Зімовыя клопаты
Беларусі, у тым ліку і нашаму раёну, давялося адчуць на сабе ўплыў паўночнаатлантычнага цыклону “Хавер”. Мінулая пятніца была адзначана моцным ветрам, завірухай, галалёдзіцай. Не вельмі спрыяльныя пагодныя ўмовы былі і ў суботу. І толькі ў нядзелю цыклон пакінуў нашу краіну ў спакоі. Стыхія адступіла, як паведамляюць сіноптыкі, у Маскоўскую вобласць. А нам застаўся прыгожы бялюткі снежны пакроў, які нагадаў аб пачатку сапраўднай зімы.
З першым значным снегападам распачаліся зімовыя клопаты ў камунальнай і дарожнай службаў: неабходна своечасова ачысціць ад снегу дарогі, тратуары, пасыпаць іх пясчана-саляной сумессю.
Кожны снежаньскі дзень усё больш набліжае нас да Новага года. І ўжо зараз у прадчуванні свята адпаведным чынам упрыгожваюцца гандлёвыя кропкі, адміністрацыйныя будынкі, карыстаюцца попытам тавары, звязаныя з любімым для ўсіх святам, у першую чаргу, ёлачныя ўпрыгожванні, падарункі да Новага года.
На здымках: на ўборцы снегу працуюць работнікі і тэхніка УКП “Жылкамгас”; у любое надвор’е даставіць у дамы кіраўчан перыёдыку, у тым ліку “Кіравец”, паштальён гарадскога аддзялення сувязі Клаўдзія Юхнавец; навагодняя ёлка ўжо ўпрыгожыла гандлёвую залу магазіна “Дары прыроды”; набывайце навагоднія сувеніры!
Фота Максіма МІКЕШЫНА.