніка камбайнера. Тры дзясяткі год таму, пасля службы ў арміі, канчаткова ўладкаваўся ў Чыгірынцы – і жыць, і працаваць. Зараз багаты працоўны вопыт дазваляе яму быць і з тэхнікай на “ты”, і ў полі адчуваць сябе звыкла, як дома.
Пакуль мы размаўлялі, на палеткі прыехаў грузавік – за чарговай партыяй свежанамалочанага ўраджаю. Механізатар выгрузіў залацістае зерне ў кузаў і зноў накіраваў камбайн у кукурузнае “мора”.
Вось такім чынам – дзень за днём, зярнятка да зярнятка, старанна і сумленна выконваючы свае працоўныя абавязкі – зараз земляробы СГФ “Чыгірынка” клапоцяцца аб тым, каб засекі былі напоўнены якаснымі кармамі для пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Бо ведаюць, ад таго, як спрацуюць у нарыхтоўчы сезон, будзе залежыць дабрабыт сельгасфіліяла і кожнага з іх.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.