Масленіца ў Кіраўску
Сёння на плошчы імя Кірава масава і весела прайшлі народныя гулянні “Масленіца”. Гараджане прыйшлі сем’ямі, далучыліся да іх і жыхары сельскіх населеных пунктаў. Сумаваць не прыйшлося нікому: для дзяцей і моладзі, і дарослых знайшліся забавы, балазе, тут пастараліся і культработнікі, і аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і іншыя. Нават надвор’е вырашыла паспрыяць святу: перастала паліваць халодным дажджом, на веснавым небасхіле ўсім на радасць паказалася сонейка.
Работнікі РДК цікава расказалі пра гісторыю і традыцыі Масленіцы. Гучалі народныя песні ў выкананні культработнікаў, творчых калектываў Скрыпліцкага, Дабаснянскага, Баравіцкага сельскіх Дамоў культуры. Прымалі ўдзел у Масленіцы і прадстаўнікі Мышкавіцкага СДК. Прысутныя на свяце вадзілі карагоды і танчылі, удзельнічалі ў гульнях, спартыўных і іншых конкурсах, нават на хуткасць паяднання бліноў – галоўнай стравы Масленіцы.
Блінамі, шашлыкамі, смажанкамі, рознымі іншымі прысмакамі можна было пачаставацца ў гандлёвай палатцы райспажыўтаварыства, вырабы народнай кухні прадэманстравалі і сяльчане.
Па агульнаму добраму настрою і пазітыўным эмоцыям можна было пераканацца, што свята ўдалося!
Фота Наталлі ХАДАКОВАЙ.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».