Любіце і шануйце родную мову!

У раёне праходзіць Тыдзень беларускай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага. Адносінамі да роднай мовы мы пацікавіліся ў кіраўчан.
Лілія ЦАРАНОК, намеснік дырэктара СШ №1:
— На маю думку, кожны паважаючы сябе беларус павінен ведаць сваю мову. Паважныя адносіны да роднай мовы — гэта паказчык уласнай культуры. На жаль, моладзь зараз не размаўляе на беларускай мове, ды і руская мова, мякка кажучы, у іх «кульгае». Яна засмечана рознымі англіцызмамі і жарганізмамі. А так хочацца, каб беларуская мова выкарыстоўвалася ў штодзённых зносінах, бо больш прыгожую мову знайсці цяжка: мілагучная, паэтычная, вельмі багатая. Я люблю беларускую мову, часта на ёй размаўляю, пішу вершы. Мая любоў перадалася і маім уласным дзецям. Старэйшы сын таксама піша вершы, часцей на беларускай мове. Я спадзяюся, што прыйдзе час, калі беларусы вернуцца да сваіх самабытных вытокаў і павернуцца тварам да беларускай мовы.
Дзяніс КАРАНКЕВІЧ, 19 год:
— Мяне, як і кожнага добрасумленнага беларуса, сёння хвалюе лёс роднай мовы. У нашай краіне беларускую мову паступова выцясняе руская. Як вынік, амаль усе беларусы размаўляюць на так званай трасянцы. Калі так будзе працягвацца, то ў хуткім часе беларускай мовай будуць карыстацца толькі лічаныя адзінкі. Многія з маіх аднагодкаў з задавальненнем і гонарам размаўлялі б толькі па-беларуску, але ж многія яе проста не ведаюць, не разумеюць, а некаторыя нават саромеюцца.
Наталля ПЕЧАНЬ, вучаніца 10 класа СШ №1:
— На мой погляд, кожны інтэлігентны чалавек павінен ведаць і паважаць мову краіны, у якой нарадзіліся яго продкі і ён сам. Згодна, што родная мова — адзін з першых сродкаў адрознення нацыянальнасцей і культур. Але, што тычыцца моўнага становішча ў нашай краіне, то асабіста я не хацела б, каб зараз мы і ў школе, і паміж сабой пачалі размаўляць толькі па-беларуску. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядоміў, што мова — гэта сапраўды наша багацце. Ведаць і абараняць яе — наш абавязак.
Ганна РУСЕЦКАЯ, вучаніца 10 класа гімназіі г. Кіраўска:
— Я вельмі люблю беларускую мову і лічу, што кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць яе, бо гэта — наша галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне. На жаль, у цяперашні час мы чуем чыстую родную мову толькі ў школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры, а ў штодзённых зносінах гучыць так званая трасянка. Наша мова — гэта вялікае багацце: яе трэба берагчы, каб было што перадаць нашчадкам, нельга саромецца яе, бо гэтым самым мы будзем адракацца ад сваёй краіны, якая самая цудоўная і самая прыгожая ва ўсім свеце.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.