На базе КСУП “Ніва-Барсукі” адбыўся семінар-вучоба па пытанні захавання тэхналагічных рэгламентаў пры вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, якія пасадзейнічаюць выкананню даведзенага нашаму раёну Магілёўскім аблвыканкамам задання па валавой вытворчасці малака. Было агучана, што з 1 лістапада перапрацоўчыя прадпрыемствы не будуць прымаць малако 1 гатункам, а вытворцаў такой прадукцыі плануецца прыцягваць да адказнасці.
Пра гэта і многае іншае ішла размова на семінары-вучобе з удзелам першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Уласевіча, старшыні райвыканкама Міхаіла Гулага, намесніка старшыні аблсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Уладзіміра Капусціна, першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Осіпава, з кіраўнікамі сельгасарганізацый раёна, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі, загадчыкамі ферм і комплексаў.
Анатоль Уласевіч агучыў патрабаванне старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца аб забеспячэнні выканання даведзенага задання па вытворчасці малака ў сельгасарганізацыях вобласці за кастрычнік-снежань бягучага года, асаблівая ўвага павінна быць нададзена яго якасці. У сувязі з гэтым кіраўніцтвам вобласці і было прынята рашэнне ў кожным раёне вобласці на базе адной з сельгасарганізацый правесці семінар-вучобу, каб абмеркаваць пытанні далейшага развіцця жывёлагадоўчай галіны, яе выхаду на рэнтабельную работу.
Па словах першага намесніка старшыні аблвыканкама Анатоля Уласевіча, у бягучым годзе сельгасарганізацыі вобласці нарыхтавалі значна больш сена, сенажу, сіласу, на 268 тыс. т павялічыўся намалот збожжавых, атрымана дадаткова 1300 галоў навацельных кароў – усё гэта дае падставы для павелічэння вытворчасці малака і мяса. Зараз асноўная задача – правільна накарміць жывёлу якаснымі кармамі, стварыць належныя ўмовы яе ўтрымання і тэхналагічна падаіць.
Калі яна будзе выканана, то ў многіх сельгасарганізацыях павялічыцца вытворчасць і малака, і мяса.
Як адзначыў Анатоль Уласевіч, нягледзячы на прадпрымаемыя захады, пакуль Магілёўскай вобласці не ўдаецца выйсці на планавыя паказчыкі, у сувязі з чым становішча трэба тэрмінова выпраўляць. Было падкрэслена, што для атрымання якаснай жывёлагадоўчай прадукцыі ў гаспадарках ёсць усё неабходнае: кармы, каровы, сучаснае даільнае абсталяванне. Трэба толькі прыкласці пэўныя намаганні, каб малако стала стабільнай крыніцай паступлення значных дадатковых грашовых сродкаў. Кіраўнікі сельгасарганізацый павінны рабіць штодзённы аналіз сітуацыі па вытворчасці і рэалізацыі малака. Калі ж здараюцца збоі ў рабоце, трэба тэрмінова разам з галоўнымі спецыялістамі падрабязна абмяркоўваць кожны факт, дэталёва разбірацца ў прычынах недаатрымання малака, падзення прываг.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы падкрэсліў актуальнасць разглядаемых пытанняў. Па яго словах, каб мець дастойныя вынікі работы жывёлагадоўчай галіны, неабходна ісці па шляху зніжэння затрат на вытворчасць прадукцыі, павышаць яе канкурэнтаздольнасць. У той жа час эфектыўнасць залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, ад правільнага выкарыстання кармоў, якія сёлета ў дастатковай колькасці маюцца ў кожнай гаспадарцы раёна, рацыянальнага падыходу да іх прыгатавання ў выглядзе кормасумесей. Важны крок у гэтым накірунку – выкарыстанне кормараздатчыкаў: корм вельмі добра здрабняецца, змешваецца і выдатна паядаецца каровамі. Шмат залежыць і ад атрыманага прыплоду, яго захаванасці. За кошт строгага выканання тэхналагічнага працэсу ўзнаўлення статка і вырошчвання маладняку можна значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі. Неабходна ісці па шляху стварэння належных умоў утрымання цялят, іх кармлення, лячэння і догляду.
З вынікамі работы КСУП “Ніва-Барсукі” за 9 месяцаў бягучага года пазнаёміў яго дырэктар Іван Рыняк. Па стане на 1 кастрычніка, пагалоўе БРЖ складала 4080 галоў, у тым ліку 1331 карову. За студзень-верасень атрымалі валавую вытворчасць малака – 5637 т, сярэдні ўдой на карову – 3931 кг. Рэнтабельнасць малака – 38%. Ніваўцы асноўны ўпор у рабоце робяць на захаванне тэхналогій утрымання, кармлення, даення кароў, як вынік – за чэрвень-верасень 100% атрыманага малака рэалізавана на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра” (з пачатку года было толькі 64%).
Менавіта на якасці малака спыніў увагу намеснік старшыні аблсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Уладзімір Капусцін. Ён адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці шэраг сельгасарганізацый не мае для рэалізацыі малака гатункам “экстра”. Таму старшынёй аблвыканкама перад упраўленнем аблсельгасхарчу пастаўлена задача тэрмінова выправіць сітуацыю.
Уладзімір Капусцін спыніў увагу ўдзельнікаў семінара-вучобы на неабходнасці распрацавання тэхналагічных карт на кожнай ферме і МТК. Было адзначана, што ўсю жывёлу трэба расставіць па секцыях, у адпаведнасці з фізіялогіяй, узростам, таму што ў такім выпадку маюцца свае асаблівасці ў працэсе яе ўтрымання, лячэння. Не менш важны этап – кармленне жывёлы. Першае, што трэба зрабіць – правесці лабараторнае даследавананне кармоў на спажыўнасць. У спецыяльнай камп’ютарнай праграме правесці іх збалансаванне па тых паказчыках, якіх не хапае ў кормасумесі.
Па словах спецыяліста, ёсць пэўныя праблемы і па якасці камбікармоў, якія гаспадаркі вобласці вырабляюць самі. Трэба кантраляваць у іх саставе ўтрыманне пажыўных рэчываў. Праведзены аналіз проб такіх камбікармоў у многіх выявіў недахоп бялку. Згодна тэхналогіі, уласна прыгатаваныя такім чынам камбікармы павінны ўтрымліваць у сваім саставе не менш 18-22% гэтага рэчыва.
Сярод узнятых падчас семінара-вучобы пытанняў асаблівая ўвага была нададзена ўзнаўленню грамадскага статка. Было адзначана, што гэта адзін з галоўных накірункаў работы па павелічэнні вытворчасці малака і мяса. Строга неабходна захоўваць і тэрміны вырошчвання маладняку: па тэхналогіі першае пладатворнае асемяненне цялушкі павінна рабіцца да 16-месячнага ўзросту. Некаторыя сельгасарганізацыі вобласці не прытрымліваюцца гэтага паказчыку, у выніку – ператрыманне цялушак прыносіць дадатковыя страты з-за перарасходу кармоў, недаатрымання прадукцыі жывёлагадоўлі.
Кіраўскі раён, адзначыў Уладзімір Капусцін, – адзін з нямногіх, дзе граматна наладжаны працэс асемянення цялушак. Ён праводзіцца ў адпаведнасці з тэхналогіяй, прычым жывёла адпавядае і неабходным вагавым кандыцыям, што ў будучым станоўча адбіваецца на атрыманні прыплоду. Як вынік, сярэднясутачныя надоі на карову па раёне складаюць 17 л – гэта вышэйшы паказчык у вобласці, у ліку лепшых кіраўчане і па валавой вытворчасці малака, яго таварнасці.
Падчас наведвання жывёлагадоўчых аб’ектаў былі разгледжаны і абмеркаваны самыя розныя пытанні па кармленні, утрыманні, даенні, лячэнні і догляду грамадскага статка, важнасці абслугоўвання даільнага абсталявання, належных санітарна-бытавых умоў для працаўнікоў ферм.
Падводзячы вынікі семінара-вучобы, Анатоль Уласевіч адзначыў, што бягучы год для жывёлаводаў Магілёўшчыны павінен стаць стартавым у павелічэнні вытворчасці прадукцыі. Падставы для гэтага ёсць…
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара
і Міхаіла Севасцьянава.