4 сакавіка — Дзень міліцыі
Старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС Надзея Лазаковіч (на здымку) — адна з кагорты тых, хто з’яўляецца прыкладам мужнасці і гатоўнасці прыйсці на дапамогу іншым, а вернасць абавязку і адданасць справе дапамагаюць выконваць складаныя задачы, пастаўленыя перад органамі ўнутраных спраў.
Па выніках работы за мінулы год яна прызнана лепшай сярод маладых супрацоўнікаў аднатыпных падраздзяленняў вобласці, а таксама — лепшым работнікам міліцыі ў спаборніцтве сярод работнікаў вядучых прафесій устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна “Лепшы па прафесіі” за 2014 год.
На пасадзе старшага оперупаўнаважанага Надзея Аляксандраўна працуе з ліпеня 2012 года, а ўвогуле ў органах унутраных спраў — з 2007 года. Атрыманыя ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь веды і назапашаны вопыт у штодзённай практыцы, адказнасць і дысцыплінаванасць дапамагаюць старшаму лейтэнанту дабівацца добрых паказчыкаў у рабоце.
Разам з іншымі супрацоўнікамі групы Надзея Лазаковіч добрасумленна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі, а таксама прымае актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку на тэрыторыі горада і сельскіх населеных пунктаў.
У складаных сітуацыях Надзея Аляксандраўна арыентуецца хутка, у лічаныя хвіліны знаходзіць правільныя шляхі іх вырашэння. Менавіта ад гэтых складаемых напрамую залежаць раскрывальнасць злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама давер жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў раёна.