Аб ступені гатоўнасці да жніва

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу, было разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення ўборкі збожжавых і зернебабовых культур ураджаю 2014 года. Пасяджэнне правёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Царыкаў.

Сёлета сельгасарганізацыям раёна неабходна ўбраць: рапс — на 3314 га, збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы) — на 15690 га, кукурузу на зерне — на 1680 га. Плануецца атрымаць валавы збор збожжавых і зернебабовых без кукурузы ў бункернай вазе — 63201 т, рапсу — 7700 т, выканаць дзяржзаказ па пастаўцы збожжа ў колькасці 9440 т, масланасення рапсу — 4450 т і па прамых дагаворах — 1900 т збожжа і 3250 т масланасення рапсу.
Інфармуючы прысутных на пасяджэнні па асноўным пытанні парадку дня, галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Міхаіл Ніканаў адзначыў, што для выканання даведзеных заданняў у сельгасарганізацыях пры недахопе мінеральных угнаенняў было значна больш, чым летась, унесена арганікі, праведзены ўвесь комплекс агратэхнічных работ па догляду за пасевамі.
Для прыёмкі збожжа новага ўраджаю неабходна было падрыхтаваць і правесці дэзінсекцыю 46 складоў. Па стане на гэты дзень быў гатовы 41склад, дэзінсекцыя праведзена ў 37. Не былі завершаны работы ва ўказаным напрамку ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Ніва”, “Калгас “Свярдлова”, СГФ “Чыгірынка”, КСУП “Жылічы”.
Прааналізаваўшы выкананне работ па падрыхтоўцы збожжаўборачнай тэхнікі, Міхаіл Ніканаў падкрэсліў, што на гэты дзень з 72 камбайнаў, якія плануецца задзейнічаць на жніве, адрамантавана 50 (70% гатоўнасці). Не закончаны рамонтныя работы ў СВК “Бераснёўскі”, “Добасна-агра” (па адной адзінцы), “Калгас “Свярдлова”, “Чырвоны баец” (па дзве адзінкі), “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Ка-лгас “Беларусь” (па 3 адзінкі).
У ходзе пасяджэння была адзначана стопрацэнтная гатоўнасць зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Плануецца таксама ўвод у эксплуатацыю да 1 жніўня новых комплексаў — у “Рассвеце” і РАПТЗ.
Ва ўборачнай кампаніі ў сельгасарганізацыях будуць выкарыстоўвацца 14 аўтамабільных вагаў, з іх на гэты дзень не прайшлі паверку вагі з СВК “Ка-лгас “Свярдлова”.
Ва ўсіх гаспадарках распрацаваны ўмовы аплаты працы і працоўнага спаборніцтва на жніве-2014. На перыяд правядзення ўборачных работ выкарыстоўваецца здзельна-прэміяльная сістэма аплаты працы. Устаноўленыя расцэнкі за тону намалочанага збожжа дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад якасных параметраў выканання работ.
Прыняты неабходныя меры па арганізацыі гарачага харчавання для працаўнікоў, занятых на масавых уборачных работах. Як адзначыў Міхаіл Ніканаў, праведзены маніторынг паказаў паляпшэнне ў арганізацыі харчавання. У сталовых праведзены касметычныя рамонты, набыты посуд, спецвопратка для персаналу, абсталяваны належным інвентаром транспарт для дастаўкі гарачага харчавання.
У ходзе пасяджэння райвыканкама кіраўнікі гаспадарак, якія не забяспечылі своечасовую падрыхтоўку да ўборачных работ па асобных пазіцыях, давалі тлумачэнні прычын гэтага, а таксама далажылі, якім чынам магчыма аператыўнае вырашэнне праблемных пытанняў.
Згодна прынятага райвыканкамам рашэння кіраўнікам сельгасарганізацый неабходна да 15 ліпеня забяспечыць поўную гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў, транспарту для перавозкі збожжа, вагавага абсталявання да правядзення жніва, а таксама завяршыць ачыстку складоў і іх дэзінсекцыю.
Звернута ўвага на забеспячэнне строгага выканання правілаў аховы працы, пажарнай і транспартнай бяспекі, санітарных норм і правілаў на аб’ектах грамадскага харчавання, іншыя пытанні на перыяд уборкі збожжавых і зернебабовых культур.
РАУС і сельгасарганізацыям неабходна ўзмацніць кантроль за захаванасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін і іншых таварна-матэрыяльных каштоўнасцей падчас уборкі ўраджаю і наступнай асенняй сяўбы.
Плануецца арганізавана правесці ўборку рапсу за 7 дзён, збожжавых — за 18 дзён, кукурузы на зерне — за 20 дзён пры спрыяльных умовах.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.