Акцыя “Міласэрнасць і кніга. Бібліятэка без межаў”

На мінулым тыдні з сяброўскім дабрачынным візітам у Лёўкавіцкі дзіцячы сацыяльны прытулак завіталі работнікі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк на чале з дырэктарам ЦБС Валянцінай Іваніцкай, а таксама чытачы бібліятэкі Алеся Нікіфарава і Марыя Куніцкая. Для выхаванцаў прытулку было падрыхтавана лялечнае прадстаўленне, праведзены конкурсы з мноствам падарункаў ад юных чытачоў дзіцячай бібліятэкі.
Пазнавальна-забаўляльная праграма пачалася з урокаў добрых паводзін. Дзеці дружна віталі лялек, Ваўка і Зайца, сумесна гатавалі чароўны рэцэпт спаўнення жаданняў, разам з Пятрушкам шукалі добры настрой. І ў гэтае цікавае падарожжа ўзялі рэчы, назва якіх пачыналася з той жа літары, што і імёны рабят. Па шляху ім усяляк перашкаджала, блытала Баба Яга, але хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі кемлівасць, далі правільныя адказы на пытанні віктарыны. Мудрая варона, якая дапамагалі ім у гэтым не прамінула пацікавіцца, ці ведаюць рабяты мясцовых птушак. І была вельмі задаволена правільнымі адказамі. А потым рабяты чыталі вершы напамяць, атрымліваючы ўзамен фігуркі з салёнага цеста для размалёўвання.
З сабой госці прывезлі цацкі і вопратку, сабраныя для выхаванцаў прытулка ў межах акцыі “Міласэрнасць і кніга. Бібліятэка без межаў”. Сярод тых, хто не баіцца адчыніць сваё сэрца насустрач дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі кіраўчанкі Ірына Елісеенка, Таццяна Куніцкая, Наталля Іваніцкая. Спецыяльныя падарункі, падабраныя індывідуальна кожнаму, выхаванцы прытулка атрымалі ад індывідуальнага прадпрымальніка Марыі Куніцкай.
Святлана БЫЛІНІНА, загадчык дзіцячага сацыяльнага прытулку:
—Наша ўстанова працуе з 2003 года. Прымаем дзяцей, трапіўшых у складанае сацыяльнае становішча, ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў з усяго раёна. За плячамі кожнага з нашых выхаванцаў — няпросты, часам трагічны лёс. І перад педагогамі прытулка ўзнікае шэраг задач, пачынаючы з аказання рабятам першай псіхалагічнай дапамогі. Канчатковая мэта, якая ставіцца перад намі і іншымі зацікаўленымі структурамі, каб дзеці вярнуліся ў свае біялагічныя сем’і. Але адных нашых намаганняў для гэтага недастаткова. Неабходна, каб і бацькі імкнуліся да гэтага. На жаль, яны рэдкія госці ў нашым прытулку. Часцей да нас завітваюць вось такія, як зараз, неабыякавыя суграмадзяне, прывозяць падарункі, рыхтуюць забаўляльныя праграмы. Ад такіх візітаў нашы выхаванцы атрымліваць шмат станоўчых эмоцый, душэўнай цеплыні, якая сагравае іх маленькія сардэчкі.
Валянціна ІВАНІЦКАЯ, дырэктар ЦБС:
— Акцыя “Міласэрнасць і кніга. Бібліятэка без межаў” разлічана на абслугоўванне ўсіх сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. Стараемся знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага чалавека. У межах праграмы цэнтральная бібліятэка адкрыла пункт выдачы кніг ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў пры РЦСАН. Двойчы ў месяц тут праводзіцца абмен літаратуры, экскурсы па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, інфармацыйныя гадзіны. У межах праводзімай акцыі інвалідам па зроку прадастаўляюцца аўдыёдыскі. Спадзяемся, што наша акцыя прыцягне ўвагу людзей, неабыякавых да праблем, тых, хто мае вострую патрэбу ў дапамозе.
… Бацькі, якія з-за ўласнай разбэшчанасці страцілі права насіць гэтае высокае званне, таксама былі дзецьмі, проста выраслі без належнага выхавання. Дзеці навучацца хлусіць, калі будуць бачыць вакол сябе няпраўду. Таму трэба быць з імі па-сапраўднаму шчырымі. Тады ўзамен яны падораць вам шмат радасці і цеплыні, павагі і клопату.
Марына ЦВЯТКОВА, навуковы супрацоўнік ЦБС раёна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.