Хай будзе важкім каравай і багацее родны край!

Урачыста, з глыбокай удзячнасцю і павагай да сельскіх працаўнікоў і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу раёна было адзначана іх прафесійнае свята. Ушанаванне лепшых прадстаўнікоў галіны адбылося ў працоўных калектывах, а на галоўнай сцэне Кіраўшчыны — у раённым Доме культуры прайшло вялікае святочнае мерапрыемства, на якое былі запрошаны дэлегацыі сельгасарганізацый і прадпрыемстваў у саставе лепшых працаўнікоў і спецыялістаў на чале з кіраўнікамі, ветэраны галіны, госці. Раздзяліць з кіраўчанамі радасць свята аграрыяў прыбыла дэлегацыя з Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі.
Н а пачатку ўрачыстасці ўсе яе ўдзельнікі сардэчна віталі прысутных у зале Герояў Сацыялістычнай Працы, ардэнаносцаў, кіраўнікоў гаспадарак раёна мінулых гадоў — ім ад шчырага сэрца былі паднесены кветкі.
Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах вынеслі на сцэну святочны каравай ураджаю 2012 года — як сімвал плённай сялян-скай працы і дабрабыту.
Са словамі віншаванняў з нагоды прафесійнага свята да працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў. Гаворачы аб здабытках аграрыяў раёна ў бягучым годзе, ён адзначыў, што дзякуючы самаадданай, руплівай працы калектываў сельгасарганізацый, іх кіраўніцтва ў няпростых эканамічных умовах, назіраецца дынамічнае развіццё вытворчасці, расце дабрабыт сяльчан. Аляксандр Васільевіч акрэсліў дасягненні галіны і перспектывы яе развіцця.
Вынікам напружанай, добрасумленнай працы як кіраўніцтва Кіраўскага раёна, так і людзей сельскай працы: механізатараў, паляводаў, жывёлаводаў — стала тое, што раён па праву займае высокія радкі ў рэйтынгу па Магілёўскай вобласці і ў цэлым па рэспубліцы — гэта падкрэсліў у сваёй прамове дырэктар РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”Аляксандр Саханенка. Значны ўклад, дадаў ён, унесла Кіраўшчына ў сёлетні каравай Прыдняпроўскага краю і ў цэлым — у справу забеспячэння харчовай бяспекі краіны.
Аляксандр Саханенка выказаў упэўненасць у тым, што раён не страціць заваяваных пазіцый, даб’ецца яшчэ больш важкіх рэзультатаў, і ад імя Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, яго старшыні Пятра Рудніка і сябе асабіста павіншаваў усіх са святам і пажадаў новых працоўных перамог, трывалага дабрабыту.
Ганаровымі граматамі аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны былі ўзнагароджаны старшыня СВК “Калгас “Ніва” Іван Рыняк, аператар сушыльнага абсталявання ААТ “Кі-раўск-Лён” Алена Каранкевіч.
Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама былі ўручаны начальніку аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Івану Пігулеўскаму, трактарысту-машыністу СВК “Калгас “Свярдлова” Сяргею Фірагіну.
Эстафету ўшанавання лепшых працаўнікоў працягваў загадчык арганізацыйнага аддзела Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Грыбаноўскі. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў, што галоўная задача прафсаюзаў — клопат аб чалавеку працы, выпрацоўка і ўвасабленне ў жыццё такіх стымулаў і ўмоў, у якіх бы работнікі аграпрамысловага комплексу маглі максімальна сябе рэалізаваць. У Кіраўскім раёне, падкрэсліў ён, надаецца належная ўвага арганізацыі ўмоў працы і вытворчага быту сяльчан.
Па выніках штогадовага абласнога агляду-конкурсу па стварэнні належных умоў працы прэзідыум абкама прафсаюза работнікаў АПК прысудзіў першае месца свінагадоўчаму комплексу СВК “Чырвоны баец”. Дыплом першай ступені быў уручаны на свяце старшыні гаспадаркі Аляксандру Серакову і старшыні прафкама Іосіфу Галанцову.
Пётр Грыбаноўскі таксама паведаміў, што Кіраў-ская раённая арганізацыя прафсаюза АПК на чале з яе старшынёй Віктарам Ставерам стала лепшай па вы-ніках абласнога агляду -конкурсу сярод раённых арганізацый.
Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК быў узнагароджаны старшы камбайнер збожжаўборачнага камбайна, грамадскі інспектар па ахове працы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Бяляўскі, Ганаровымі граматамі абкама прафсаюза — начальнік аддзела гандлю і харчавання, старшыня прафкама РАПТЗ Раіса Русецкая, брыгадзір паляводчай брыгады, член прафкама СВК “Чырвоны баец” Фёдар Еўдакімаў.
Падзяка Магілёўскага абкама прафсаюза была аб’яўлена галоўнаму бухгалтару райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталлі Рымаравай. Дыпломаў абкама прафсаюза былі ўдастоены трактарыст-машыніст, грамадскі інспектар па ахове працы СВК “Калгас “Беларусь” Генадзь Волас, аператар машыннага даення кароў СВК “Добасна-агра” Антаніна Храмцова.
Вядучыя запрасілі на сцэну расійскіх гасцей: намесніка Кіраўніка адміністрацыі, старшыню камітэта маёмасных і зямельных адносін Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі Вольгу Папову, кіраўніка адміністрацыі гарадскога пасялення “Пасёлак Разуменскае” Віктара Кашкіна, генеральнага дырэктара ААТ “Аграфірма “Герцаўская” Мікалая Саўчанку.
Дэлегацыі раёна-пабраціма быў уручаны святочны каравай ад працаўнікоў Кіраўскага раёна ў знак прыхільнасці, любові і павагі.
“Мы вельмі рады магчымасці перадаць вам нізкі паклон ад усіх жыхароў нашага Белгародскага раёна і асабіста ад Кіраўніка адміністрацыі Андрэя Аляксандравіча Саўчанкі, — звярнулася да прысутных Вольга Папова. — Паміж нашымі раёнамі склаліся даўнія сяброўскія адносіны, якія доўжацца 16 гадоў. Нашы братнія народы — адзіныя, у іх адзіная гісторыя, агульная духоўная культура, у нашых людзей падобны менталітэт, яны — працавітыя, добрыя, гасцінныя, умеюць дружыць, заўсёды гатовы прыйсці на выручку. На правах даўніх сяброў мы рады вашым поспехам: усё, чым сёння ганарыцца Кіраўшчына, створана дзякуючы працавітасці і ўпартасці, розуму і таленту яе жыхароў!”
Адбылася цырымонія ўрачыстай перадачы гасцям Пагаднення паміж Белгародскім раёнам Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Кіраўскім раёнам Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь аб пабрацімскіх сувязях.
У жніўні гэтага года дэлегацыя нашага раёна выязджала ў Белгародскі раён, дзе Кіраўніком адміністрацыі Андрэем Саўчанкам было падпісана гэтае Пагадненне аб па-брацімскіх сувязях. На свяце ў Кіраўску гэты важны дакумент, падпісаны старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым, быў уручаны белгародцам. Аляксандр Осіпаў, выконваючы адказную місію, выказаў спадзяванні на плённае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі.
Прадстаўнікі Белгародчыны, у сваю чаргу, паднеслі каравай са збожжа, вырашчанага на іх шчодрай зямлі, з найлепшымі пажаданнямі кіраўчанам, і кнігу “Белгород от XVI до XXI века”.
Наступны блок святочнай праграмы прысвячаўся лідарам сельгасвытворчасці раёна. Адбылася цырымонія ўшанавання і ўзнагароджвання пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак, трактарыстаў-машыністаў за своечасовае і якаснае правядзенне вясенне-палявых работ, сяўбы азімых культур і ўздыму зябліва, а таксама спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў за 2012 год. У адрас перадавікоў гучалі шчырыя апладысмены залы, ім дарылі музычныя падарункі самадзейныя артысты раёна.
Сяльчан, работнікаў перапрацоўчай прамысловасці, ветэранаў ад імя дэпутацкага корпусу раёна, старшынь сельвыканкамаў і ад сябе асабіста павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч і ўручыла Ганаровую грамату райсавета старшыні СВК “Калгас “Свярдлова”, дэпутату раённага Савета дэпутатаў Анатолю Ланкуцю.
А ад імя прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў АПК яго старшыня Віктар Ставер уручыў Ганаровыя граматы вадзіцелю РУП “Жылічы”, грамадскаму інспектару па ахове працы Валерыю Кісялёву, аператару машыннага даення кароў, прафгрупоргу СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага Святлане Пацёмкінай, дыпломы — аператарам машыннага даення кароў СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага Валянціне Клімовіч і Алене Старушэнка, аб’явіў падзяку старшыні прафкама СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Наталлі Шапавалавай, дырэктару РУП “Жылічы” Міхаілу Агафонаву, старшыні прафкама СВК “Калгас “Свярдлова” Галіне Фірагінай.
Раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіла дыпломамі калектывы сталовых, якія смачна і якасна абслугоўваюць сельскіх працаўнікоў: СВК “Рассвет” імя К.П Арлоўскага (загадчык грамхарчу — Святлана Бяляўская), ААТ “Кіраў-скае райагра-прамтэхзабеспячэнне” (начальнік аддзела гандлю і харчавання — Раіса Русецкая), СВК “Калгас “Беларусь” (загадчык сталовай — Ларыса Буднікава).
Эстафету віншаванняў прыняў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Васіль Маркевіч, каштоўныя падарункі ён уручыў калектыву жывёлагадоўчай фермы “Барчыцы” СВК “Калгас “Беларусь”, аператару машыннага даення кароў СВК “Калгас “Ніва” Матроне Сямёнавай, прадстаўнікам ААТ “Кі-раўск-Лён”: в.а. дырэктара Уладзіміру Вербінаву, механізатарам Міхаілу Харкову, Андрэю Бяляўскаму, Уладзіміру Краўцову, здымшчыку льновалакна Вользе Вежнавец.
На сцэне адна за другой разгортваліся маляўнічыя харэаграфічныя кампазіцыі, гучалі задушэўныя песні — стварыць святочны настрой сяльчанам вельмі пастараліся работнікі культуры, калектывы дзічачых школ мастацтваў, вядомыя ў раёне выканаўцы. Віноўнікаў урачыстасці ад душы і з гумарам віншавалі маленькія жыхары раёна.
Удзельнікі і госці свята с цікавасцю знаёміліся з выставамі прадукцыі сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прад-прыемстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія былі размешчаны ў фае другога паверха РДК. А яшчэ свята стала нагодай для сустрэчы добрых сяброў і знаёмых, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, былых кіраўнікоў сельгасарганізацый з сённяшнімі спецыялістамі і працаўнікамі, якія працягваюць пачэсную справу працы на роднай зямлі, імкнучыся, каб яна прыносіла добры плён!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.