У мінулую пятніцу, 23 кастрычніка, журналісты “раёнкі” пабывалі ў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Падставай для візіту стала тое, што па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года жывёлаводы сельгасфіліяла – аператары машыннага даення кароў у малакаправод Аксана Брага і Ірына Канстанцінава дасягнулі найвышэйшай прадукцыйнасці працы і сталі пераможцамі раённага працоўнага спаборніцтва.
Відавочна, што поспехі ў жывёлагадоўчай галіне абумоўлены ў тым ліку і намаганнямі земляробаў, якія старанна шчыруюць над нарыхтоўкай якасных кармоў для грамадскага статка. Таму мы пацікавіліся, як ідуць справы і на палетках гаспадаркі.
Абедзве жанчыны ў прафесіі – не навічкі. Аксана Брага – мясцовая, у свой час скончыла Бабруйскае медвучылішча, але так сталася, што вярнулася на сваю малую радзіму і пайшла працаваць на ферму – было гэта ў 1997 годзе. Сотні тон малака надаіла старанная працаўніца за гэтыя гады. Зараз яна абслугоўвае 60 кароў. Па словах Аксаны Рыгораўны, сваю работу, і асабліва каровак, яна вельмі любіць, бо без гэтага нельга дабіцца высокіх вынікаў. Па слядах матулі пайшла і адна з дачок – працуе даяркай у сельгасфіліяле.
Ірына Канстанцінава нарадзілася і вырасла ў Чыгірынцы. Сваё прызванне таксама знайшла ў жывёлагадоўчай галіне, прыйшоўшы ў 1995 годзе працаваць на ферму. На думку жанчыны, кожны павінен займацца той справай, да якой ляжыць душа, тады і праца ў радасць, і вынікі відавочныя.
Стабільнасць і зладжанасць у рабоце заўсёды вызначаюць мясцовых жывёлаводаў. На працягу шэрагу год сельгасфіліял – у ліку лепшых у раёне па вытворчасці малака, атрыманні прадукцыі высокай якасці. Асноўнае правіла, якога прытрымліваюцца ў СГФ “Чыгірынка” на кожнай ферме – захаванне тэхналагічных патрабаванняў.
Дагледжанасцю і кветкавай прыгажосцю вылучаецца тэрыторыя МТФ “Чыгірынка”. Варта адзначыць, што на прылягаючай тэрыторыі заўсёды пануюць чысціня і парадак, вакол хлявоў мноства клумбаў з кветкамі, якія радуюць вока з ранняй вясны і да позняй восені. Такія ж чысціня і ўтульнасць назіраюцца ў бытавых памяшканнях, пакоях для адпачынку працаўнікоў. Ёсць дзе жывёлаводам пасля працоўнага дня памыцца, за кубкам чаю абмеркаваць свае жыццёвыя клопаты.
На МТФ “Чыгірынка” ўтрымліваецца 1000 галоў БРЖ, з якіх 416 – дойны статак. Калектыў фермы – 25 чалавек, які ўзначальвае загадчыца Ірына Краўцова.
За 9 месяцаў бягучага года жывёлаводам удалося дасягнуць неблагіх вынікаў па вытворчасці малака. Ад кожнай каровы тут атрымалі па 5501 кг
малака (+867 кг да 2019 г.). Усё малако, што ідзе на перапрацоўку – гатункам “экстра”.
Як адзначыла Ірына Іванаўна, іх калектыў – як адна вялікая сям’я, кожны разумее, што працуе на агульны вынік. Лідарства па надоях, акрамя Аксаны Брага і Ірыны Канстанцінавай, трымаюць аператары машыннага даення Святлана Зырянава, Жанна Патапава.
Старанна вядзе свой участак работы лабарант Таццяна Карпава, яна адказвае за даследаванне якасці атрыманага малака. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі жывёлаводы Дзмітрый Савянкоў і Юлія Глазкова, апошняя ажыццяўляе догляд за цялятамі, якія за належныя адносіны радуюць жанчыну важкімі прывагамі.
На дастойным узроўні вядзецца селекцыйная работа. Тэхнік-асемянатар Алена Шчэрба паспявае абслугоўваць дзве фермы – “Чыгірынку” і “Колбава”. У дакументацыі – заўсёды парадак, бо без гэтага немагчыма якасна кантраляваць працэс узнаўлення статка.
Немалаважны аспект – збалансаванасць кармоў. Рацыён кармлення складаецца з дапамогай камп’ютарных праграм, вядзе гэтую работу галоўны заатэхнік Ганна Жэрнавая, а дзякуючы выкарыстанню кормараздатчыкаў значна павысілася якасць кармлення жывёлы.
На МТФ “Колбава” яе загадчыцу Любоў Корзун мы знайшлі ў адным з хлявоў: па праходу рухаўся трактар з раздатчыкам кармоў, і жанчына назірала, як ідзе працэс, ці паядае жывёла кармавую масу.
Пад строгім кантролем Любові Мікалаеўны і яе калектыву – больш за 720 галоў БРЖ, з якіх 301 – дойны статак. Забяспечваюць бесперабойную работу МТФ і належны догляд жывёлы 15 чалавек.
Вытворчыя паказчыкі па гэтай ферме сведчаць аб граматна наладжанай і добрасумленнай рабоце жывёлаводаў. Штодня адсюль на перапрацоўчае прадпрыемства адпраўляецца па 5 т малака, прычым усё яно гатункам “экстра”, таварнасць прадукцыі складае 90%. За 9 месяцаў ад кожнай каровы тут атрымалі па 4715 кг малака, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года плюсуюць на 379 кг.
Па словах загадчыцы МТФ, калі забяспечана трывалая кармавая база, створаны належныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, на дастойным узроўні вядзецца племянная і селекцыйная работа, то высокія надоі не прымушаюць сябе чакаць. Аднак самым важным фактарам дасягнення высокіх вытворчых паказчыкаў Любоў Корзун назвала кадры. На ферме “Колбава” працуе шмат жывёлаводаў, якія душой хварэюць за сваю справу. Сярод іх, аператары машыннага даення Алеся Жаўлакова, Наталля Фірагіна, Таццяна Пінчук, жывёлавод Рыгор Слабукоў, аператар, які адказвае за бесперабойную работу даільнага абсталявання Валянцін Емяльянаў і іншыя.
Значны аб’ём работ вядзе Марына Чэмянцова, якая займаецца лячэннем грамадскага статка. Як вядома, высокія надоі і прывагі можна атрымаць толькі ад здаровай жывёлы, таму ў сельгасфіліяле ветэрынарная работа пастаўлена на высокі ўзровень. Кіраўніцтва поўнасцю забяспечвае ветурача неабходнымі прэпаратамі, галоўнае – своечасова іх прымяніць.
Заўсёды хапае клопатаў у працаўнікоў ферм, але, як кажуць, ёсць за што працаваць: выкананне планавых паказчыкаў дазваляе атрымліваць неблагія заробкі.
Сучаснае абсталяванне, захаванне рацыёнаў кармлення і догляду кароў, своечасовы ветэрынарны кантроль за здароўем жывёлы і згуртаваны калектыў, якім кіруюць кваліфікаваныя і надзейныя спецыялісты, дазваляюць спадзявацца, што і ў далейшым жывёлаводы СГФ “Чыгірынка” не здадуць сваіх дастойных пазіцый і будуць працаваць над павелічэннем вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўчай галіны.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.