Усё пачынаецца з любові…

Больш за трыццаць гадоў педагагічнай дзейнасці Людмілы Сямёнаўны Галанцовай звязаны з Паўлавіцкай сярэдняй школай імя Г.А.Худалеева, у якую яна прыйшла працаваць пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта настаўнікам замежнай мовы.
Працуючы шмат гадоў у школе, Людміла Сямёнаўна добра ведае, што прафесія настаўніка прад’яўляе высокія патрабаванні. І хоць ён можа быць ужо на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць у школе і дбае пра ўдасканаленне педагагічнага майстэрства. Яна сцвердзіла сябе як таленавіты і эрудзіраваны настаўнік, здольны зацікавіць нас, вучняў, сваім прадметам. Заўсёды жыве з намі адным агульным жыццём: радуецца нашым поспехам, засмучаецца тады, калі і мы пачынаем перажываць праз нейкую няўдачу, а таксама разам з намі здзіўляецца і захапляецца. Людміла Сямёнаўна не толькі вучыць нас англійскай мове, але і выхоўвае пачуццё справядлівасці, абуджае веру ў свае сілы, вучыць любіць праўду і не прымаць хлусні, абыякавасці і подласці. Яна лічыць, што яе вучні — самыя дапытлівыя і старанныя, самыя лепшыя. Урокі ў Людмілы Сямёнаўны заўсёды цікавыя, незвычайныя, запамінальныя і не падобныя адзін на другі. Мы слухаем яе з вялікім захапленнем. Не ў кожнага настаўніка так атрымліваецца. Калі я спытаўся, як у яе так выходзіць, вось, што яна мне адказала: “Можна шмат ведаць, але не дайсці да сэрца і свядомасці вучняў, можна гаварыць прыгожыя і правільныя фразы, а ўвагу і пачуцці дзяцей не абудзіць. Таму адчуваю адказнасць за кожнае сваё слова, кожны ўчынак. Імкнуся, каб вы вучыліся з цікавасцю, мелі патрэбу ў творчасці, умелі думаць, аналізаваць розныя з’явы, рабіць маральны выбар, весці дыялог. Гэта так неабходна ў наш час.”
На ўроках Людмілы Сямёнаўны мы імкнёмся да творчага самавыяўлення і верым ва ўласныя сілы. Лепшыя з лепшых не раз займалі прызавыя месцы на раённых алімпіядах. Людміла Сямёнаўна любіць дзяцей, і мы адчуваем, як яна да нас ставіцца.
Прыходзіш да яе на ўрок, дзе цёпла, утульна і добразычліва. Яна заўсёды з прыемнай усмешкай, у настроі. Але мы ведаем, як яна стамляецца пасля заняткаў, а трэба прыйсці дамоў і ўзяцца за хатнюю работу, бо, жывучы ў вёсцы, без работы сядзець не будзеш.
А яшчэ Людміла Сямёнаўна ўзгадавала трох сыноў. Яны ўжо дарослыя, усе маюць вышэйшую адукацыю. Самы малодшы, як і маці калісьці, вучыцца ў лінгвістычным універсітэце. Яна дапамагла сваім сынам знайсці дарогу ў жыцці, так і сваім вучням дапамагае знайсці гэту дарогу і не разгубіцца на ёй. Вучні вераць Людміле Сямёнаўне, і ідуць за ёй і дасягаюць поспехаў. Для Людмілы Сямёнаўны залатым правілам сталі словы В.Сухамлінскага: “Настаўнік рыхтуецца да добрага ўрока ўсё сваё жыццё. Такая духоўная і філасофская аснова прафесіі. Каб даць вучню іскрынку ведаў, трэба выпіць цэлае мора святла.”
“Сцяжынка да сэрца дзяцей пачынаецца з любові, святла, чуласці і дабрыні”, — з перакананасцю гаворыць яна.
Прысвяціўшы ўсё жыццё школе, Людміла Сямёнаўна зараз узначальвае ветэранскі рух педагогаў нашай школы. Дзякуючы ёй, мы ведаем настаўнікаў школы, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Запрашаем іх на нашы школьныя мерапрыемствы, віншуем паштоўкамі са святамі. І такія адносіны да ветэранаў не толькі ў нашай школе, але ва ўсім Кіраўскім раёне, аб чым сведчыць сустрэча, якая адбылася ў нашай школе. Сустракаліся ветэраны педагагічнай працы раёна з ветэранамі педагагічнай працы, настаўнікамі і вучнямі Паўлавіцкай школы. Школьнікі арганізавалі канцэрт. А ветэраны дзяліліся ўспамінамі, чыталі вершы ўласнага сачынення, разглядалі фотаздымкі мінулых гадоў. Ад такой цёплай і добрай атмасферы ў некаторых з’яўляліся на вачах слёзы. Для мяне гэта свята засталося незабыўным, бо прасякнута яно было шчырасцю і цеплынёй.
Ветэраны-настаўнікі ўдзячныя Людміле Сямёнаўне Галанцовай за тое, што яны адчуваюць сябе заўсёды запатрабаванымі і незабытымі.
А для нас яна назаўсёды прапісана ў Краіне Дзяцінства. Яна — настаўнік з вялікай літары.
Уладзіслаў Юхноўскі,
вучань 10 класа, Міністр інфармацыі
і друку школьнага
самакіравання
Паўлавіцкай СШ
імя Г.А.Худалеева.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.