Па сучасных тэхналогіях — да лепшых вынікаў у працы

З выдатным настроем сустракаюць прафесійнае свята жывёлаводы Капусцінскай малочнатаварнай фермы СВК “Калгас “Ніва”. Гэта — адзін з важнейшых новых аб’ектаў пяцігодкі, пабудаваны з “нуля”. Тут створаны належныя ўмовы для плённай працы, радуюць вока чысціня і парадак. Гэта дае магчымасць атрымліваць малако больш высокай якасці. За 10 месяцаў г.г. надой на карову склаў 3560 кілаграмаў, атрымана яго 1893 тоны. З іх 1043 тоны прададзена дзяржаве гатункам “экстра”, 628 тон — вышэйшым гатункам.
— Толькі ў наступным годзе мы зможам па-сапраўднаму ацаніць выніковасць сваёй работы, вызначыўшы тэмпы росту вытворчасці прадукцыі,— заўважае загадчыца фермы Г.Ц.Валькевіч.— Зараз жывёлаводы імкнуцца працаваць так, каб выканаць даведзеныя заданні гэтага года. Ад гэтага залежаць і памер заработнай платы, а яна істотная — звыш мільёна рублёў, і агульныя паказчыкі гаспадаркі.
Усе працэсы на новай ферме аўтаматызаваны. Нягледзячы на тое, што зараз нагрузка на даярак (а працуюць тут дзве асноўныя і адна падменная) значна павялічылася — дойны статак складае 690 галоў, але, як адзначылі самі жывёлаводы, працаваць ім лягчэй, чым на старой ферме. Неабходна толькі падрыхтаваць вымя каровы і падключыць даільны апарат.
Па словах загадчыцы фермы, старанна працуюць усе 18 работнікаў. Да прыкладу, даяркі М.Я.Еўдакімава і Г.Д.Белаглазава — са стажам, але пастаянна цікавяцца новаўвядзеннямі, не саромеюцца павучыцца ў іншых.
Ад стаўлення даярак радзільнага аддзялення К.П.Чыкулаевай і С.П. Ярыгінай у многім залежыць, які надой будзе пасля расцёлу кароў. Яны забяспечваюць высокую захаванасць жывёлы: на дарошчванне работніцамі адпраўлена 507 цялятак пасля 21-дзённага тэрміну знаходжання на ферме.
З адказнасцю да даручанай справы ставіцца аператар А.В.Валькевіч, які абслугоўвае даільныя ўстаноўкі, халадзільнае абсталяванне. У асноўным ён самастойна ўхіляе непаладкі, якія часам здараюцца на ферме.
А з якім настроем тут людзі шчыруюць! Мы з павагай назіралі за іх дакладнымі, зладжанымі дзеяннямі. З даільнай залы даносіўся вясёлы смех. І што немалаважна: сярэдні ўзрост працуючых — каля 30 гадоў. Гэта значыць, што маладыя людзі не баяцца цяжкасцей, іх прываблівае праца на ферме. Тут створаны і выдатныя бытавыя ўмовы: маюцца душавыя, ёсць пакой для адпачынку. Усе ўзнікаючыя ў жывёлаводаў пытанні кіраўніцтва гаспадаркі своечасова вырашае. Як адзначылі работнікі, старшыня праўлення І.У.Рыняк неабыякавы да іх уласных праблем, на яго разуменне і падтрымку можна заўсёды разлічваць. Усё пералічанае надае сяльчанам упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.