Юныя знаўцы законаў дарог

На мінулым тыдні на базе раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбыўся раённы этап спаборніцтва паміж атрадамі юных інспектараў дарожнага руху з ліку вучняў 11-ці школ раёна.
Падчас урачыстага адкрыцця конкурсу старшыня журы, начальнік АДАІ РАУС Віктар Кузьменка пажадаў рабятам удачы пры праходжанні іспытаў і веры ў свае сілы. У сукупнасці з ведамі, практычнымі навыкамі, інтэлектуальнымі і творчымі здольнасцямі, артыстызмам і пачуццём гумару, якімі валодалі ўсе каманды-ўдзельніцы, менавіта ўдача стала недастаючым кампанентам перамогі. А як вядома, удача ўсміхаецца самым смелым, самым упэўненым ў сваіх сілах і перапоўненым жаданнем стаць абсалютнымі лідарамі.
На шляху да перамогі рабятам трэба было пераадолець сем конкурсных іспытаў. Самы важны з іх — “Тэарытычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху”. За 15 мінут ЮІРаўцы павінны былі адказаць на пытанні, заснаваныя на раздзелах Правілаў дарожнага руху, якія рэгламентуюць дзеянні пешаходаў, пасажыраў, веласіпедыстаў, вадзіцеляў мапедаў, гужавых транспартных сродкаў. Пераможцамі ў асабістым першынстве, гэта значыць рашылі карты з мінімальнай колькасцю памылак, сталі вучні Дабаснян-скай СШ Вадзім Саўчанка і Дзіяна Змітровіч. Рабяты прынеслі перамогу ў гэтым іспыце і камандзе “Флікер” сваёй школы.
Практычныя навыкі канкурсантаў правяраліся на іспыце “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”. Найбольш удала яго пераадолелі вучні СШ №1 Сяргей Курганскі і Кацярына Шапоткіна. Дзякуючы Сяргею і Кацярыне каманда “Дазор” іх навучальнай установы стала пераможцай на гэтым этапе.
Іспыт “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху” прадстаўляў сабой дэманстрацыю на мультымедыйным экране фотаздымкаў дарожных сітуацый. Затым высвечваліся чатыры пранумараваных фрагменты фатаграфій, рабятам неабходна было вызначыць, які з фрагментаў не належыць зыходнаму здымку. Самымі ўважлівымі ўдзельнікамі конкурсу сталі Кірыл Шамедзька з Дабаснянскай СШ і Настасся Сахноўская з гімназіі. Па агульнай суме балаў камандную перамогу на гэтым этапе заваявала каманда “Дарожны дазор” гімназіі.
Падчас іспыту “Аказанне першай дапамогі пацярпеўшым” рабяты павінны былі паказаць сваё ўменне аказваць першую дапамогу пры парушэнні прахадзімасці дыхальных шляхоў, дыхання; неадкладных сардэчна-сасудзістых станах; крывацёках і ранах; траўмах галавы, пазваночніка, апорна-рухальнага апарату; негатыўнага ўплыву цяпла і холаду; у выпадку непрытомнасці, гарачкі і інш. Выдатныя веды прадэманстравалі Настасся Кашубская з Любоніцкай СШ і Мікіта Суднікаў з Барчыцкага ДССШ.
Падчас агітацыйна-мастацкага прадстаўлення каманды прадстаўлялі праграму, якая прапагандуе выкананне Правілаў дарожнага руху, бяспечныя паводзіны на дарогах і дзейнасць атрадаў ЮІР. Пры ацэнцэнцы выступленняў журы аддавала перавагу змястоўнасці і навізне сюжэтаў, дакладнасці і даходлівасці, арыгінальнасці падачы матэрыялу. У выніку самай лепшай атрымалася прадстаўленне каманды “Дазор” СШ №1. Гэты ж атрад стаў лідарам у конкурсе-прэзентацыі “Мой атрад”.
Самая лепшая газета атрымалася ў рабят з каманды “Дарожны дазор” гімназіі.
Калі ўсе этапы конкурсу былі пераадолены, калідоры Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі напоўніліся гарачымі абмеркаваннямі, яскравымі ўражаннямі і эмоцыямі яго ўдзельнікаў, якія чакалі рэзультатаў. Не менш горача было ў асяроддзі членаў журы: вызначаць лепшых з лепшых заўсёды няпроста. Пасля скрупулёзнага аналізу вынікаў іспытаў, дэталёвага разбору памылак і недахопаў старшыня журы Віктар Кузьменка агласіў рэзультаты і ўзнагародзіў пераможцаў Дыпломамі і падарункамі ад АДАІ РАУС. Доўгачаканую перамогу заваяваў атрад “Дазор” СШ №1, ганаровае другое месца — у атрада “Дарожны дазор” гімназіі, трэцюю прыступку п’едэстала гонару заняў атрад “Флікер” Дабаснянскай СШ.
У мінулую сераду каманда “Дазор” СШ №1 прыняла ўдзел у занальным этапе конкурсу, дзе заняла чацвёртае месца
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.