Творчы погляд на жыццё
Здаўна жанчыны былі вялікімі майстрыхамі: шылі, вязалі, плялі неабходныя ў хатняй гаспадарцы і проста прыемныя для душы рэчы. Раней гэта ўменне перадавалася з пакалення ў пакаленне, цяпер жа своеасаблівымі памочнікамі для гаспадынь з’яўляюцца часопісы і падручнікі па рукадзеллі.
У свой час кіраўчанка Людміла Бяляўская была адной з першых, хто засвоіў самы прыгожых і складаны від рука-дзелля — бісерапляценне. Яе работы не аднойчы прымалі ўдзел у розных праводзімых у раёне выставах, а таксама станавіліся прыемным падарункам да святаў блізкіх і сяброў.
І сёння творчая натура жанчыны не ведае спакою, зараз Людміла Міхайлаўна “малюе” шэдэўры з дапамогай рознакаляровых нітак і клея. На малюнак наліваецца клей і адна да адной прыкладаюцца нітачкі, якія падбіраюцца па колеры і аб’ёме, а потым ператвараюцца ў прыгожую карціну. Здаецца, што ўсё гэта вельмі проста, але на самой справе гэта работа патрабуе сапраўднага мастацкага бачання.
У яе скарбонцы ўжо некалькі такіх работ, яны ўражваюць сваёй прыгажосцю і тэхнікай выканання. Напрыклад, да надыходзячага 2014 года, які па кітайскаму гараскопу лічыцца годам Каня, Людміла Міхайлаўна зрабіла карціну з прыгожым і статным скакуном, які выклікае сапраўднае зачараванне.
Людміла ЛУКАНОВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШІНА.
На здымку: Людміла Міхайлаўна Бяляўская са сваёй творчай работай, прысвечанай надыходзячаму году Каня.