Мемарыял К.П.Арлоўскага

Як мы паведамлялі, у мінулыя выхадныя ў раёне адбыўся 43-ці Мемарыял па веласпорце Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, былога кіраўніка калгаса “Рассвет”, які зараз носіць яго імя — Кірылы Пракопавіча Арлоўскага. Яго нязменны арбітр і проста натхняльнік У.С.Бяляўскі зноў быў верным сваім спартыўным прынцыпам — мерапрыемства, як і раней, прайшло на высокім арганізацыйным узроўні, што ў чарговы раз пацвердзілі госці — прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі і сталіцы нашай краіны. Самі велагоншчыкі паказалі высокія спартыўныя рэзультаты, пазбегнуўшы пры гэтым нежаданых падзенняў і траўм…
На здымку: прадстаўніцы каманды -пераможцы з калекцыяй ганаровых трафеяў.

Папулярызацыя веласіпеднага спорту — гэта свайго роду перадача эстафеты ад майстроў пачынаючым веласіпедыстам. Ёсць спартыўная змена — значыць, ёсць будучае. А змена — гэта дзятва, якой неабходна прыдаць патрэбны імпульс… Сімвалічна з гэтай нагоды перад адкрыццём стартаў дарослых спартсменаў былі праведзены спаборніцтвы паміж самымі юнымі ўдзельнікамі спартыўнага свята — рабятамі дашкольнага ўзросту (магчыма, будучымі чэмпіёнамі прэстыжных велагонак?). Дыстанцыя нязначная, але ж ці гэта галоўнае?.. Думаецца, што тыя, хто ўдзельнічаў ў гэтых заезадах, абавязкова зацікавяцца спортам — а гэта, у першую чаргу, для іх дарагога каштуе… Пераможцам дзіцячых стартаў стаў Арсен Юрчанка, другі рэзультат паказала Даша Лукашэнка. Трэці прыз заваяваў Антон Гарачкоў. Хаця пахвалы заслужылі ўсе дзеці, бо ўсе стараліся пад дружныя апладысменты — як сваіх бацькоў, так і іншых гледачоў. І ніводны з іх не застаўся раўнадушным да спаборніцтваў, за што і атрымалі салодкія прызы.
Аднак галоўныя старты былі наперадзе. Урачыстае адкрыццё 43-га Мемарыялу, як заўсёды, адбылося каля Мышкавіцкага СДК. Капітаны каманд — прадстаўнікоў зборных абласцей і горада Мінска — усклалі кветкі і вянкі да бюста К.П.Арлоўскага.
… І ўжо праз некалькі хвілін — першы старт. Надвор’е ў гэтую раніцу не асабліва парадавала ўдзельнікаў свята: яшчэ з начы “зарадзіў” даволі моцны дождж. Але ж ці магла непагадзь стрымаць тых, хто імкнуўся да п’едэсталу гонару!..
У групавой гонцы дыстанцыя пралягала па наступным маршруце: Мышкавічы — Кіраўск — Капусціна — Барчыцы — Добасна — Паўлавічы — Мышкавічы: усяго — 40 км. Жанчыны ехалі адзін круг, мужчыны — тры. У абодвух заездах барацьба атрымалася бескампраміснай.
Прадстаўніца Гродзенскай вобласці Аксана Папко змагла апярэдзіць чэмпіёнку свету, неаднаразовую пераможцу і прызёра Мемарыялу Таццяну Шаракову з каманды Віцебска. Замкнула тройку прызёраў Алена Дылько з Брэста.
У мужчын лепшы рэзультат паказаў прадстаўнік каманды Мінска Сяргей Папок. Павысіў свой рэйтынг Сяргей Арцямовіч з Гродна: летась ён “зачапіўся” за “бронзу” у гонцы-крытэрыуме, сёлета — стаў другім у групавой гонцы. Вызначыўся ўзнагародай, што асабліва прыемна, і наш зямляк Яўген Шамсонаў з каманды Магілёўскай вобласці, які стаў трэцім. Майстэрства выхаванца нашай ДЮСШ год ад года расце!..
Назаўтра ў гонцы-крытэрыуме, як і раней на Мемарыяле, разыгрывалася званне чэмпіёна Беларусі. Мужчыны па вуліцах Мышкавіч спаборнічалі на дыстанцыі ў 20 кругоў па 2,2 км, жанчыны — 14 кругоў з такой жа адлегласцю. Кожны другі фініш — заліковы і прыносіў першай групе фінішаваўшых заліковыя ачкі — як сабе асабіста, так і камандзе.
Мінчанін Сяргей Папок летась у такім заездзе заваяваў “серабро”. Сёлета ж, як і ў першы дзень, ён не пакінуў шанцаў сапернікам, заваяваўшы “золата”. Другім і трэцім ў судзейскім пратаколе адзначыліся Мікіта Жаравень (Мінская вобл.) і Андрэй Снятко (Гомельская вобл.).
У жанчын свой высокі клас прадэманстравала Таццяна Шаракова — на гэты раз яна перамогу з рук не выпусціла. На другой і трэцяй пазіцыях былі адпаведна прызёры першага дня Аксана Папко і Алена Дылько. Адзначым таксама вострую канкурэнцыю ў барацьбе за ўзнагароды нашай зямлячкі Наталлі Пацыенак, якая выступала за каманду Гомельскай вобласці.
У агульнакамандным заліку перамогу — даволі нечакана — сёлета атрымала каманда Віцебскай вобласці, якая летась была на апошнім месцы. Менавіта ёй і дастаўся пераходны кубак 43-га Мемарыялу К.П.Арлоўскага. Другое і трэцяе месцы адпаведна заваявалі зборныя Мінска і Брэсцкай вобласці. Далей былі каманды Мінскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай вобласці — на жаль, нават даволі ўдалае выступленне Яўгена Шамсонава не змагло ўзняць рэйтынг значна паслабленай па саставу каманды магіляўчан.
Каштоўныя прызы прадаставілі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і індывідуальны прадпрымальнік, аматар веласпорту Уладзімір Іваніцкі.
Да сустрэчы на 44-м Мемарыяле!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.