Свята, на бліны багатае
Вось і закончыўся Масленічны тыдзень: старадаўні звычай адзначаць яго весела жыве і па сённяшні дзень — людзі гуляюць, спяваюць, смакуюць бліны, гукаюць вясну і ўваходзяць у Вялікі пост.
Шануюць народныя традыцыі і ў Казулічах, таму ў нядзельны дзень у мясцовым клубе было шматлюдна. Вяскоўцы сабраліся паглядзець падрыхтаваны фальклорным калектывам абрад “Заручыны”: да маладой дзяўчыны прыехаў жаніх са сватамі.
Святочны настрой прысутным узнімалі ўдзельнікі мерапрыемства: у абстаўленай у старадаўнім часе “хаце” гасцей сустракалі маці дзяўчыны з кумой. Сваты вясёлыя, з прыказкамі, гасцінцамі — іх запрашаюць за стол. Брат прыводзіць нявесту.
За сталом вядзецца размова, старэйшыя з абодвух бакоў дамаўляюцца аб вяселлі. Сяброўкі нявесты спяваюць.
Ролю маці выконвала кіраўнік фальклорнага калектыву В.Кісель, кумы — П.Свірыд, свата — А.Міхалап, сябровак — Н.Габрусь, М.Петух, В.Габрусь, моладзь прадстаўлялі Т.Кісель, В.Арэшка.
Па водгуках прысутных — Масленіца ўдалася!
Людміла МІХАЙЛАВА.