“Ты мне дорага, родная мова!..”

У Любоніцкай сярэдняй школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Галоўная яго мэта — падтрыманне беларускай нацыянальнай мовы як асноўнай крыніцы духоўнага багацця нацыі, росту культуры зносін сярод падрастаючага пакалення, а таксама паглыбленне ведаў і абуджэнне цікавасці ў дзяцей да роднай мовы.
Школа ў гэтыя дні нагадвала вялікі мурашнік, бо ўдзел у мерапрыемствах тыдня прымалі ўсе вучні. Беларуская мова гучала паўсюдна: на перапынках, у сталоўцы, раздзявалцы… З ліку лепшых вучняў быў створаны гурток аматараў беларускай мовы. У яго ўвайшлі А.Жыгарава, А.Чудапал, А.Лазаковіч, Т.Мелех, М.Міхедзька, І.Храмцоў, Я.Аўсянік, Н.Макаранка. Рабяты праводзілі тэматычныя віктарыны і конкурсы з вучнямі пачатковых класаў. Пачаткоўцы разгадвалі загадкі, крыжаванкі, пазнаёміліся са словамі і выразамі-паліндромамі, расшыфроўвалі запісы злой чараўніцы, якая ўсе літары ператварыла ў лічбы, і многае іншае. За правільныя адказы вучні атрымлівалі салодкія прызы.
Кожны дзень праходзіў жвава, эмацыянальна. Тэматычны матэрыял, падрыхтаваны настаўнікамі-філолагамі, быў захапляльным, займальным і вельмі насычаным. Вучні даведаліся шмат цікавага і новага, асабліва спадабалася разгадванне анаграм, метаграм, рэбусаў. Былі праведзены аўкцыёны па беларускай мове і літаратуры. За кожны правільны адказ вучні атрымлівалі рознакаляровыя жэтоны. А ў аглядзе-конкурсе на лепшы вучнёўскі сшытак перамогу атрымаў хлопчык! — вучань 10 класа Арцём Маслаў. Пераможцамі ў конкурсе выразнага чытання вершаў вядомых класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка і Максіма Багдановіча сталі А.Жыгарава, С.Храмцоў, І.Чайка. У актавай зале адбыўся КВЗ паміж камандамі “Лі-чэбнік” і “Прыметнік”, дзе з вялікім адрывам перамагла першая каманда. Пераможцы — актыўныя ўдзельнікі атрымалі дыпломы і прызы.
Святлана АЎДЗЕЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любоніцкай СШ
.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.