Лепшы спосаб прафілактыкі грыпу — вакцынацыя

Грып — адзіная інфекцыя, якая выклікае штогадовыя эпідэміі: яны ахопліваюць да 30% насельніцтва зямнога шара. Ад гэтага захворвання гінуць дзесяткі тысяч людзей, а ў соцень тысяч пагаршаецца здароўе.
Асноўны аб’ект паражэння грыпу — лёгкія.Таму адным з самых эфектыўных метадаў прадухілення захворвання з’яўляецца вакцынацыя. Выкарыстанне сучасных супрацьгрыпозных вакцын дазваляе абараніць ад захворвання каля 80% дзяцей і дарослых. Толькі з дапамогай вакцыны магчыма прадухіліць эпідэмію грыпу.
Выкарыстанне народных метадаў — такіх, як загартоўванне, часнок, супрацьвірусныя прэпараты, гомеапатычныя сродкі — гэта агульнаўмацоўваючыя сродкі, яны не абароняць ад штамаў і падвідаў віруса грыпу. Вакцынацыя эфектыўна забяспечвае прадухіленне звязаных з грыпам ускладненняў, альбо змяншае іх цяжкасць.
Пад’ём захворвання на грып у нашай дзяржаве прыходзіцца на лістапад—сакавік кожнага года. У сувязі з гэтым, прышчэпку трэба зрабіць увосень. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі сфарміруецца ахоўны ўзровень антыцел супраць вірусаў грыпу. Мэтазгодна рабіць вакцынацыю кожны год, бо па-першае, новы вірус грыпу па сваіх уласцівасцях адрозніваецца ад леташняга, а, па-другое, абаронныя антыцелы выпрацаваныя пасля прышчэпкі, звычайна пасля 6-12 месяцаў, разбураюцца альбо іх колькасці становіцца недастатковай, каб абараніць арганізм ад грыпу.
Вакцынамі людзі карыстаюцца ўжо больш за 50 год, за гэты час была даказана іх бяспечнасць і эфектыўнасць. На тэрыторыі нашай рэспублікі ўсе вакцыны праходзяць кантроль якасці.
Па стане на ўчарашні дзень у нашым раёне прывіта 6783 чалавекі, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 2475 чалавек, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту — 4208, за кошт сродкаў прадпрыемстваў — 100 чалавек. Усяго запланавана прывіць 7404 чалавекі, што складае 35% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна.
Вера КУЛАКОЎСКАЯ,
урач-эпідэміёлаг
раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.