Удзячная памяць пра калгас “Рассвет” і яго людзей

Удзячная памяць пра калгас “Рассвет” і яго людзей

Журналісцкі лёс нядаўна звёў мяне з цудоўнымі людзьмі, якія ў свой час, будучы маладымі спецыялістамі, працавалі ў калгасе “Рассвет” разам з Кірылам Пракопавічам Арлоўскім, – гэта Мікалай Аляксандравіч і Алена Дзмітрыеўна Чапёлкіны. Яны пражываюць у Горках, а ў верасні адпачывалі ў рассветаўскай здраўніцы. Нашай сустрэчы пасадзейнічала начальнік санаторыя імя К.П.Арлоўскага Вольга Гаршкова. У ёй прымала ўдзел намеснік дырэктара ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава, якая завітала да шаноўных гасцей з кветкамі і сувенірамі ад дырэкцыі гаспадаркі.
Падчас нашай шчырай размовы Мікалай Аляксандравіч і Алена Дзмітрыеўна з цёплымі пачуццямі, настальгічнымі ноткамі расказалі гісторыю свайго з’яўлення і далейшай працы ў Кіраўскім раёне.

Рассветаўцы, прымайце папаўненне!

1962 год. Мікалай і Алена заканчваюць Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. На 3-м курсе ажаніліся, на момант размеркавання ўжо былі на паўшляху да папаўнення сям’і.
Іх выпуск складаў 250 чалавек, усе ведалі, што ёсць магчымасць трапіць у вядомую на ўвесь Савецкі Саюз гаспадарку – калгас “Рассвет”: яе старшынёй К.П.Арлоўскім была пададзена заяўка ў БСГА на двух спецыялістаў.
“Спецыя­ліс­таў сельскагаспадарчай галіны тады не хапала, – успамінае Мікалай Аляк­сандравіч. – На размеркаванне прыехалі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі, кадравікі з усіх абласцей. Прыбыў і прадстаўнік абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі: там разумелі, што ў “Рассвет” трэба накіраваць спецыялістаў адпаведнага ўзроўню”.
Але Арлоўскі, падаючы заяўку, удакладніў, што яму патрэбна сямейная пара выпускнікоў, каб замацаваліся ў калгасе, не з’ехалі. Дэкан прапанаваў размеркаванне ў “Рассвет” Чапёлкіным. Мікалай быў актыўным студэнтам, акрамя добрасумленнага авалодвання ведамі, грунтоўна зай­маўся спортам, прымаў удзел у мастацкай самадзейнасці. Маладыя людзі далі згоду.
“Неўзабаве, – расказала Алена Дзмітрыеўна, – нас паклікала сакратар акадэміі: маўляў, Кірыла Пракопавіч прыехаў, хоча з вамі пазнаёміцца асабіста і пагутарыць. Мы – бягом да яго. Пытанні задаваў розныя. А потым адзначыў, што мы адпавядаем яго запытам. Я захвалявалася. Гавару, які ж я спецыяліст – праз пяць месяцаў стану маці. А ён: “Гэта мне і падабаецца. Можаш нараджаць хоць пяцёра. Будзеш дырэктарам санаторыя і будзеце там жыць…”. Гэта быў першы санаторый у Беларусі, а я аказалася першым яго кіраўніком. Там нам пакой выдзелілі, і пачалося наша новае жыццё…”. Было гэта ў пачатку красавіка 1962-га.

Новае жыццё

Мікалая Чапёлкіна прызначылі садаводам, а праз два месяцы яму была даверана адказная пасада галоўнага агранома. У жніўні яго абралі сакратаром парткама калгаса і яшчэ адзін адказны ўчастак работы дадалі. Але пра гэта пазней.
З санаторыя да Мышкавіч на работу і назад малады спецыяліст ездзіў на купленым за ўласныя сродкі веласіпедзе. Алена Дзмітрыеўна з усмешкай адзначыла, што пасля такога шляху “на касцюме мужа рэпу сеяць можна было”.
Яна ўспамінае далей: “Не паспелі мы ўвайсці ў рытм новага жыцця, Арлоўскі аб’яўляе: прыедзе Пётр Міронавіч Машэраў, на той момант – сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, і мае намер наведаць санаторый. Я так усхвалявалася! А ён аказаўся простым у зносінах: для прывітання падаў руку, абняў за плечы. Наша здраўніца яму спадабалася.
Толькі адзін тыдзень сыну споўніўся, я была ўжо на рабоце. Радзіны спраўлялі з Кірылам Пракопавічам і яго жонкай Таццянай Васільеўнай, якая прынесла ў падарунак па10 метраў байкі і фланэлі. Дастаць такі “скарб” не было дзе. Парэзала тканіну па метру – вось і пялёнкі атрымаліся”.
Мікалай Аляксандравіч працягвае размову: ”Столькі напісана пра К.П.Арлоўскага, столькі сказана, думаю, няма неабходнасці паўтараць. Акрамя іншага, хачу адзначыць яго рашучасць, а часам непрадказальнасць.
Адпрацавалі мы ў “Рассвеце” няпоўны год, у лютым быў калгас­ны справаздачна-выбарны сход. У прэзідыуме – першыя сакратары абкама і райкама партыі, старшыня райвыканкама. Прадастаўляюць слова Арлоўскаму для справаздачы, абвяшчэння планаў на будучыню. А ён – маўляў, я ўжо столькі разоў даваў справаздачы, вось ёсць у нас малады спецыяліст Мікалай Чапёлкін, давайце паслухаем, як ён валодае сітуацыяй у калгасе. Нечакана гэта было для мяне, але нармальна ўсё прайшло. У “Рассвет” тады прыязджалі дэлегацыі з Балгарыі, Венгрыі, Чэхаславакіі, іншых краін. Добрую палову экскурсій з гасцямі праводзіў я. Таму сітуацыяй у гаспадарцы валодаў грунтоўна: лічбавай і не толькі”.

Рэдактар калгаснай газеты “По ленинскому пути”

“Ідзе сход упаўнаважаных калгаса, – працягвае размову М.А.Чапёлкин. – На парадку дня – розныя пытанні. Кірыла Пракопавіч раптам указвае на мяне: “Вось ён рэдактарам нашай газеты будзе”. Я на сценгазету ніколі не рабіў, а тут – рэдактар друкаванага органа партарганізацыі і праўлення калгаса “Рассвет”! “Нічога, навучым”, – заявіў Арлоўскі. І паехалі мы ў рэдакцыю Бабруйскай газеты “Камуніст” (зараз – “Бабруйскае жыццё”). Там Міхаіл Каган працаваў, а раней – у Кіраўску на радыё. Гаворыць ён мне – раскажы, што ў вас у калгасе робіцца. Расказаў. Ён – садзіся і пішы. Дыктаваў мне. Гадзіны тры-чатыры патрацілі, набралі тэкста на дзве газетныя паласы. А далей – вёрстка”.
Выпускалася шматтыражка ў Бабруйскай друкарні імя А.Ц.Непагодзіна, потым – у Кіраўску. Выходзіла два разы на тыдзень. Паведамляла пра навіны ў маштабах рэспублікі, калгасныя справы, людзей “Рассвета”. Часта аўтарамі былі спецыялісты, працаўнікі гаспадаркі. Усе артыкулы рыхтаваў рэдактар, і ўсё астатняе рабіў сам.

У газеце існавала рубрыка “За ушко да на солнышко”, у якой высмейвалі нерадзівых работнікаў. Бывала, “героі” публікацый пазбаўляліся дадатковай аплаты працы, якая была істотнай…
У Бабруйску быў ларок, дзе гандлявалі прадукцыяй “Рассвета”. І кожную раніцу туды ездзіла машына з прадукцыяй. М.А.Чапёлкін падсаджваўся, каб завезці матэрыялы для газеты або перадаваў іх шафёру.
Сям’і Чапёлкіных па іх просьбе для большай зручнасці было прадастаўлена жыллё ў Мышкавічах, на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Да 2-х гадзін святло ў вокнах іхняга дома гарэла: муж для чарговага нумара газеты пісаў, жонка, якая, адпрацаваўшы паўтара года ў санаторыі, перайшла ў мясцовую школу выкладаць вучням хімію, – за праверкай сшыткаў, напісаннем планаў. А ў 6 гадзін яму трэба было на разнарадку. Стомленасці не ведалі: трэба – значыць трэба!

Рассветаўскія навацыі

Мікалай Аляксандравіч расказаў пра рассветаўскія навацыі, у якія і ён унёс свой уклад: “На той час у Прыбалтыцы культывавалася загонная пасьба жывёлы, адзначыў субяседнік. У калгасах агароджвалі загоны парцыённага страўлівання, гэта было больш эканамічна, статак атрымліваў свежы корм. К.П.Арлоўскі паехаў туды за вопытам, па прыездзе сказаў, што будзем у “Рассвеце” арганізоўваць загонную сістэму пасьбы. На ўсіх фермах зрабіць гэта было немагчыма, а вось на цэнтральнай узяліся за справу. Электрапастухоў тады не было. Слупы драўляныя забівалі ў зямлю, а далей агароджу з чаго рабіць? Кірыла Пракопавіч даслаў пісьмо ў Савет Міністраў з просьбай выдзеліць вагон калючага дроту. Праз пэўны час запыт быў задаволены, і на слупы нацягнулі агроджу, загналі жывёлу. Добра ўсё арганізавалі, хоць і першыя крокі рабілі ў гэтай справе. Семінары ў гаспадарцы наладжваліся, многія пажадалі ўкараніць такую сістэму ўслед за рассветаўцамі”.
Далей – болей. М.А.Чапёлкін працягваў успаміны: “Бытавала меркаванне, што чым больш у травасумесі, якой залужаеш луг ці пашу, насення розных відаў, тым больш будзе траў. Нічога падобнага. Ёсць у прыродзе, як у людскім грамадстве, між асобнымі відамі раслін канкурэнтная барацьба. Я дыплом у акадэміі абараняў па кормавытворчасці, травасумесі падабраў, каб было і эканамічна, і прадукцыйна. Гэта дало свой плён, вытворчасць малака ўзрасла, хоць і так узровень быў высокім.
У пачатку 60-х якая тэхніка на сяле была: гусенічны трактар, плуг і барана. Набор такіх машын не дазваляў пад­рыхтаваць належным чынам глебу. Не тое, што зараз: прайшоў агрэгат – на полі роўна, як на стале. Задумаўся я над гэтай праблемай. Прапанаваў раўняць глебу. Перайшлі на сярэднія бароны, а ўслед пускалі зробленае з падручных сродкаў прыстасаванне, якое выраўнівала палеткі. Ураджайнасць значна павысілася.
“Чатыры гады мы адпрацавалі на рассветаўскай зямлі. Атрымалі бясцэнны вопыт на ўсё далейшае жыццё. Маглі б шчыраваць тут і далей, каб не перастаноўкі…”, – сказаў Мікалай Аляксандравіч.
Праца М.А.Чапёлкіна была ацэнена “наверсе”, яго перавялі начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў родны Хоцімскі раён. Потым па сваім жаданні ён узначаліў тут калгас “III Інтэрнацыянал”. Шмат чаго было зроблена падчас яго кіраўніцтва.
За перыяд працы ў “Рассве­це”, затым на працягу 15 год – старшынёй калгаса Мікалай Аляксандравіч чатыры разы быў удзельнікам ВДНГ, узнагароджаны медалямі выставы, а таксама ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, трыма Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і шматлікімі граматамі іншых узроўняў.
Н.А.Чапёлкін стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук, 27 год займаўся выкладчыцкай і навукова-даследчай работай у БСГА.

Працаваць на будучыню

Субяседнікі падчас нашай размовы вельмі добра адгукаліся аб людзях “Рассвета” – з кім даводзілася працаваць, мець зносіны. Называлі спецыялістаў высокога ўзроўню – І.Г.Сапажкова, І.І.Цюркіна і іншых, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё калгаса і былі прызначаны на высокія пасады.
З павагай гаварыў Мікалай Аляксандравіч пра прадаўжальнікаў справы К.П.Арлоўскага – В.К.Старавойтава, А.І.Багеля, іх уклад у развіццё сельгасарганізацыі.
Знаходзячыся ў санаторыі, муж і жонка не стамляліся хваліць яго работнікаў за шчырасць, увагу, выдатныя прафесійныя якасці, выказалі ўдзячнасць В.У.Гаршковай і ўсяму калектыву. Дарэчы, мяркуюць яшчэ не раз сюды прыехаць.
Іх сыны з сем’ямі пражыва­юць у дзвюх сталіцах – Мінску і Маскве. Адзін – ваенны афіцэр, ужо на заслужаным адпачынку, другі мае педагагічную адукацыю. У дзядулі з бабуляй тры ўнукі, якія імі ганарацца.
На завяршэнне размовы М.А.Чапёлкін падкрэсліў: “К.П.Арлоўскі разумеў, што гісторыя і памяць – важныя, трэба працаваць на будучыню. Таму ў гаспадарцы з’явіўся санаторый. “Замахнуліся” на будаўніцтва Палаца культуры, які дабудоўвалі ўжо без яго. Мы разам з Дзмітрыем Русанавым, які тады быў загадчыкам клуба, пачыналі ствараць калгасны музей – для яго быў адведзены асобны кабінет. Потым ужо ў Палацы культуры з’явіўся сапраўдны музей з багатай экспазіцыяй. Алеі, сады высаджваліся. Зараз хаджу, успамінаю, як саджалі дрэўцы па алеі ад Мышкавіч да санаторыя і на яго тэрыторыі. Дух дабрабыту, падыходаў Арлоўскага адчуваецца…”.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Последние новости

Актуально

Веды – сіла: алімпіяда па вучэбных прадметах

29 марта 2024
Сельское хозяйство

Старт дала вясна!

29 марта 2024
Профилактика и безопасность

Мошенническая схема: «Алло, мама!..»

29 марта 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

29 марта 2024
Профилактика и безопасность

В Могилевской области отмечается рост подростковой преступности по 222 статье УК Республики Беларусь

28 марта 2024
Общество

Аўтар першага беларускага рамана

28 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Общество

Выездной личный приём граждан

28 марта 2024
В Комитете госконтроля

Проверили торговлю

27 марта 2024
Образование

Белая ладья

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

Сегодня состоялось совместное заседание президиума Кировского районного Совета депутатов и Кировского районного исполнительного комитета

19 марта 2024
Актуально

Кировск встречает весну

16 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В День памяти жертв Хатынской трагедии в Кировском районе состоялся автопробег

22 марта 2024
Актуально

В Кировске состоялось чествование победителей областного смотра-конкурса первичных организаций ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск

22 марта 2024
В стране и мире

Состоялся телефонный разговор Лукашенко с гендиректором “Роскосмоса”

22 марта 2024
В стране и мире

Лукашенко и Путин в телефонном разговоре подтвердили готовность к дальнейшему активному взаимодействию по реагированию на угрозы терроризма

23 марта 2024
Общество

В ЦДОДиМ состоялся конкурс «Мисс детский сад-2024»

19 марта 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В Жиличском сельхозколледже прошёл урок памяти “Боль Хатыни”, посвящённый 81-й годовщине Хатынской трагедии

22 марта 2024