Наперадзе — чэмпіянат свету

Іван Фігурэнка разам са сваім трэнерам Мікалаем Рубленкам: у перамогах маладога баксёра ёсць доля працы яго настаўніка.

Чарговай гучнай перамогай на спартыўнай арэне заявіў аб сабе прадстаўнік Кіраўшчыны. Баксёр з Мышкавіч Іван Фігурэнка (трэнеры Рубленка — Катляроў) у Мінску прымаў удзел у Х-м міжнародным турніры класа “А” памяці Героя Савецкага Саюза В.І. Лівянцава. За званне мацнейшага спрачаліся прадстаўнікі 14 краін свету. Наш зямляк удала правёў усе свае баі і ва ўсіх перамог сапернікаў. У фінале беларус адолеў прадстаўніка Турцыі і заняў першае месца. Іван на бягучы момант з’яўляецца ў Беларусі першым номерам у сваёй вагавай катэгорыі. Цяпер перад Мышкавіцкім баксёрам стаіць задача больш сур’ёзная. У верасні ён будзе прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце свету, які пройдзе ў сталіцы Азербайджана — Баку. Тут жа будуць разыграны і пуцёўкі на Алімпійскія Гульні ў Лондане.
Дарэчы, у чэрвені Іван Фігурэнка выступаў на чэмпіянаце Еўропы ў турэцкай Анкары. На жаль, тут ужо ў самым першым баі яму не пашчасціла з жэрабем: яму выпала сустрэцца на рынгу з дзеючым чэмпіёнам свету, прызёрам Алімпійскіх Гульняў расіянінам Георгіем Балакшыным. І хоць змагаўся Іван дастойна, мусіў па ачках уступіць. Будзем спадзявацца, што ў Баку лёс будзе на баку нашага земляка!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.