Калі ў душы пануе вясна…

Калі ў душы пануе вясна…

Пачатак сакавіка для кіраўчанкі Галіны Пархамовіч, загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, асацыіруецца з залацістымі прамянямі сонейка, спевамі птушак, цюльпанамі – першымі вестунамі надыходзячай цеплыні. Прычым гэтыя асацыяцыі жывуць
у яе душы, нават калі за вакном пануе сцюжа. А ўся справа ў тым,
што нарадзілася Галіна Уладзіміраўна якраз у другі дзень вясны, незадоўга
да цудоўнага дня, прысвечанага жанчынам, – 8 Сакавіка. Шчырыя пажаданні з нагоды гэтых святаў у яе адрас – ад сям’і, калег па рабоце, сяброў, удзячных пацыентаў здольныя растапіць лёд у душы і ўпрыгожыць жыццё шчаслівымі эмоцыямі.

У медыцыне Галіна Пар­ха­мо­віч 40 год, усе – у Кіраўскай райбальніцы. Пачынала свой шлях у прафесію з вучобы ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Жанчына расказала: “Жаданне быць урачом і менавіта тэрапеўтам – спецыялістам шырокага профілю – з’явілася ў мяне невыпадкова: мой дзядзька Л.М.Некрашэвіч працаваў сельскім фельчарам у Мышкавіцкім ФАПе, два стрыечныя браты былі ваеннымі медыкамі – акулістам і хірургам. Іх жыццё, расказы з практыкі прамым чынам паўплывалі на мой прафесійны выбар”.

Аднак сціплая вясковая дзяўчына, а нара­дзілася і расла Галіна Уладзіміраўна ў в.Валосавічы нашага раёна ў сям’і сельскіх працаўнікоў, разумела: каб паступіць у медінстытут, патрэбна сур’ёзная падрыхтоўка. Таму пасля заканчэння Мышкавіцкай школы яна на працягу года займалася на падрыхтоўчых курсах у Віцебску, дзе больш паглыблена выкладалі хімію, біялогію і іншыя патрэбныя для паступлення навукі. Стаць студэнткай Віцебскага медінстытута ёй удалося з першай спробы. Гады вучобы праляцелі, як імгненне: усё было цікава і захапляльна. У 1980 годзе пасля праходжання інтэрнатуры ў адной з устаноў аховы здароўя Бабруйска малады медработнік прыступіла да выканання абавязкаў урача-інфекцыяніста ў райбальніцы.
Галіна Уладзіміраўна дагэтуль памятае свой першы працоўны дзень: “Я, вядома, хвалявалася: пачынаю самастойна працаваць доктарам, а гэта значыць ускладаю на сябе адказнасць за здроўе і жыццё людзей. Акрамя таго трэба было ўліцца ў працоўны калектыў. У першы дзень я прыйшла на работу з мужам Фёдарам Леанідавічам, з гэтага моманту і на працягу ўсяго жыцця ён падтрымліваў, дзякуючы чаму, у мяне быў час дасканала асвойваць прафесію і развівацца ў ёй. На пяціхвілінцы медработнікаў пазнаёмілася з калегамі. Узначальваў установу ў той час М.І.Палякоў, начмедам была Н.І.Дуброўская, урачом-неўрапатолагам – А.К.Баяршчонак. Яны сустрэлі мяне добразычліва, падтрымалі, дзяліліся сваім вопытам, а Надзея Іванаўна стала сяброўкай па жыцці”.
За гады работы ў райбальніцы Галіна Пархамовіч была занята на розных участках: працавала ў паліклініцы ўрачом функцыянальнай дыягностыкі, падлеткавым доктарам, а з 1986 года і дагэтуль яна – у тэрапеўтычным аддзяленні.

Багаты медыцынскі вопыт тэрапеўта Пархамовіч вельмі спатрэбіўся падчас пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Калі ў красавіку 2020 года ў райбальніцу сталі паступаць першыя пацыенты з COVID-19, менавіта яна зай­малася іх лячэннем, узначаліла інфекцыйнае аддзяленне. Жанчына прызналася, што ў першы час ёй, як і іншым, безумоўна, было страшна, бо ўвесь свет сутыкнуўся з невядомай раней інфекцыяй. Не зразумела: як і чым лячыць, якія могуць быць наступствы пасля захворвання. Аднак Галіна Уладзіміраўна даверылася свайму вопыту і падтрымцы калег. Перапынак у барацьбе з каранавірусам быў летам, калі пандэмія крыху аслабла. З кастрычніка тэрапеўт Пархамовіч зноў актыўна лячыла хворых на COVID-19, пакуль у снежні не інфікавалася сама. Хвароба ў яе працякала нялёгка, давялося лячыцца ў бальніцы ў сваіх жа калег. На пытанне, ці была яна адказным пацыентам, наша суразмоўца адказала: “Так! Я была вельмі адказнай, бо сама ж доктар і добра ведаю, як спрыяе станоўчым вынікам у лячэнні строгае выкананне медыцынскіх назначэнняў і жаданне быць здаровым”.

Зараз кваліфікаваны спецыяліст зноў на сваім рабочым месцы. Пнеўманіі, язвы, інфаркты – тое, з чым паступаюць жыхары раёна да яе на лячэнне часцей за ўсё. Галіна Уладзіміраўна прызналася: “Я шчыра радуюся таму, што за апошнія дзесяцігоддзі медыцына развіваецца. Сучасныя сродкі і метады лячэння, якія мы зараз прымяняем, дазваляюць істотна захаваць здароўе і, вядома, жыццё людзей.
Ведаеце, я ні разу не па­шкадавала, што стала ўрачом. Я спрабавала ўявіць сябе ў якой-небудзь іншай прафесіі, але мне гэта не ўдалося. Дзякуй лёсу, што ў юнацтве зрабіла правільны выбар”.
Яшчэ доктара Пархамовіч радуе, калі яе пацыенты добрасумленна выконваюць назначэнні, сочаць за сваім здароўем і своечасова звяртаюцца за медыцынскай дапамогай.
Якой павінна быць жанчына-доктар? Не задумваючыся, наша суразмоўца адказала: па-першае, добрай, бо для кожнага пацыента важна адчуваць сябе камфортна і спакойна пры зносінах з медработнікамі; па-другое, уважлівай: больш паловы інфармацыі, патрэбнай для лячэння, мы атрымліваем з анамнэза; ну і трэцяе, патрабавальнай да медперсаналу, таму што любая недакладнасць альбо памылка пры выкананні працэдур і прыёме лекавых сродкаў можа каштаваць хвораму жыцця”.
…Пасля напружанага працоўнага дня Галіна Уладзіміраўна любіць пачытаць газеты і раманы, паглядзець меладрамы. Заўсёды з нецярпеннем чакае, калі да яе прыедуць з Магілёва любімыя сын Аляксей і ўнук Сашка – вучань 8 класа. Менавіта іх віншаванні і пажаданні з нагоды веснавых святаў – самыя дарагія для яе сэрца.
Напярэдадні 8 Сакавіка Галіна Пархамовіч жадае жанчынам – калегам, пацыенткам і чытачкам раённай газеты – быць па-сапраўднаму шчаслівымі ў сваіх сем’ях, бо, на яе погляд, сям’я для прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва – на першым месцы, ну і, вядома ж, быць здаровымі!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».

Последние новости

Профилактика и безопасность

В Могилевской области отмечается рост подростковой преступности по 222 статье УК Республики Беларусь

28 марта 2024
Общество

Аўтар першага беларускага рамана

28 марта 2024
В Комитете госконтроля

Проверили торговлю

27 марта 2024
Образование

Белая ладья

27 марта 2024
В стране и мире

Василевская на МКС приступила к выполнению исследовательской части полета

26 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко о возможных провокациях: нарушили госграницу – к уничтожению

26 марта 2024
Общество

Профсоюзы: защищая и помогая

26 марта 2024
Общество

Порядок завершения осенне-зимнего периода

26 марта 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

26 марта 2024
Общество

Заседание комиссии

26 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

В Кировске состоялось торжественное вручение паспортов

15 марта 2024
Общество

Быть гражданином Республики Беларусь – это большое счастье, высокая честь

15 марта 2024
Актуально

Сегодня состоялось совместное заседание президиума Кировского районного Совета депутатов и Кировского районного исполнительного комитета

19 марта 2024
Актуально

Кировск встречает весну

16 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В День памяти жертв Хатынской трагедии в Кировском районе состоялся автопробег

22 марта 2024
Актуально

В Кировске состоялось чествование победителей областного смотра-конкурса первичных организаций ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск

22 марта 2024
В стране и мире

Состоялся телефонный разговор Лукашенко с гендиректором “Роскосмоса”

22 марта 2024
Общество

В ЦДОДиМ состоялся конкурс «Мисс детский сад-2024»

19 марта 2024