Чвэрць стагоддзя – рулявы калектыву аўтапарка

Чвэрць стагоддзя –  рулявы калектыву аўтапарка

Прафесійнае свята аўтамабілістаў – дзень усенароднага прызнання заслуг прадстаўнікоў гэтай сферы дзейнасці – заўсёды з асаблівым хваляваннем сустракае добра вядомы на Кіраўшчыне чалавек – Яўген Котаў. Ён прысвяціў сваёй прафесіі доўгія гады жыцця, чвэрць стагоддзя з іх узначальваў галоўную транспартную арганізацыю раёна – былую аўтабазу, якая цяпер носіць назву Кіраўскі філіял “Аўтапарк-14” ААТ “Малілёўаблаўтатранс”. Зрабіўшы аднойчы свой выбар, Яўген Яўгенавіч застаўся верным яму назаўсёды.

Тое, што звяжа свой лёс з аўтатранспартам, Яўген, між тым, зразумеў не адразу. У дзяцінстве, як і многія яго равеснікі, што нарадзіліся пасля вайны, марыў пра кар’еру ваеннага. Юнак актыўна займаўся спортам, загартоўваў цела фізічнымі практыкаваннямі. Але жыццёвая дарога пайшла па іншым шляху, і вырашальнай у яе выбары стала, тым не менш, армейская служба. Да яе пачатку хлопец паспеў адкрыць працоўны стаж у якасці слесара ў Кіраўскай аўтабазе, ды і правы на ваджэнне аўтамабіля атрымаць у Бабруйскім аўтамотаклубе. Так што, руль якойсьці з машын ў арміі быў практычна “абяцаны”. Так і сталася. Яму была даручана аўтамашына спецыяльнай разведгрупы роты глыбіннай разведкі разведбатальёна, у разлік якой уваходзілі чацвёра салдатаў і афіцэр. Давялося вазіць і камандзіра часці, што сведчыць аб высокім даверы кіраўчаніну за яго адказнасць, навыкі вадзіцеля. Але самым адметным аказаўся апошні з трох год службы, калі Яўген стаў кіраваць браніраванай разведвальна-дазорнай машынай (БРДМ). На той момант такой тэхнікі ў Беларускай ваеннай акрузе было толькі тры адзінкі.
Армейская служба запомнілася Яўгену Котаву яшчэ многімі яркімі момантамі. Так, яму аднаму з нямногіх пашчасціла двойчы паўдзельнічаць у святочных ваенных парадах да Дня Перамогі ў Мінску. Вызначыўся хлопец і падчас асваення цалінных земляў, куды накіроўвалі і вайскоўцаў. За перавыкананне нормаў па адвозцы збожжа Яўген атрымаў водпуск дадому. У арміі ён быў прыняты кандыдатам у члены КПСС, што падкрэслівала высокі статус маладога чалавека. А ўжо крыху пазней, падчас работы ў Кіраўску, Котаў уступіў і ў партыю.

Пасля вяртання ў Кіраўск для Яўгена далейшы прафесійны шлях быў зразумелым: ён не ўяўляў сябе інакш, як за рулём аўтамашыны. Пэўны час папрацаваў вадзіцелем у райбальніцы. Але вельмі хацелася больш грунтоўных ведаў. У 1973 годзе Яўген Котаў, займаючыся без адрыву ад вытворчасці, паспяхова скончыў аўтатранспартны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-механіка. На той час ён ужо зноў працаваў у роднай аўтабазе. Яўген спасціг, бадай, усе тонкасці і аспекты прафесіі аўтамібіліста. Быў і слесарам, і механікам, і выпускаючым, і старшым дыспетчарам. Даводзілася забяспечваць выпуск на лінію усяго вялікага аўтапарка, які абслугоўваў асноўныя арганізацыі раёна, аўтобусныя маршруты. Паступова службовая лесвіца прывяла да пасады кіраўніка…

У 1980 годзе Яўген Яўге­навіч Котаў узначаліў калектыў “Аўтапарка-14”, які за час свайго існавання (з1959 года) мяняў некалькі разоў сваю назву, аднак сутнасць дзейнасці заставалася нязменнай. Галоўны пастулат, якога прытрымліваўся кіраўнік у рабоце, – ад надзейнага, бесперабойнага функцыянавання транспарту ў многім залежыць якасць жыцця людзей. Як мы ўжо адзначылі, на гэтай пасадзе Яўген Яўгенавіч адпрацаваў 25 год – да выхаду на заслужаны адпачынак. Больш яго не кіраваў аўтапаркам ніхто. Удалося многае зрабіць па паляпшэнні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы. Раслі і вытворчыя паказчыкі.
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці аўтапарка заўсёды была перавозка пасажыраў. Але пасажырапаток не мог забяспечыць рэнтабельнасць. Кіраўніцтву даводзілася шукаць іншыя формы атрымання даходу. Так, “жыццё” аўтапарка забяспечвалі грузаперавозкі, якімі сталі актыўна займацца не толькі на тэрыторыі раёна, але і вобласці, рэспублікі і нават за яе межамі. Гэта дазваляла арганізацыі працаваць з прыбыткам нават у самыя няпростыя часіны.
З цеплынёй успамінае Яўген Яўгенавіч дружны калектыў, якім пашчасціла кіраваць. Надзейнымі памочнікамі заўсёды былі галоўныя інжынеры Уладзімір Бяляўскі, Іван Глазкоў.
А яшчэ разам з працоўнымі дасягненнямі аўтапарка не лішнім было б прыга­даць поспехі яго работнікаў на спартыўных спаборніцтвах. Сам кіраўнік заўсёды быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, з юных год і ў сталасці прымаў удзел у разнастайных турнірах па валейболе, лыжных гонках, футболе, лёгкай атлетыцы. Нездарма нават зараз, на 72-м годзе жыцця герой гэтых радкоў знаходзіцца ў дастаткова добрай фізічнай форме. Вось і сваіх падапечных заўсёды прыцягваў да рознага роду спаборніцтваў. І небеспаспяхова, аб чым сведчаць шматлікія кубкі і граматы. А колькі асабістых узнагарод у самога Котава – падлічыць цяжка.

Пасля дасягнення пенсіённага ўзросту Яўген Яўгенавіч не адразу пайшоў адпачываць. Не ў яго гэта правілах – сядзець склаўшы рукі. Працаваў на розных пасадах у родным аўтапарку, райпаліўзбыце, займаўся рамонтам аўтамабіляў – тым, чым валодае дасканала. А зараз у яго – новае захапленне – пчалярства. З вялікім задавальненнем даглядае пчаліныя сем’і, шкадуючы, што не займаўся гэтай цікавай справай раней. Хаця часу тады ці хапіла б?
Досыць і іншай рознай работы – у радасць і асалоду – на прысядзібным участку з дыхтоўным вялікім домам, агародам і пладовымі дрэвамі, кустамі, кветкамі, хатняй гаспадаркай, за якімі прыглядаюць разам з жонкай Нінай Іосіфаўнай. А галоўная радасць для дзядулі з бабуляй – гэта калі светлы прасторны дом напаўняюць дзіцячыя галасы. У сем’ях сыноў Віктара і Аляксандра ў агульнай колькасці пяцёра дзетак. І ўсе – дзяўчынкі! Яны заўзята завіхаюцца каля дзядулі і любяць пакатацца з ім на аўто, асабліва самая меншая Карына, якую Яўген Яўгенавіч завозіць у дзіцячы садок у Мышкавічы і забірае дамоў. І ўсе дамачадцы, калі садзяцца ў яго аўтамабіль, упэўнены на ўсе 100 працэнтаў, што руль – у надзейных руках!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

Последние новости

Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
Общество

Прямые телефонные линии проведёт руководство Кировского РОВД

23 апреля 2024
Общество

Заседание постоянно действующей комиссии по координации работы по содействию занятости населения пройдёт в Кировске

23 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан Кировщины на правовом приёме были решены

23 апреля 2024
Актуально

Делегаты VII ВНС от Кировского района – о своём избрании в конституционный орган страны

23 апреля 2024
Ваше здоровье

Европейская неделя иммунизации проводится на Кировщине

23 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировский триумф в Бресте! И не только…

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
В районе

Віншуем з прыбаўленнем!

23 апреля 2024

Рекомендуем

Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024
2024 - Год качества

С 29 марта по 22 апреля на выставке достижений народного хозяйства в Москве проходит выставка, посвящённая Дням Могилёвской области

17 апреля 2024
Актуально

“Весенний бал” принял молодых специалистов Могилёвщины в Жиличах

19 апреля 2024