“Дзетван”: у той час, калі ўсе змагаюцца за цяпло, мы — за холад!

Не адзін год прыватны прадпрымальнік Анатоль Прыходзька працаваў з поўнай аддачай, настойліва адшукваючы сваю “нішу” на ўсё больш пашыраючымся рынку тавараў і паслуг маладой беларускай эканомікі.
Сёння Анатоль Рыгоравіч можа з упэўненасцю канстатаваць, што яго праца, мэтанакіраванасць і адданасць абранай справе прынеслі плён. Узначальваемае ім прыватнае прадпрыемства “Дзетван” упэўнена ўтрымлівае адно з вядучых месц у сферы малога і сярэдняга бізнэсу раёна: па выніках мінулага года ў агульным аб’ёме прадукцыі, рэалізуемай за межы рэспублікі суб’ектамі малога бізнэсу, 47% займаюць дзікарастучыя грыбы і ягады, нарыхтоўваемыя “Дзетванам”. Аб тым, як будаваўся бізнэс гэтага прыватнага прадпрыемства, якія перспектывы далейшага развіцця — наша размова з яго кіраўніком Анатолем ПРЫХОДЗЬКАМ:

— Як даўно Вы займаецеся менавіта гэтым відам дзейнасці — нарыхтоўкай і першаснай перапрацоўкай дзікарастучых грыбоў і ягад?
— На працягу трох апошніх гадоў. На дадзены момант на нашай асноўнай вытворчасці, а “Дзетван” размясціўся на базе былога буйнога гарадскога прадпрыемства — дрэваапрацоўчага камбіната, які ў цяперашні час з’яўляецца маёмасцю чатырох прыватных уладальнікаў, устаноўлена і задзейнічана дзве камеры — халадзільная і ахалоджвання. Зараз будуем яшчэ адну — “шокавай” замарозкі і захоўвання грыбоў і ягад з рабочым аб’ёмам прыкладна 1200 м3.
Каб устанавіць маразільнік, здольны падтрымліваць тэмпературу ў мінус 40 градусаў, нам трэба было павялічыць магутнасць пастаўляемай электраэнергіі, мець трансфарматары па 630 квт. Гэта сур’ёзнае абсталяванне і немалыя інвестыцыі — каля паўмільярда рублёў. Праект зроблены, неабходнае абсталяванне набыта.
Ажыццяўляем таксама грузаперавозкі: у сябе на прадпрыемстве маем 20-тонны рэфрыжыратар. На ім у сезон займаемся вывазкай прадукцыі, у міжсезонне аказваем транспартныя паслугі. Зараз, напрыклад, працуем з піваварнай кампаніяй “Хайніген”, пад заказ развозім піва па ўсёй Беларусі.
— Тэрмін “шокавая” замарозка што азначае?
— Што ягада замярзае пры мінус 400С. Пры гэтым страчвае менш карысных якасцей, ды і таварны выгляд у яе больш прывабны. Вось просты прыклад. Многія практыкуюць дамашнюю замарозку ягад у бытавых халадзільніках. І сапраўды, гэта вельмі зручна. Але калі такія ягады пасля іх размарожвання “цякуць” — пускаюць сок, то пасля “шокавай” заморозкі падобнага не адбываецца. Справа ў тым, што пры павольным (як у бытавым халадзільніку) замярзанні вадкасць ператвараецца ў буйныя крышталікі, якія потым літаральна разрываюць абалонку ягады, і сок выцякае. Пры “шокавай” замарозцы ўтвараюцца вельмі дробныя крышталікі, якія пры растайванні не парушаюць цэласнасці скуркі ягады.
— Якія выгоды дае прымяненне тэхналогіі шока?
— Яна вельмі паскарае працэс замярзання ягады. Што, адпаведна, дазволіць істотна расшыць аб’ёмы вытворчасці. Так, калі летась мы замаражвалі да 10 тон ягад у суткі, то сёлета мяркуем выйсці на аб’ём 30 тон. Для гэтага набылі абсталяванне і будуем адну камеру зараз, другую мяркуем узвесці на працягу года.
— А са свежай ягадай не працуеце?
— Ёсць сур’ёзная розніца паміж адгрузкай і транспарціроўкай свежай ягады і замарожанай. Па-першае, свежая патрабуе тары, якая каштуе не танна. Замарожаная ж, асабліва па “шокавай“ тэхналогіі, адпраўляецца ў крафт-мяшках. Такая мяккая тара каштуе ўсяго 1 долар, а яе ўмяшчальнасць 25 кг ягад, скрынка ж “цягне” на 2 долары і ў яе магчыма змясціць толькі 10 кг ягад.
У мінулым нарыхтоўчым сезоне на экспарт адправілі больш за 200 тон замарожаных ягад. Закуп сыравіны вялі па ўсёй Беларусі. Ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі ў нас працуюць сезонныя нарыхтоўшчыкі. Ды і ніякіх перашкод па вядзенні нарыхтоўкі ў іншых рэгіёнах краіны зараз няма. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2010 г. была прынята Пастанова №1320, якой істотна спрошчана працэдура атрымання дазволу на вядзенне нарыхтоўкі. Раней спатрэбілася б цэлая кіпа папер, уключаючы копію пасведчання, заяву і нават апісанне маршрута следавання.
— Ваша прадпрыемства спецыялізуецца на нарыхтоўцы дзікарастучай сыравіны. А як жа садовыя ягады, вырошчваемыя сяльчанамі?
— Плануем закуп і садовых ягад. Аднак выбіраем тыя напрамкі, якія больш рэнтабельныя, якія дадуць максімальную аддачу. Так, у Еўропе адчуваецца сур’ёзны дэфіцыт лясной ягады, тых жа чарніц. Іх у прынцыпе і наогул нідзе няма акрамя Беларусі, Украіны і Расіі. Ну, яшчэ ў нейкай ступені Польшчы, Літве і Швецыі рэалізуецца гэты напрамак бізнэсу. Такім чынам, лічу, мы знаходзімся ў выйгрышнай пазіцыі.
— На прадпрыемстве практычна адсутнічаюць складскія памяшканні. А колькі часу патрабуецца на адпраўку партыі ягад?
— У мінулым годзе супрацоўнічалі ў асноўным з літоўскай кампаніяй, якая працуе з азіяцкім рынкам і Еўропай, і адгрузка ішла на Літву.
Працаваць імкнемся па прынцыпе адных сутак: таму і механізм збору і пастаўкі ягады адладжаны так, што ад беларускага лесу да літоўскага складу праходзіць усяго двое сутак. Аднак надараюцца і збоі. Так у мінулым сезоне не здолелі адправіць своечасова пару машын. Уся праблема ў мытні, дакладней, атрыманні неабходных дакументаў для яе праходжання. У прыватнасці, неабходны міжнародны радыяцыйны сертыфікат. Яго атрымліваем у Магілёве і афармляецца ён на кожную машыну. Для гэтага трэба рабіць заяўку сёння — на заўтра. У Магілёве адзіны ЦСМіС, які абслугоўвае ўсю вобласць. У сезон нарыхтовак сюды звяртаемся не толькі мы, але і іншыя прадпрымальнікі, усе райспажыўтаварыствы Магілёўшчыны, якія займаюцца нарыхтоўкай дзікарастучых ягад і грыбоў. Зразумела, утвараецца чарга, іншы раз на цэлыя суткі.
Гэта праблема ўзнімалася і не раз на розных узроўнях, аднак пакуль не вырашана…
— “Дзетван” — не адзіная фірма, якая займаецца нарыхтоўкай і пастаўкай на экспарт дзікарастучых ягад і грыбоў. Канкурэнцыю адчуваеце?
—А як жа! І значную. Так, у Старых Дарогах працуюць тры моцныя фірмы, а таксама ў Беразіно, Барысаве, Мінску, Гомелі. Ды і наогул, па Беларусі такіх прыватных прадпрыемстваў, як наша, дастаткова.
У раёне наш асноўны канкурэнт — райспажыўтаварыства. Гэта магутная арганізацыя, здольная многае зрабіць і мець ад гэтага дастатковы прыбытак. Але тут не ўмеюць дакладна пралічваць фронт работ. Працуюць згодна даведзенага плана, а гэта — выручка ад экспартнай дзейнасці ў дакладных сумах. Рэнтабельнасць пры гэтым дзяржаўных нарыхтоўшчыкаў не цікавіць. Не, не так. Цікавіць, але ў канцы года. Прыватнік падобнай раскошы сабе дазволіць не можа.
— Анатоль Рыгоравіч, а якія спецыялісты працуюць на вашым прадпрыемстве, хто пралічвае і сувымярае выдаткі і прыбытак, адным словам, сочыць за працвітаннем бізнэсу?
— У сябе на фірме я сам і кіраўнік, і эканаміст, і бухгалтар, і наогул спецыяліст любога профілю. Прыцягваю, канешне, вузкіх спецыялістаў, як, напрыклад, дэкларант па мытні: на перыяд нарыхтоўкі заключаю з ім працоўны дагавор. Нарыхтошчыкі таксама сезонныя. Але ёсць і пастаянныя работнікі. На сённяшні дзень разам са мной на “Дзетване” працуе 10 чалавек. Зарплату выплачваем дыферэнцыравана з улікам асабістага ўкладу.
— А чым яны заняты зараз, у міжсезонне?
— Будаўніцтвам той самай маразільнай камеры “шокавай“ замарозкі, аб чым мы і гаварылі. Уяўляе яна сабой памяшканне з сэндвіч-панэляў, з цёплай падлогай. Гэта наогул самая асноўная частка збудавання, бо калі ў камеры будзе мінус 400С, то глеба прамерзне, і падлога можа ўздыбіцца, што, канешне ж, нанясе непапраўны ўрон, бо парушацца цеплаізаляцыя, тэмпературны рэжым, уся тэхналогія. Вось і атрымліваецца, што ў той час, калі ўсе змагаюцца за цяпло, мы — за холад!
— Анатоль Рыгоравіч, Вы — не навічок у сферы праватнага бізнэсу, як ацэньваеце перспектывы яго развіцця ў раёне?
—Развівацца магчыма, прычым даволі хутка і паспяхова, пры падтрымцы дзяржавы. І, трэба адзначыць, у гэтым напрамку многае робіцца. У прыватнасці, год назад Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь была падпісана Дырэктыва №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, якая надала прадпрымальнікам новага імпэту, ураўняла нас у правах з дзяржаўнымі прадпрыемствамі.Але ж шмат бюракратыі, шмат паператворчасці, а трэба больш справы. І падобны негатыў, лічу, трэба выкараняць.
Свой уклад прыватнікі ўносяць у раённы бюджэт праз выплату падаткаў. За мінулы нарыхтоўчы сезон “Дзетван”, напарыклад, заплаціў звыш 100 млн. рублёў. У міжсезонне, адпаведна, менш. І тут ёсць прэферэнцыі. Працуем па спрошчанай сістэме і плацім 2%. Была ўзнята стаўка выручкі пераходу на агульную сістэму падаткаабкладання, што адчувальна паўплывала на дабрабыт прадпрыемства, дазволіла з’эканоміць на ўтрыманні бухгалтэрыі.
— Як Вы ацэньваеце перспектывы прадпрыемства?
—Станоўча. Намі ўжо было зацікавіліся замежныя інвестары. Аднак, на той момант яшчэ не мінула трох гадоў, агавораных у першапачатковым дагаворы куплі-продажу на стварэнне рабочых месц. Другі этап перагавораў мяркуем весці па восені, каб пачаць размяшчэнне вытворчасці са шпону аднаразовай драўлянай тары. У прынцыпе і плошчы неабходныя “выкраілі”.
— Прадпрымальніцтва — клопатная справа. Чаму менавіта такі шлях быў абраны?
—Мне вельмі падабаецца працаваць. Любая дзейнасць павінна быць, як гаворыцца, у кайф. Адчуваю адрэналін, калі пачынаецца сезон, і ўгаворваць мяне ісці на работу не трэба…А потым у наш час перадаецца ў спадчыну не толькі нерухомасць і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, але і бізнэс. А гэта — своеасаблівая гарантыя забяспечанасці маёй сям’і, у прыватнасці, і на той выпадак, калі дзеці не змогуць ці не пажадаюць працягваць пачатую бацькам справу.
Сям’я, па сучасных мерках, вялікая — трое дзяцей. Старэйшы сын вучыцца ў ліцэі ў Магілёве. Летам працаваў у мяне, атрымаў зарплату, малодшыя таксама дапамагаюць: дзе падмятуць, дзе паднясуць… Грошы павінны працаваць на чалавека. А не наадварот. Трэба так будаваць свой бізнэс, так распарадзіцца сродкамі, каб мець рэальную і дастойную аддачу.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.