Ад школьнага парога — у дарослае жыццё шчаслівая дарога!

У мінулую сераду, 30 мая, для 2150 вучняў школ раёна прагучаў апошні званок, які абвясціў аб заканчэнні чарговага навучальнага года. З гэтай нагоды ва ўсіх навучальных установах раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, на якіх гучалі шчырыя віншаванні вучням, сардэчныя пажаданні выпускнікам і пранікнёныя словы ўдзячнасці педагогам.
Свята апошняга званка —адначасова радасная і крыху сумная па-дзея, бо для адных яно — прыкмета надыходу доўгачаканых летніх канікулаў, а для другіх — развітання з роднай школай, пачатак напружанага перыяду здачы школьных выпускных іспытаў. І гэта ўжо сёння на сабе адчулі 101 адзінаццацікласнік і 217 юнакоў і дзяўчат, скончыўшых курс базавай школы. І хаця колькасць рабят, якія сёлета пакідаюць сцены школ раёна, меншая, чым летась, абнадзейвае іншая лічба — 1 верасня ў дружную сям’ю школьнікаў раёна ўвальецца 221 першакласнік!

Шматлюдна і святочна было ў гэты дзень у гімназіі г.Кіраўска. Урачыстая лінейка праходзіла на новенькай, толькі што ўладкаванай пляцоўцы перад будынкам школы, дзе ў ходзе раённага суботніка па добраўпарадкаванні была пакладзена тратуарная плітка.
Падставай для асаблівай урачыстасці ў навучальнай установе стала не толькі прысутнасць ганаровых гасцей на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым, але і значныя дасягненні ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці. Варта адзначыць, што ў 2011 — 2012 навучальным годзе гімназістамі заваявана 57 дыпломаў на раённых прадметных алімпіядах, дыпломы на абласной і рэспубліканскай алімпіядах, дыплом на абласным конкурсе навукова-доследных работ, звыш 100 дыпломаў у творчых конкурсах. Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў падкрэсліў, што такія поспехі сведчаць аб правільнасці абранага шляху па ўдасканаленні гімназічнай адукацыі, станоўчай дынаміцы паспяховасці. У якасці падарунка за дасягнутыя поспехі кіраўнік раённай вертыкалі ўлады ўручыў гімназіі і гімназістам DVD-прайгравальнік.
Так, быць гімназістам — значыць, быць лепшым ва ўсім. У тым ліку быць прыкладам у паводзінах і знешнім выглядзе. На гэта асаблівую увагу прысутных бацькоў звярнуў старшыня райвыканкама, адзначыўшы, што згодна рашэння педсавета навучальнай ўстановы, адобранага аддзелам адукацыі райвыканкама і кіраўніцтвам раёна, з 1 верасня вучні пераходзяць на форму адзення гімназісцкага ўзору. Аб яе набыцці павінны паклапаціцца бацькі на працягу лета. Але пры гэтым не забываць, што летнія канікулы — час адпачынку, аздараўлення і яго неабходна скарыстаць з поўнай аддачай. Балазе магчымасцей для гэтага дастаткова: будуць працаваць школьныя і спартыўныя аздараўленчыя лагеры, ёсць магчымасць набыць пуцёўкі і піянерскія лагеры і дзіцячыя санаторыі.
Дырэктар навучальнай установы Людміла Ісакава шчыра павіншавала рабят, іх бацькоў і педагогаў з заканчэннем чарговага навучальнага года, выказала падзяку за стараннасць і настойлівасць у авалоданні ведамі і выканала прыемную місію — уручыла пераможцам абласных конкурсаў дыпламы і падарункі. Асабліва вызначыўся вучань 9 класа Кірыл Дрозд, які “намініраваўся” чатыры разы: як пераможца абласной алімпіяды па асновах бяспекі жыцця-дзейнасці і прызёр рэспубліканскай алімпіяды, актыўны ўдзельнік рэспубліканскага конкурсу “Энергія і навакольнае асяроддзе” і міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды па фізіцы. Дыплом за 2-е месца ў абласным конкурсе навукова-доследных работах атрымалі Павел Хурсаў і Антон Іваніцкі, дыплом за 2-е месца ў абласным конкурсе “Знаўцы асноў бяспекі жыццядзей” —каманда юных выратавальнікаў-пажарных гімназіі , а каманда 6 “А” класа — за перамогу ў раённым конкурсе строя і песні, прысвечаным Дню Пермогі.
І на гэтым чарада віншаванняў і падарункаў не закончылася. Кіраўнік шэфскага сельгаспрадпрыемства — СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель і яго намеснік Наталля Шапавалава ўручылі вялікай групе вучняў — больш 30-ці чалавек, у тым ліку адзінаццацікласнікам Ганне Русецкай і Сяргею Іванову — грашовыя прэміі за дасягнутыя поспехі ў вучобе, навуковых, спартыўных і творчых дасягненнях.
Самыя добрыя словы віншаванняў і пажаданняў выпускнікам выказалі іх класны кіраўнік Тамара Лескавец, а ад імя бацькоўскай грамадскасці — Зінаіда Сакалоўская.
А потым, як сімвал адыходзячага дзяцінства адзінаццацікласнікі выпусцілі ў нябесны блакіт рознакаляровыя паветраныя шары і белых галубоў — сімвал спаўнення сваіх самых светлых, запаветных мар…
С цены Мышкавіцкай СШ сёлета пакідае 10 адзінаццацікласнікаў, у тымліку тры дзяўчыны і сем юнакоў. Іх — галоўных віноўнікаў урачыстацей, а таксама ўсіх прысутных віталі ганаровыя госці, у ліку якіх былі старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель, настаяцель Мышкавіцкага Свята-Троіцкага храма айцец Аляксей, упраўляючы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Кіраўску Андрэй Горбель і іншыя.
Дырэктар школы Вера Гаўрылава ў кароткай віншавальнай прамове акрэсліла вынікі адыходзячага навучальнага года. А ён быў дастаткова паспяховым для школы. І сапраўды, як не парадавацца за Эдуарда Зайцава, які атрымаў дыплом 2-й ступені на абласным конкурсе эколага-біялагічных работ, прыняў удзел у яго рэспубліканскім этапе, перамогу Марыі Шапавалавай у раённым конкурсе “Лідар-2012”, яе удзел у абласным і рэспубліканскім этапах і 3-е месца Антаніны Сініцы ў раённым конкурсе “Вучань года” . На раённым алімпіядах сярод вучняў 9 — 11 класаў рабяты заваявалі 5 дыпломаў і 1 заахвочвальны і 23 дыпломы сярод вучняў 4 — 8 класаў. Эвеліна Бяржаніна прынесла ў капілку школы заахвочвальны дыплом 3-га этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове.
Выконваючы ганаровую місію ад імя Асацыяцыі беларускага футболу, якая сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і марожаным “Юкки” праводзіць дабрачынную акцыю “Падары дзіцяці футбольны мяч”, упраўляючы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Кіраўску Андрэй Горбель павіншаваў рабят-пачаткоўцаў з заканчэннем 1 класа і ўручыў кожнаму з іх у падарунак мяч, а ад “Белаграпрамбанка” — пакет з банкаўскай рэкламнай прадукцыяй. Дарэчы, акцыя прайшла ва ўсіх сельскіх школах, і кожны перша-класнік атрымаў мяч і такі падарунак.
Яшчэ 39 школьнікам у тым ліку адзінаццацікласнікам Эвеліне Бяржанінай, Антаніне Сініца і Артуру Камраду за поспехі ў навучанні ад імя праўлення СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага былі ўручаны грашовыя прэміі, а школа атрымала ў якасці падарунка ад сваёй базавай гаспадаркі набор мячоў і тэнісных ракетак.
Выпускнікоў таксама віншавалі айцец Аляксей, іх першая настаўніца Галіна Марцючэнка, класны кіраўнік Галіна Абросімава, маці адной з выпуснік Сагіда Сініца. Яны жадалі рабятам быць сумленнымі, настойлівымі заўсёды карыстацца па жыцці “залатым” правілам” — так ставіцца да людзей, як бы самім хацелася, каб ставіліся да іх, каб вяла па жыцці мара, спадарожнічалі чалавека- і жыццялюбства.
Свае пажаданні выказалі выпускнікам рабяты-пачаткоўцы. А тыя, уў сваю чаргу, паднеслі ім сімвалічны арэх ведаў.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.