“Рассвет” нацэлены на дынамічнае развіццё

Урачыста і ў самай шчырай, сяброўскай атмасферы прайшло святочнае мерапрыемства ў гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК ў вялікім калектыве СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У Мышкавіцкім СДК сабраліся кіраўніцтва гаспадаркі, работнікі ўсіх падраздзяленняў, ветэраны працы, госці.
Віншуючы прысутных са святам, старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Багель спыніўся на вытворчых дасягненнях “Рассвета” ў бягучым годзе, адзначыўшы, што ён традыцыйна дэманструе высокія паказчыкі, у першую чаргу, у вядучых галінах гаспадаркі — раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У многім гэта звязана з дакладным прымяненнем неабходных тэхналагічных прыёмаў, але галоўнае — кваліфікаваныя кадры, якія працуюць добрасумленна, прафесіянальна і плённа, аддадзены сваёй справе.
Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых сёлета склала 57,3 ц/га, на рассветаўскіх нівах намалочана 18,4 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур, што на 2,3 тыс. т вышэй леташняга ўзроўню. Атрыманы добры ўраджай рапсу.
Працу нашых хлебаробаў, падкрэсліў старшыня, не раз карэкціравала надвор’е. Але дзякуючы ўпартасці, самаадданасці, дысцыплінаванасці такіх працаўнікоў, як Аляксандр Жылінскі, Аляксандр Бяляўскі, Мікалай Дрозд, Юрый Комар, Генадзь Бяляўскі, Аляксандр Гутараў, Дзмітрый Кахновіч, Ігар Бяляўскі і многія іншыя, у гаспадарцы дастойна былі праведзены веснавыя палявыя работы і сабраны неблагі ўраджай.
У гэтым годзе ў эканоміку “Рассвета” інвестыравана больш 15 млрд. руб. “Наша галоўная задача, — падкрэсліў Аляксандр Багель, — абнавіць асноўныя фонды, стварыць аснову для стабільнага і ўстойлівага развіцця. Гэта набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі, сучаснага абсталявання, запуск цэха мінеральнай вады, увод у эксплуатацыю новай чаргі малочна-таварнага комплексу ў в.Валосавічы, у планах таксама — будаўніцтва новага малочна-таварнага комплексу на тысячу галоў буйной рагатай жывёлы.”
Адным з галоўных прыярытэтаў у сельгас-арганізацыі застаецца развіццё малочнай жывёлагадоўлі. Удой малака на адну фуражную карову за 10 месяцаў года склаў 5489 кг, што на 316 кг больш, чым за адпаведны перыяд 2011 года. Назіраецца і рост сярэднясутачных прываг БРЖ: атрымана 762 г, плюс 58 г да ўзроўню мінулага года. Рост вытворчасці малака і мяса, заўважыў старшыня, ставіць перад гаспадаркай сур’ёзныя задачы па развіцці кармавой базы. У сувязі з гэтым, у наступным годзе плануецца ўстанавіць новую лінію па вытворчасці камбікорму.
Аляксандр Багель адзначыў руплівую працу жывёлаводаў: Тамары Слаўнікавай, Ганны Юркавец, Галіны Лёгкай, Таццяны Андросавай, Святланы Гамершмідт, Галіны Шлапаковай і многіх іншых.
Старшыня сельгасарганізацыі спыніўся таксама на іншых напрамках работы. Так, яблыневы сад сёлета даў багаты ўраджай у 680 тон, што вышэй леташняга паказчыка на 372 т. У гэтым вялікая заслуга вопытнага агранома Алены Юркавец. Сёлета закладзены яшчэ 13 га саду і закуплена саджанцаў на 253 млн. руб.
Важнае пытанне, якое вырашаецца ў “Рассвеце”, — гэта забеспячэнне захоўвання прадукцыі. Будуецца і ў бліжэйшы час будзе ўведзена ў эксплуатацыю агароднінасховішча на 1200 тон плодаагародніннай прадукцыі, плануецца набыццё лініі для сартыроўкі яблыкаў дзеля павышэння якасці прадукцыі і вывядзення на новы ўзровень рынкаў збыту.
Асаблівую надзею ўскладаюць у гаспадарцы на атрыманне эфекта ад работы біягазавай устаноўкі. Гэта і цеплаэнергія для абагрэву цяплічнага камбіната, што дазволіць скараціць спажыванне дорагакаштуючага прыроднага газу, і экалагічна чыстыя біяўгнаенні, і электраэнергія — 39 млн. квт/гадз. у год — гэта дасць дадаткова ў капілку сельгаскааператыва да 100 млрд. руб.
Аляксандр Багель выказаў упэўненасць у тым, што “Рассвет” па сацыяльна-эканамічным развіцці будзе займаць перадавыя пазіцыі ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Ён выказаў прысутным сардэчную ўдзячнасць за нялёгкую працу, вернасць выбранай справе, высокую адказнасць і ўменне дасягаць пастаўленай мэты.
Асаблівая ўдзячнасць была адрасавана ветэранам калектыву, якія прысвяцілі сваё жыццё цяжкай, але высакароднай і вельмі патрэбнай сельскай працы.
Вядучыя ўрачыстай праграмы Яўген Пішчалін і Ангеліна Падаляк агучылі вынікі спаборніцтва на веснавых палявых работах і ўборцы ўраджаю 2012 года, зацверджаныя рашэннем праўлення сельгаскааператыва, і запрасілі на сцэну для ўшаноўвання перадавікоў вытворчасці, лепшых спецыялістаў з усіх падраздзяленняў шматгаліновай гаспадаркі “Рассвета”. Прэміі кожнаму былі пералічаны на карт-рахункі.
Акцэнт быў зроблены на тым, што сёлета святкуе 20-годдзе свайго ўтварэння падраздзяленне “Тэрмапласт”, з чым шчыра павіншавалі яго калектыў.
Рассветаўцы апладзіравалі поспеху калег, ветэранам і, безумоўна, артыстам мясцовага СДК і іншым, якія падарылі ім музычныя віншаванні.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Марыны ЦВЯТКОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.