Адпачываць без алкаголю? Можна!

Відавочна, што сярод праблем, хвалюючых моладзь раёна, востра вылучаецца пытанне адпачынку ў вольны ад вучобы і работы час. Дастаткова толькі спытацца ў маладых кіраўчан, чым яны займаюцца ўвечары альбо на выхадных? Адказы не надта разнастайныя: “гляджу тэлевізар”, “гуляю ў камп’ютэрныя гульні альбо “сяджу” ў Інтэрнэце”, “сустракаемся з сябрамі, праходжваемся па Кіраўску”, “п’ем піва ў “Смажанцы” ці “Ля фантана”, радзей — “наведваем мясцовую дыскатэку”. Пагадзіцеся, адпачынак у нашай моладзі, мякка кажучы, не вельмі цікавы.
Аднак сярод юнакоў і дзяўчат знаходзяцца тыя, хто не жадае чакаць, калі хтосьці зробіць іх вольны час разнастайным, насычаным прыемнымі сюрпрызамі і яскравымі момантамі, а дзейнічае сам. З кагорты такіх рабят — валанцёры грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” з Мышкавіцкай СШ. У гэту групу ўваходзяць вучні школы і маладыя настаўнікі, не абыякавыя да людзей і падзей, што адбываюцца навокал. Яны актыўна прапаноўваюць сваю магчымую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, рыхтуюць і рэалізоўваюць цікавыя змястоўныя праекты. А яшчэ гэтыя юнакі і дзяўчаты ведаюць, як адпачываць весела, без алкаголю і цыгарэт, і пры гэтым атрымліваць задавальненне і ахвотна дзеляцца сваімі думкамі з іншымі. Валанцёры аб’ядналіся ў творчы гурток, рыхтуюць забаўляльныя праграмы, прычым, перавага надаецца танцам.
Напрыканцы мінулага тыдня яны вырашылі падзяліцца вопытам арганізацыі свайго адпачынку з рабятамі з аграгарадка Паўлавічы. З забаўляльнай праграмай валанцёры выступілі ў мясцовым Цэнтры культуры падчас дыскатэкі. Музычныя кампазіцыі чаргаваліся з відэаслайдамі на тэму здаровага ладу жыцця і карыснага адпачынку і танцамі ў выкананні гасцей.
Варта адзначыць, што ў пачатку праграмы паўлавіцкая моладзь неяк насцярожана сустрэла творчы дэсант з Мышкавіч, які вырашыўшых павучыць іх правільна адпачываць, аднак чароўная сіла мастацтва ў спалучэнні з жаданнем атрымаць карысць і задавальненне зрабіла атмасферу вечарыны па-сяброўску цёплай. Доказам таму былі гучныя апладысменты гледачоў у адрас самадзейных артыстаў.
Так што, маладое спадарства, бярыце прыклад, як трэба адпачываць без алкаголю і з задавальненнем, ды пры гэтым яшчэ быць прыкладам для іншых!
У бліжэйшы час мы дадзім слова валанцёрам, каб яны падрабязней расказалі, якімі карыснымі справамі можна заняць вольны час.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.