Самая вялікая ў свеце сіла – матуліна любоў

Самая вялікая ў свеце сіла – матуліна любоў

14 кастрычніка мы святкуем самае светлае свята – Дзень маці. Гэта яшчэ адна магчымасць выказаць словы шчырай удзячнасці і любові ўсім маці, якія дораць сваім дзецям пяшчоту і ласку, акружаюць увагай і клопатам…
На Кіраўшчыне пражывае 256 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 838 дзяцей. У 207 сем’ях – па 3 непаўналетніх дзетак, у 35 – па 4, у 9 – па 5, у 4 – па 6 і ў 1 – 8.

Марына Самойлава – любімая і пяшчотная матуля для дзетак і лепшая жонка для мужа Паўла.

Быць матуляй – гэта бясконцае шчасце, адчуванне крылаў за спіной, калі твае дзеці дабіваюцца поспехаў у вучобе, творчасці, любімых занятках, – так лічыць кіраўчанка Марына Самойлава, маці трох цудоўных сыноў – 15-гадовага Ягора, 10-гадовага Віці і паўгадовага Федзенькі. Сям’я для Марыны – крыніца радасці, надзеі, падтрымкі і веры ў яркую на падзеі будучыню.

Наша размова адбывалася ў доме Марыны і Паўла Самойлавых. Так атрымалася, што яны – мае суседзі, людзі, з якімі побач пражылі значную частку жыцця. У свой час, маладыя і мэтанакіраваныя, мы разам пачыналі будаваць свае дамы на завулку Рабцэвіча ў Кіраўску. Нараджаліся нашы дзяці, якія падрасталі і дружылі. На працягу многіх год ведаю гэтую сям’ю толькі са станоўчага боку: і як бацькоў, і як гаспадароў і суседзяў, і проста як чулых і неабыякавых людзей.
Марына сустракае на вуліцы перад уваходам: прайсці па дваравой тэрыторыі мне не дазволіла “ахова” ў выглядзе таксы Чыкі, якая гучным лаем паказвала, хто тут гаспадар. Уладкаваўшыся на мяккай канапе, пачынаем нашу гутарку. На руках у жанчыны – малодшы з сыночкаў – любімец сям’і Федзя. Часу ад часу ён перарывае нашу размову гукамі, зразумелымі пакуль толькі яму, і шчыра ўсміхаецца, калі матуля цалуе і абдымае яго. Гляджу на іх у гэты момант і на розум прыходзяць радкі з верша Аляксандра Гарадніцкага: “Самая прекрасная из женщин – женщина с ребенком на руках”.
Мнагадзетная сям’я – асэнсаваны выбар
Пра тое, што іх сям’я будзе мнага­дзетнай, Марына і Павел ведалі з таго часу, як адгулялі вяселле. Перад вачамі абодвух – цудоўныя прыклады: яны самі нарадзіліся і выраслі ў вялікіх сем’ях. У гаспадыні дома ёсць сястра-“блізняшка” і малодшы брат, у Паўла – двое братоў і сястра. Сваё дзяцінства яны лічаць шчаслівым, бо заўсёды адчувалі падтрымку бацькоў, братоў і сясцёр. І зараз, калі ўсе маюць свае сем’і, гэтая сувязь не парываецца, кожны з іх ведае, што ў выпадку неабходнасці на дапамогу абавязкова прыйдуць родныя людзі. Менавіта ў такой любові адзін да аднаго яны выхоўваюць і сваіх хлопчыкаў.
Марына зараз знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па догляду за дзіцяці да 3-х год, дагэтуль працавала інжынерам па нарміраванні працы на Кіраўскім участку паштовай сувязі Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта”, таму ўвесь свой час прысвячае сям’і. Дарэчы, сваю работу лічыць прадаўжэннем дынастыі паштовых работнікаў: яе матуля Еўдакія Пятроўна Міхалап больш за 30 год працуе паштальёнам аддзялення сувязі аг.Баравіца.
Каханне з першага позірку…
Менавіта так гаворыць Марына пра сваю лёсавызначальную сустрэчу з Паўлам на адным з паштовых аддзяленняў г.Бабруйска, куды яны падчас вучобы ў навучальных установах горада завіталі, каб патэлефанаваць сваім бацькам (на той час мабільныя тэлефоны былі вялікай рэдкасцю). Марына ўспамінае, як на некалькі секунд іх позіркі сустрэліся, але падысці Павел не адважыўся. Яшчэ хвіліна… і яны павінны былі разыйсціся ў розныя бакі, але іх спыніў агульны сябар. Так і пазнаёміліся. Праз год, у 2004 годзе, згулялі вяселле і сталі планаваць сваю будучыню.
Сямейнае жыццё
Жыць маладыя засталіся ў Бабруйску. Паўлу прапанавалі вакансію ў аўтатранспартным тэхнікуме, які ён толькі закончыў. Здымалі кватэру, нарадзіўся Ягорка. Па словах Марыны, неяк няёмка яны сябе адчувалі ў вялікім горадзе ў “чатырох вуглах”. Вельмі хацелася быць бліжэй да прыроды, мець магчымасць папрацаваць на зямлі, бо абодва выраслі ў вёсках, Марына – у Баравіцы, а Павел – у Быхаўскім раёне. Праз год не вытрымалі … і пераехалі ў Кіраўск.
Будаўніцтва дома
Аб тым, што жыць яны абавязкова будуць у доме, а не ў кватэры, вырашылі аднадушна. Сабралі неабходныя дакументы і атрымалі зямельны ўчастак у Кіраўску. І пачаўся ў іх жыцці ячшэ адзін няпросты, але ўмацаваўшы і без таго дружную сям’ю перыяд – будаўніцтва дома. Марына ўспамінае, што разам, у чатыры рукі, яны пачалі шлях да ажыццяўлення сваёй мары. Заўсёды былі побач адзін з адным: капалі зямлю, насілі цэглу і будматэрыялы, абмяркоўвалі планіроўку, фарбавалі сцены і клеілі шпалеры. Жанчына і дагэтуль памятае, колькі ж было радасці, калі яны пераступілі парог уласнага дома, месца, дзе пасялілася і зараз жыве іх шчасце…
Мацярынства – Божы падарунак
Калі Ягору было 5 год, нара­дзіўся Віця. Старэйшы брацік вельмі чакаў яго з’яўлення, ва ўсім дапамагаў бацькам: гуляў з малышом, карміў яго. Яны і зараз – як лепшыя сябры, падтрымліваюць адзін аднаго, разумеюць з паўслова. Цяпер жа цэнтрам яднання сям’і Самойлавых стаў маленькі Фёдар. Па словах Марыны, нараджэнне дзіцяці ў асэнсаваным узросце – ні з чым не параўнальнае адчуванне, гэта цудоўная магчымасць у шырокім сэнсе атрымаць асалоду ад мацярынства, па-новаму разам са сваім малышом прайсці незабыўныя моманты жыцця: ад дзіцячага садка – да заканчэння школы, ад выбару ім прафесіі і крока ў дарослае жыццё…
Удзячныя дзеці – шчасце для маці
Сваімі старэйшымі сынамі Марына і Павел вельмі ганарацца (у Фёдара пакуль усё наперадзе). І ёсць чым. Ягор добра вучыцца, пераможца раённых і абласных алімпіяд па фізіцы і матэматыцы, актыўны ўдзельнік самых розных творчых конкурсаў. Віктар вельмі любіць маляваць, а таксама ён, як і тата, спецыяліст па рамонту тэхнікі. Павел больш за 10 год на прафесіянальным узроўні займаўся рамонтам тэхнікі ў ЧТУП “Аўтатэхпартнёр”. Хлопчыкі заўсёды дапамагаюць матулі па хатняй гаспадарцы. Ягор часцяком “балуе” сям’ю піцай уласнай вытворчасці і, па словах Марыны, яна атрымліваецца вельмі смачнай.
Пакуль мы размаўляем, на яе мабільным раздаецца званок: Віця папярэ­дзіў матулю, што выйшаў са школы і накіроўваецца дадому. Праз гадзіну аб гэтым паведаміў і Ягор. Аказваецца, у іх сям’і так прынята, Марына кажа, так ёй спакайней на душы, калі ведае, што з рабятамі ўсё добра. І тэлефанаваць хлопчыкі ніколі не забываюць.


Сямейныя вечары і адпачынак
Для Самойлавых самыя любімы мамонт сямейнага жыцця – калі ўвечары ўся сям’я збіраецца дома. Разам ідуць на кухню, гатуюць вячэру, а потым пачынаецца абмеркаванне прайшоўшага дня. І гэта для іх – традыцыя. Марыну радуе, што ў іх сям’і пануе поўнае ўзаемаразуменне: хлопчыкі давяраюць ім, расказваюць пра свае нейкія турботы, бо ведаюць, што іх падтрымаюць, дадуць слушную параду. Калі Федзю кладуць спаць, усе садзяцца за кнігі, такое правіла ўстанавіў Ягор, які захапляецца чытаннем з дзяцінства. Перавагу ён аддае амерыканскаму аўтару Роберту Кійоасакі, які напісаў шэраг кніг па інвесціраванню, бо ў будучым хлопец плануе звязаць сваё жыццё са сферай эканомікі. У выхадныя дні ўсе любяць сумесные паездкі на прыроду і рыбалку, нават Федзя ўжо спрабаваў лавіць рыбу, у будучым, упэўнена жанчына, ён, як і старэйшыя браты з татам, будзе заядлым рыбаком.
Самае любімае сямейнае свята – Новы год. Упрыгожваннем дома зай­маюцца ўсе, кожны рыхтуе падарункі. Абавязкова наведваюць і віншуюць бабуль і дзядуляў. Святочныя стравы спачатку абмяркоўваюцца ўсімі членамі сям’і, а потым разам іх і гатуюць. Матуліны святы – Дзень жанчын, Дзень маці і дзень нараджэння. Яе мужчыны ў гэтыя дні пачына­юць раніцу з падарункаў і кветак для Марыны, а таксама кофе і пірожных у ложак. На кухню ёй уваход у гэтыя святы забаронены. Самымі дарагімі падарункамі жанчына лічыць сувеніры, малюнкі і вырабы, якія сыночкі зрабілі сваімі рукамі, нават калі яшчэ наведвалі дзіцячы садок. Усё гэта трапятліва захоўваецца, бо нагадвае пра яркія моманты шчырай дзіцячай любові. Моцная палова Самойлавых ведае і пра любімую салод­касць Марыны – торт “Напалеон”. Ягор нават з першай сваёй зарплаты (працаваў у час летніх канікулаў) купіў яго для мамы, што расчуліла жанчыну да слёз.
Выхаваць і падтрымаць
Марына і Павел імкнуцца выхаваць сваіх сыноў дастойнымі людзьмі, усебакова развітымі асобамі, каб кожны з іх выбраў свой асабісты шлях і цвёрда па ім ішоў. А яны, у сваю чаргу, зробяць усё ад іх залежачае, каб дзяцей ніколі не пакідала адчуванне моцнай бацькоўскай падтрымкі і ўсё жыццё яны ведалі, што ёсць самая вялікая ў свеце сіла – матуліна любоў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Последние новости

Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
Общество

Прямые телефонные линии проведёт руководство Кировского РОВД

23 апреля 2024
Общество

Заседание постоянно действующей комиссии по координации работы по содействию занятости населения пройдёт в Кировске

23 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан Кировщины на правовом приёме были решены

23 апреля 2024
Актуально

Делегаты VII ВНС от Кировского района – о своём избрании в конституционный орган страны

23 апреля 2024
Ваше здоровье

Европейская неделя иммунизации проводится на Кировщине

23 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировский триумф в Бресте! И не только…

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
В районе

Віншуем з прыбаўленнем!

23 апреля 2024

Рекомендуем

Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024
2024 - Год качества

С 29 марта по 22 апреля на выставке достижений народного хозяйства в Москве проходит выставка, посвящённая Дням Могилёвской области

17 апреля 2024
Актуально

“Весенний бал” принял молодых специалистов Могилёвщины в Жиличах

19 апреля 2024