Залатыя палеткі «Рассвета»

Гэтым эпітэтам вераснёўскія агароднінныя палі сельгаспрадпрыемства можна ахарактарызаваць без перабольшвання.
На здымку: аграном-агароднінавод Ігар Шчэрбіч: «Вось якія «волаты» выраслі ў нас на капусным палетку»!

Як вядома, у “Рассвеце” найбольш грунтоўна, чым дзе ў раёне, займаюцца вырошчваннем агародніны ў адкрытым грунце. Закупляюцца і высаджваюцца лепшыя гатункі культур, па некалькі разоў на працягу росту раслін апрацоўваюцца пасевы, забяспечваецца іх паліў. І ўраджай спаўна апраўдвае ўсе затраты. Бо, як паказвае практыка, попыт на агароднінную прадукцыю быў, ёсць і будзе.
Сёлетнім ураджаем рассветаўцы ў поўнай меры могуць быць задаволены. Пра тое, што хлебны каравай выдаўся важкім, мы пісалі ўжо не аднойчы. Тое ж можна цяпер сказаць і пра іншыя культуры. У самых розных кутках гаспадаркі кіпіць у гэтыя восеньскія дні работа.
На двух участках — 27 і 13 гектарах — раскінулася цыбульнае “царства”. Налітыя сакавітыя галоўкі галандскіх гатункаў “салюшын”, “візіян” і “велінгтон” дасягаюць памеру ажно з кулак. Іх падкопвае з зямлі спецыяльным агрэгатам механізатар Іван Бяляўскі. Ураджай, бадай, самы высокі за апошнія гады — не менш, чым па 350 цэнтнераў з гектара. Масіўныя залацістыя цыбульныя рады чакаюць свайго часу, калі іх падбярэ камбайн. Далейшы шлях цыбулі — у сховішча і на продаж. Заяўкі ад патэнцыяльных пакупнікоў ужо ёсць…
Ці бачылі вы моркву даўжынёй з локаць? У “Рассвеце” ёсць і такая!.. Выцягнуць з глебы яе проста немагчыма — толькі падкопваць. І зноў выдатна апраўдваюць сябе гатункі з Галандыі — “чэмпіён” і “анастасія”: па 500 цэнтнераў на круг атрымліваюць рассветаўцы чырвоных доўгіх каранёў. Работнікі паляводчай брыгады загружаюць моркву, як, да слова, і цыбулю, у спецыяльныя сеткі. З поля яна таксама накіроўваецца ў сховішча.
Наступнае поле — капуснае. Налітыя качаны ўражваюць сваімі памерамі нават яшчэ больш, чым морква. Раннія гатункі капусты ўбралі і рэалізавалі яшчэ ў маі. Зараз надышоў час сярэдняспелай. З кожнага з 6 яе гектараў атрымліваюць не менш, чым па 500-600 цэнтнераў. А яшчэ на 32 га наліваецца сокам позняя капуста.
Не горш за іншыя культуры ўрадзілі сталовыя буракі, якія размешчаны на 20 га. Гатункі зноў жа галандскія — “болтардзі” і “манаполі”. З суботы пачалася масавая ўборка караняплодаў сіламі рабочых паляводчай брыгады. Ураджайнасць буракоў — 550 ц/га.
І як жа ў гэтую цудоўную восеньскую пару не ўспомніць пра бульбу, без якой нельга ўявіць сабе беларускага стала. Другі хлеб таксама ў гаспадарцы ўбіраюць масава. “Штатны” бульбавод “Рассвета” Ігар Жалдак не ўтойвае асалоды і задавальнення ад работы: “Не паспееш разгрузіць камбайн, а ўжо поўны бункер!..” — кажа механізатар. Усяго для выкопвання клубняў задзейнічана тры камбайны, двума астатнімі кіруюць Мікалай Шырокі і Юрый Бяляўскі. На адвозцы бульбы заняты вадзіцелі Ігар Рудак, Дзяніс Сакабіцкі і Раман Рыжкевіч.
Яшчэ адна “візітка” рассветаўцаў — фруктовыя сады. Сёлета яблыні не многіх радуюць сваімі пладамі. А тут сапраўды можна пазайздросціць наліўным яблыкам, ад якіх гнуцца галіны. З няўтоенай радасцю і нават гонарам паказваў нам свае “ўладанні” каля Валосавіч начальнік вытворчага ўчастка Аляксандр Іваніцкі. Яблыневы сад, які даручаны спецыялісту, раскінуўся да самых Цейкавіч. А ёсць яшчэ грушы, чорныя парэчкі, маліны, аронія…
Карацей, золата (па іншаму не скажаш) рассветаўскіх палёў і садоў абавязкова павінна “зазвінець” праз пэўны час у грамадскай касе сельгаспрадпрыемства.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.