У сельгасарганізацыях раёна праходзіць справаздачная кампанія. Першымі падвялі вынікі работы за 2020 год працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”: ёсць чаму парадавацца, есць над чым папрацаваць.
У выніковым сходзе прымалі ўдзел старшыня прафкама РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” Андрэй Грамыка, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Савіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вераніка Касьміна, старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг.
Слова трымаў дырэктар філіяла Ігар Кузняцоў. Першым чынам ён падзякаваў працаўнікам за зладжаную і адказную работу, адзначыўшы, што з такім калектывам, кожны з членаў якога неабыякавы да выканання асабістых працоўных абавязкаў, – можна працаваць паспяхова, выконваць любыя вызначаныя задачы.
Па выніках работы за 2020 год тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 124% да ўзроўню 2019 года пры заданні 105,9%.
Падрабязней спыніліся на найбольш прыярытэтнай галіне дзейнасці філіяла – жывёлагадоўлі. Добра папрацавалі над вытворчасцю малака і мяса. Было надоена 8615 тон (122%) малака – гэта на 1598 тон больш за ўзровень 2019 года, атрымана 517 тон мяса (109%). Сярэдні ўдой на карову склаў 7073 кг, 99,4% вырабленага малака рэалізавана гатункам “экстра”, тлустасць – 3,8%.
Ігар Кузняцоў адзначыў, што значная заслуга ў добрых выніках – кожнага з жывёлаводаў, аднак асноўная – галоўнага заатэхніка Ганны Каліноўскай, а таксама загадчыкаў ферм Ірыны Краўцовай, Наталлі Іванчыкавай, Любові Корзун, Святланы Іваніцкай, Ларысы Плюцінскай. “Калі загадчык, як гаворыцца, на сваім месцы, тады і справы ладзяцца”, – падагульніў Ігар Уладзіміравіч.
Затым ён агучыў імёны жывёлаводаў, якія дасягнулі лепшых вытворчых паказчыкаў: Аксана Брага, Ірына Канстанцінава, Валянціна Бабіцкая, Жанна Патапава, Святлана Зыранава, Святлана Слабукова, Наталля Фірагіна, Алеся Жаўлакова, Таццяна Пінчук.
Словы ўдзячнасці за адказную працу былі адрасаваны аператару па штучным асемяненні жывёлы Алене Шчэрба. За леташні год атрымалі 1665 галоў прыплоду, што на 191 болей чым 2019 годзе. Добрых паказчыкаў прываг дасягнулі аператары па дарошчванні БРЖ Юлія Глазкова, Таццяна Шаболда і Ала Манкевіч.
У планах на бягучы год – пераступіць парог 9000 т па агульным надоі малака.
Дзеля паляпшэння ўмоў працы і павышэння вытворчасці прадукцыі плануецца далейшая рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў на ферме №4 у Стайках, на гэтым жа аб’екце распачнецца будаўніцтва новага гноясховішча.
Нядрэнных вынікаў дасягнулі і раслінаводы сельгасфіліяла. Летась яны сталі пераможцамі ў спаборніцтве сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі, у намінацыі “За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур”.
Галоўны аграном СГФ “Чыгірынка” Юрый Смятана адзначыў: “Мінулагодні сезон быў нядрэнным для работнікаў галіны раслінаводства. Намалочана 4888 тон збожжа ў першапачаткова апрыходаванай вазе – гэта 168% да намалоту 2019 года пры ўраджайнасці 37,3 ц/га. Нарыхтавана 20938 тон сіласу, 9679 тон сенажу, 1505 тон сена.
У разрэзе сельсгаскультур самую вялікую ўраджайнасць далі азімае жыта – 38,5 ц/га, трыцікале – 36,2 ц/га, авёс – 40,6 ц/га.
Для кукурузы, якую вырошчвалі на зерне, год быў не самым спрыяльным: атрымалі па 80 ц/га, намалацілі 802 тоны.
На працягу двух год мы займаемся вырошчваннем гібрыднага жыта. Летась пад яго было адведзена 186 га. У сярэднім атрымлівалі па 50 ц на круг, а на ўчастку ў 52 га ва ўрочышчы Гогаль намалочвалі і па 55 ц.
У планах на бягучы год – нарыхтаваць больш збалансаваны корм для жывёлы. Для гэтага плануем атрымаць 15 тыс. тон сенажу і 16 тыс. тон сіласу, а таксама дасягнуць намалоту ў 5 тыс. тон (з кукурузай) збожжавых пры ўраджайнасці 40 ц/га”.
Для рэалізацыі планаў у чыгірынцаў ёсць усе магчымасці. Зачын зроблены: азімымі занята 1039 га. Вясной у глебу пакладуць насенне кукурузы (па 600 га – на сілас, 200 га – на збожжа), яравых збожжавых (250 га, 50 га з якіх адвядуць пад вырошчванне аўса), аднагадовых (750 га) і шматгадовых (500 га) траў.
Удзячнасць ад кіраўніка за добрасумленную працу і добрыя вытворчыя паказчыкі атрымалі Юрый Смятана, брыгадзір раслінаводчай брыгады Галіна Лук’янава, кладаўшчык Лілія Гарулёва, вагаўшчык Алена Баркова, прадстаўнікі інжынернай службы на чале з Васілём Шаболдам, механік Юрый Фірагін, энергетык Леанід Чамянцоў, дыспетчар Галіна Фірагіна, запраўшчык Валянціна Юхнавец.
Ушанавалі лепшых механізатараў: Сяргея Брэндзікава, які ўпершыню намалаціў больш за тысячу тон збожжа, Сяргея Фірагіна, Сяргея Чорнага, Леаніда Іванчыкава, Мікалая Бабіцкага, Дзмітрыя Конюхава, Віктара Данцова, Руслана Гайшуна, Мікалая Казакова, Анатоля Кузьміна, Аляксандра Манкевіча, Анатоля Свіркова.
Была адзначана прыкладная праца вадзіцеляў Валерыя Замкова і Сяргея Іванчыкава, а таксама электраманцёраў Аляксандра Чужынава, Уладзіміра Навуменкі, Віктара Калабухіна.
Падарунак працаўнікам палёў і ферм – тэматычную канцэртную праграму – падрыхтавалі работнікі Чыгіырынскага сельскага Дома культуры і ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».