Са шчырай удзячнасцю за руплівую працу

Кіраўшчына багатая на людзей заслужаных, адметных, гераічных, працавітых, якія па праву з’яўляюцца яе гонарам і славай. У іх кагорце і поўны кавалер ордэнаў Працоўнай Славы, былая даярка калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, а зараз — персанальны пенсіянер Людміла Нічыпараўна Палевіч, якая 15 ліпеня адзначыла сваё 75-годдзе.
З віншаваннямі, падарункамі і, зразумела ж, кветкамі да Людмілы Нічыпараўны завіталі ў гэты дзень старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Піскіжаў і старшыня праўлення СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель.
Для раённага кіраўніцтва вось такія цёплыя і сардэчныя візіты да заслужаных людзей раёна ў дні іх юбілеяў — добрая традыцыя. Ніякія жыццёвыя выгоды не заменяць для людзей , сумленна працаваўшых усё свядома жыццё на карысць Радзіме, той маральнай асалоды, якую яны атрымліваюць у хвіліны публічнага прызнання іх заслуг. Вось і Людміла Нічыпараўна з лёгкім хваляваннем, але і вялікім задавальненнем сустрэла дарагіх гасцей.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў шчыра павіншаваў юбіляршу з 75-годдзем, выказаў сардэчную ўдзячнасць за шматгадовую, плённую і добрасумленную працу, адзначыў, што дзякуючы такім людзям, як Людміла Нічыпараўна, мацнела, эканамічна ўмацоўвалася, расцвітала і квітнее сёння Кіраўшчына.
Ад імя ўсіх рассветаўцаў словы віншаванняў, самых добрых пажаданняў і ўдзячнасці юбіляру выказаў старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель.
Ад прачулых слоў у віноўніцы ўрачыстасці навярнуліся слёзы на вачах, але, як і належыць чалавеку, загартаванаму працай, яна хутка справілася з хваляваннем, шчыра падзякавала гасцям. А потым паміж імі завязалася шчырая сяброўская размова. Людміла Нічыпараўна падзялілася ўспамінамі аб тым, як прыйшла ў жывёлагадоўлю, як ёй спадабалася работа і якімі, разам з тым, няпростымі былі ўмовы працы на ферме. Расказала яна і пра тое, з якой любоўю і адказнасцю яна і яе сяброўкі-даяркі заўсёды ставіліся да сваіх падапечных рагуль, імкнуліся найлепшым чынам выконваць даручаны аб’ём работы. А клопатаў у тагачасных жывёлаводаў было шмат: акрамя ручкой дойкі, трэба было пачысціць стойлы, замяніць подсціл, зноў жа ўручную разнесці жывёле корм. “Улетку праз тры — чатыры дні работы на ферме,— узгадала Людміла Нічыпараўна, — выконвалі да таго ж работы па нарадах — зграбалі скошаную “зялёнку”, разносілі каровам.”
Урэшце такое стаўленне да працы, клопат аб жывёле даваў вынік у выглядзе высокіх надояў. А з імі прыйшла і заслужаная ацэнка яе намаганняў: у 1975 годзе Палевіч была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы III ступені, праз год — ордэнам Працоўнай Cлавы II ступені, а ў 1986 годзе — ордэнам Працоўнай славы I ступені. Узнагароджана таксама медалём “За працоўную доблесць”.
А пачынала свой працоўны шлях Людміла Нічыпараўна з работы ў раённым вузле сувязі на роднай Клічаўшчыне. Пасля замужжа пераехала ў Мышкавічы, пэўны час працавала паляводам, у калгасным санаторыі і 33 гады аддала жывёлагадоўлі.
Расказваючы аб сваім жыцці і працоўнай дзейнасці Людміла Нічыпараўна падкрэсліла, што людзі яе пакалення ўмелі і старанна працаваць, не за ўзнагароды, высокую зарплату, а па сумленні, але і цікава, разнастайна адпачываць. Так, з турыстычнымі паездкамі Л.Н.Палевіч пабывала ў многіх братніх рэспубліках былога Саюза, а таксама адпачывала на Кубе, у Чэхаславакіі і Балгарыі, неаднаразова — у сваім калгасным санаторыі. Праз ўсё жыццё жанчына пранесла любоў да песні, была актыўнай удзельніцай калгаснага хора, фальклорнага калектыву “Малодушкі”. Ніколі не заставалася ў баку і ад бурлівай плыні грамадскай работы: была дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў 4-га склікання, членам райвыканкама, узнагароджана залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР.
…А ўвогуле ў гэты дзень зранку не змаўкаў у кватэры юбіляршы тэлефон, гучалі віншаванні і шчырыя пажаданні здароўя, даўгалецця ад самых блізкіх людзей — дзяцей і ўнукаў. Не абыйшло ўвагай заслужанага юбіляра кіраўніцтва Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў: віноўніца ўрачыстасцей атрымала віншавальныя паштоўкі, кветкі, падарунак.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.