Дзень абаронцаў Айчыны ў маім жыцці

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы пацікавіліся ў жыхароў раёна — прадстаўнікоў рознага ўзросту і роду заняткаў аб тым, якія пачуцці і думкі выклікае ў іх гэтае свята. Друкуем адказы, якія атрымалі:
Уладзімір Андрэевіч ВАРАНЧУКОЎ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар в.Боркі:
— Нездарма кажуць, што 23 лютага — свята са-праўдных мужчын, тых, хто ў гады вайны са зброяй у руках абараняў свяшчэнныя рубяжы Айчыны, тых, хто ў мірны час нясе ратную службу.
Прыгадваю сваю маладосць, у няпоўныя 17 гадоў апаленую вайной. Родам я з в.Хонава, якой зараз і на карце няма, жудасную трагедыю перажыла наша вёска Боркі… Такое забыць нельга, дараваць нельга. Падчас вайны я з сябрамі, як толькі з’явілася магчымасць, пайшоў біць ворага ў саставе партызан-скага атрада, а потым, пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў прызваны ў рады дзеючай арміі. Быў кулямётчыкам станкавага кулямёта. На фронце атрымаў цяжкае раненне, пасля якога паўгода лячыўся ў шпіталі, дадому вярнуўся інвалідам другой групы. Працаваў у лясніцтве, мясцовым калгасе.
Канешне, для нас, перажыўшых вайну, галоўным святам назаўсёды застанецца свяшчэнны Дзень Перамогі. Але ж ён стаў магчымым дзякуючы арміі, яе афіцэрам і радавым. Таму і дзень абаронцаў Айчыны — свята, якое трэба адзначаць добрымі справамі, шчырымі словамі ўдзячнасці воінам, абаронцам.
Аляксандр СІНЕВІЧ, афіцэр запасу:
— Для нашай сям’і гэты дзень па-свойму асаблівы, адзначаецца як прафесійнае свята, паколькі практычна ўсе мужчыны — і родны, і стрыечныя браты, і дзядзька, і дзядуля — кадравыя афіцэры.
Сам я пасля заканчэння Кіеўскага вышэйшага танкавага інжынернага вучылішча прысвяціў арміі дваццаць гадоў жыцця, выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка. Служыць давялося ў розных кутках былога Саюза і за яго межамі, у прыватнасці, у Забайкальскай ваеннай акрузе, Заходняй групе войск у Германіі, Паўднёва-Каўказскай ваеннай акрузе, Беларусі. Усе складанасці вайсковай службы дзяліла са мною мая сям’я. У коле сям’і, па-дамашнему цёпла і сардэчна адзначаем гэтае свята і зараз.
Сёлетняя свята адметнае яшчэ па адной прычыне. Грамадская арганізацыя “Беларускі саюз афіцэраў”, членам якой я з’яўляюся, адзначыла сваё 20-годдзе. З гэтай нагоды да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прымеркавана ўрачыстае ўручэнне найбольш актыўным членам Кіраўскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” юбілейных нагрудных знакаў.
Уладзіслаў ЧОРНЫ, 16 год:
— Асабіста я, вельмі хачу пайсці ў армію, мару служыць ва ўнутраных войсках. Лічу, што калі дазваляе здароўе, трэба прайсці армейскую школу. Гэта свя-шчэнны абавязак кожнага юнака нашай краіны. А таксама, на маю думку, добрая магчымасць праверыць сябе, свае сілы, зрабіць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Для сучасных хлопцаў армія — гэта шанц выхаваць у сабе неабходныя для сапраўднага мужчыны якасці, загартаваць свае цела і дух.
Перакананы, што многае з таго, чаму навучаць у арміі ў далейшым можа спатрэбіцца ў мірным жыцці.
Пасля службы юнакі становяцца больш дысцыплінаванымі, дужымі і адказнымі. Гэта добрая жыццёвая школа. Бачу гэта па сваіх сябрах, якія вярнуліся з арміі, яны сталі іншымі людзьмі — пастаўлеўшымі, зусім па-іншаму пачалі ставіцца да жыцця, да сваіх бацькоў.
Ірына ЕРАМЕЕВА, вядучы эканаміст аўтапарка №14:
— Традыцыйна, у нашай арганізацыі Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначаецца віншаваннямі ў адрас прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, а іх у нас ажно 65!
З фонду аўтапарка для вадзіцеляў аўтобусаў і аўтамабіляў вылучаюцца грашовыя сродкі да свята. На ўрачыстым сходзе мужчынам адрасуюцца віншаванні і пажаданні.
Асобна жанчыны з нашай адміністрацыі рыхтуюць своеасаблівыя сюрпрызы калегам: набываем сімвалічныя “мужчынскія” падарункі, рыхтуем салодкі стол з гарбатай і выпечкай.
На мой погляд, няма асаблівай розніцы, служыў мужчына ў арміі альбо не, каб павіншаваць яго з гэтым днём. Мы ж святкуем 8 Сакавіка, прысвечанае жанчынам, чаму б і прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва не мець сваё свята?! Да таго ж, усе нашы мужчыны — абаронцы — сваіх жанчын, сваіх бацькоў, сваіх сем’яў!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.