Рукі на кляновым лісці

У жыцці кожнага чалавека абавязкова ёсць асоба, якой ён нечым абавязаны. І ледзь не першую ролю ў чалавечым лёсе адыгрывае настаўнік. Менавіта ён з уласцівымі яму талентам, цярплівасцю і шчырасцю ўкладвае ў кожнага вучня часцінку самога сябе, стараецца прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць “шкаляра” чалавекам, вартым свайго грамадства. Менавіта пра такога настаўніка некалі напісаў В.Д.Сухамлінскі кнігу “Сэрца аддаю дзецям”.
Прозвішча Ніны Іванаўны Барысавай вядома, бадай, што кожнаму былому выпускніку васьмідзесятых гадоў сярэдняй школы №1 райцэнтра. Здаецца, прайшло ўжо нямала часу, як я сам скончыў гэтую навучальную ўстанову, а ў памяці назаўсёды засталася Ніна Іванаўна і яе заняткі па беларускай мове і літаратуры. Сюды, на трэці паверх у змястоўна аздоблены кабінет з партрэтамі песняроў Айчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа, з картай Беларусі, што, нібы кляновы ліст, мастаколілася над дошкай, прыемна было заходзіць, каб правесці сорак пяць хвілін у свеце нечага новага і нават незвычайнага, бо настаўніца імкнулася кожны раз у час нашых сустрэч праводзіць заняткі нестандартна, імправізавана, як бы цяпер мовілі, “крэатыўна”. Вядома ж, былі напачатку і невывучаныя ўрокі, і пэўная незразумеласць некаторых пытанняў, асабліва ў напісанні дыктантаў, але з цягам часу яны вырашаліся, Ніна Іванаўна даходліва і, як здавалася, з уласцівым толькі ёй запалам растлумачвала і даводзіла да кожнага, як важна і неабходна разумець і любіць родную мову, не толькі павярхоўна чытаць, а старацца як бы “пераварваць”, прапускаць праз сябе прачытаныя творы беларускіх класікаў. А якая цішыня панавала ў класе на ўроку літаратуры, калі Ніна Іванаўна натхнёна і ўзнёсла чытала нам апавяданне “Пяць лыжак заціркі” Змітрака Бядулі! Здавалася, мы самі знаходзіліся побач з героямі твора.
І такія заняткі не праходзілі бесслядоўна. Логіка разважанняў, глыбокі розум, жыццёвая мудрасць, узважанасць і ўзвышанасць, нават пэўны артыстызм шчыра падкуплялі. Веданне Нінай Іванаўнай роднай мовы зусім не ў рамках школьнай праграмы — настаўніца карысталася ёй усюды — большасць ставілася да гэтага з глыбокай павагай і пашанай. Адно слова мажліва было казаць па-іншаму. Напрыклад, не “шчыльна”, а “шчыльненька”, вышываныя ўзоры – “дысені”, яблыкі – “гаркачыкі”…
Аднойчы ў кабінет да Ніны Іванаўны Барысавай завітаў фотакарэспандэнт раённай газеты “Кіравец”, каб сфатаграфаваць настаўніцу для выдання, як адну з лепшых. Але Ніна Іванаўна катэгарычна адмовілася, заявіўшы, што проста вельмі любіць сваю справу і заўсёды ставіцца да яе з павагай, не робячы нічога гэткага асаблівага. Здымак у газеце ўсё ж з’явіўся – настаўніца ў акружэнні сваіх вучняў.
Узгадваецца і проста выпадковая прагулка непадалёк ад школы, ужо пасля заняткаў. Стаяла цудоўнае надвор’е, быў канец верасня. У падсіненым, крыху халаднавым паветры яшчэ лётала павуцінне, а пад дрэвамі расцілаўся рознакаляровы дыван з лісця. Мы, чацвёракласнікі, збіралі з гэтага дывану самыя найпрыгажэйшыя лісты, каб пакласці іх у кнігі, а дзяўчаты рабілі з лісця букеты. Нехта з дзяўчынак працягнуў свой букет Ніне Іванаўне. Настаўніца ўсміхнулася, падзякавала і раптам пачала напамяць чытаць верш аднаго з беларускіх паэтаў пра восень…
Так, галоўным талентам нашай настаўніцы была мова: што ні слова, што ні сказ – запісвай і ўстаўляй у адпаведны слоўнік! Адны парафразы і метафары, досціпы і іранізмы, прыказкі і прымаўкі…
Нездарма вучні Ніны Іванаўны ўдзельнічалі і перамагалі ў раённых і абласных алімпіядах.
Людзі часта разважаюць, без чаго той ці іншы творчы чалавек не мог бы стаць тым, кім, урэшце рэшт, стаў. Пэўна ж, запалілася ў ім іскра Божая, талент даўся ад нараджэння… Але я яшчэ глыбока перакананы ў тым, што на жыццёвым шляху павінен сустрэцца чалавек, які здольны разгледзець у цябе талент, даць яму імпульс, дапамагчы развіцца. Нам пашанцавала сустрэць такую яркую неардынарную асобу, як Ніна Іванаўна Барысава, памяць аб якой незаўсёды захаваецца ў сэрцах удзячных вучняў.
Дзмітрый КАЛМЫКОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.