Райспажыўтаварыства правяло рамонт аднаго са старэйшых аб’ектаў горада – магазіна “Спадарожнік”. Зараз гандлёвая кропка працуе пад дэвізам “Тэрыторыя прыемных пакупак”.
Маштабныя рамонтныя работы доўжыліся на працягу некалькіх тыдняў, для гэтага аб’ект прыйшлося часова зачыніць. Жыхары блізляжачых дамоў прызналіся, што з нецярпеннем чакалі адкрыцця магазіна: тут, у некалькіх метрах ад месца пражывання, можна набыць харчовыя тавары першай неабходнасці, ды і адчынены ён з 7 гадзін раніцы да 1 гадзіны ночы – гэта адзіная ў райцэнтры гандлёвая кропка з такім рэжымам работы. Таму, як толькі над уваходам у краму з’явіўся запрашальны надпіс “Мы адкрыліся”, пакупнікі паспяшаліся наведаць любімы магазін. Не засталася ў баку і “раёнка”.
Першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Таццяна Акушэвіч расказала, што перад спажыўкааперацыяй стаіць задача зрабіць свае магазіны тэрыторыяй прыемных пакупак. “Чытачы газеты, упэўнена, запрыкмецілі, што ў апошнія гады актыўна вядзецца абнаўленне гандлёвых аб’ектаў, – адзначыла Таццяна Валер’еўна. – Мяняецца іх знешні і ўнутраны выгляд, абнаўляюцца абсталяванне і інтэр’еры, укараняецца метад самаабслугоўвання, пашыраецца асартымент рэалізоўваемых тавараў, павышаецца культура абслугоўвання – адным словам, робіцца ўсё, каб наблізіць тавар да пакупніка і зрабіць наведванне нашых магазінаў зручным і камфортным, прыемным”.
Варта дадаць, што абнаўленне гандлёвых аб’ектаў праводзіцца згодна распрацаванага спецыялістамі Белкаапсаюза брэндбука – адзінага стылю ў афарміцельскім дызайне, тэхналогіях – усё для таго, каб магазіны спажыўкааперацыі былі больш прывабнымі і лёгка пазнаваемымі.
Падчас рамонтных работ абнавілі фасад “Спадарожніка” і ганак. Для зручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўладкавалі пандус. Унутры магазіна поўнасцю замянілі падлогу, столь, ашалёўку сцен, устанавалі шклопакеты. Знайшлося новае светлавое, рэкламнае і дызайнерскае рашэнне – усе выканана ў шэра-чырвоным колеры.
Таццяна Акушэвіч падкрэсліла, што адным з важных новаўвядзенняў стала набыццё новага халадзільнага і гандлёвага абсталявання, што дазволіла наблізіць тавар да пакупнікоў, поўнасцю перайсці ў фармат самаабслугоўвання і пашырыць асартымент тавараў: першым чынам, малочнай і рыбнай прадукцыі, агародніны і фруктаў, кандытарскіх вырабаў, паўфабрыкатаў, прадстаўлены таксама гаспадарчыя тавары штодзённага попыту. Асартымент падабраны з улікам густаў і пераваг пакупнікоў. “Прадуманае зручнае размяшчэнне гандлёвага абсталявання дазваляе пакупніку свабодна падыйсці да тавара, узяць у рукі, азнаёміцца з неабходнай інфармацыяй аб яго вытворчасці. Як паказвае практыка, такі фармат абслугоўвання больш падабаецца наведвальнікам магазінаў”, – дадала наша суразмоўца.
Дзеля зручнасці і наведвальнікаў, і прадаўцоў укаранёна аўтаматызаваная сістэма ўліку тавару, а таксама новае касавае абсталяванне з вялікім экранам, на якім пакупнік бачыць, што і па якім кошце набывае, дарэчы, такую ж інфармацыю ён атрымлівае і ў чэку.
Акрамя усяго вышэй пералічанага, пакупнікоў “Спадарожніка” вітае калектыў маладых прадаўцоў, многія з якіх – новыя ў гэтым гандлёвым аб’екце. Загадвае імі прадавец Таццяна Міхалап (на здымку ўверсе). “Гэты спецыяліст, можна сказаць, “свой”, – расссказвае Таццяна Акушэвіч. – Некалькі год таму пачынала дзейнасць у былым кафэ “Кіраўчанка”, затым была прадаўцом у магазіне “Родны кут”. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства ўбачыла ў гэтым спецыялісце патэнцыял, а галоўнае, – жаданне працаваць сумленна, выконваць даручаную справу як мага лепш. Таму мы прапанавалі ёй паспрабаваць свае сілы ў якасці загадчыка магазіна. Адразу абумоўлюся, што задача перад калектывам – не з лёгкіх. “Спадарожнік” знаходзіцца ўздоўж аўтатрасы Магілёў – Бабруйск, мае шматгадзінны рэжым работы, з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай нашага таварыства. Разам з іншым надаем значную ўвагу павышэнню культуры абслугоўвання пакупнікоў, каб нашы магазіны сапраўды сталі тэрыторыямі прыемных пакупак”.
Райспажыўтаварыства актыўна ўкараняе сучасныя гандлёвыя тэхналогіі з выкарыстаннем камп’ютарных сістэм. У 27 магазінах раёна – а гэта большая палова – праведзена аўтаматызацыя гандлёвых працэсаў.
Сучасныя тэхналогіі і камфортнае абслугоўванне набліжаюцца і да жыхароў сельскіх населеных пунктаў. Рамонты і пераабсталяванне праведзены ў гандлёвых кропках усіх аграгарадкоў раёна, зараз гэтая работа вядзецца ў астатніх вёсках, у якіх дзейнічаюць стацыянарныя магазіны.
Летась новае аблічча набылі гандлёвыя аб’екты райспажыўтаварыства ў Пацавай Слабадзе і Чыгірынцы, сёлета – у Стайках.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.